Сапраўдная нагода блякаваньня Telegram — пляны Дурава на крыптавалюту, — РБК

Ілюстрацыйнае фота

Расейскае выданьне РБК здабыло ліст чыноўніка, у якім называецца нібыта сапраўдная нагода блякаваньня мэсэнджэру Telegram у Расеі: пляны заснавальніка кампаніі стварыць новую крыптавалюту.

Ліст супрацоўніка ФСБ Рамана Анціпкіна зьмяшчае, паводле выданьня, такія словы:

«Калегі, ды гісторыя наогул не пра гэта, як вы не разумееце! Гісторыя не пра ключы [шыфраваньня] і тэрарызм <...>. Паша Дураў вырашыў стаць новым Маўродзі. Запусьціўшы сваю крыпту, мы ў Расеі атрымаем цалкам некантраляваную фінансавую сыстэму. І гэта не біткойн для маргіналаў, гэта будзе проста, надзейна і бескантрольна. Гэта пагроза бясьпекі краіны <...>. Уся нарката, „абнал“, гандаль органамі пойдзе праз Пашаву крыпту, а ён будзе казаць: „Я ні пры чым, забараніце словы, іх выкарыстоўваюць тэрарысты“».

Павел Дураў, архіўнае фота

Афіцыйнай прычынай блякаваньня называлася адмова Паўла Дурава выдаць ФСБ ключы шыфраваньня перапіскі карыстальнікаў — сілавікі хацелі мець магчымасьць чытаць усе паведамленьні расейцаў нібыта дзеля барацьбы са злачынствамі і тэрарызмам.

Дураў жа заяўляў, што нават сам ён ня мае тэхнічнай магчымасьці чытаць чужую перапіску (таксама як праслухоўваць шыфраваныя тэлефанаваньні) у мэсэнджэры праз тэхнічныя асаблівасьці пратаколу шыфраваньня.

У спробах заблякаваць Telegram «Роскомнадзор» парушыў працу шмат якіх інтэрнэт-сэрвісаў у Расеі (нават зламаў уласную сыстэму), але мэсэнджэр працягвае працаваць без асаблівых праблемаў.

Альтэрнатывы Скайпу, якіх не чытаюць злодзеі і КДБ

РБК сьцьвярджае, што мае поўны тэкст ліста, а сапраўднасьць ліста пацьвердзілі «фэдэральны чыноўнік і топ-мэнэджар аднаго з апэратараў сувязі», таксама з тэкстам ліста «знаёмы суразмоўца РБК у адной з каляўрадавых установаў». Сам Анціпкін адмовіўся ад камэнтароў, на пытаньне пра свой удзел ў блякаваньні Telegram заявіў, што «яны ўсё хлусяць». ФСБ і Дураў не адказалі на пытаньні РБК.

Your browser doesn’t support HTML5

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.

Павел Дураў заявіў аб стварэньні плятформы Telegram Open Network (TON) і крыптавалюты Gram у канцы 2017 году, ужо правёў два тэставыя закрытыя раўнды выпуску валюты для абмежаванага кола інвэстараў, сабраўшы 1,7 млрд даляраў.

Пакуль ёсьць толькі намеры спалучыць крыптавалюту з мэсэнджэрам у аплатную сыстэму, але калі гэта адбудзецца, магчыма, крыптавалютай Дурава можна будзе карыстацца нават пры адсутнасьці ўсталяванага мэсэнджару. Але экспэрты адзначаюць, што блякаваньне Telegram можа запаволіць запуск крыптавалюты: барацьба з блякаваньнем вымагае часу і грошай.

У Расеі юрыдычны статус крыптавалютаў няпэўны: пакуль яны не дазволеныя і не забароненыя. У Беларусі нядаўні «IT-дэкрэт» легалізаваў крыптавалюты, але іх забаронена выкарыстоўваць як грошы.

Свабоду тэлеграмам! Спампуй стыкеры Радыё Свабода для Telegram

V значыць Vitaŭt! Спампуй новыя стыкеры Радыё Свабода для Telegram

Канал Радыё Свабода ў Telegram >>>