«Спрацаваў чалавечы фактар» — замоўнікі білбордаў «Музэі Беларусі» патлумачылі, адкуль памылкі 

Білборд з памылкамі

На вуліцы Леніна насупраць Менскага заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі «МЗОР» зьявіўся білборд, прысьвечаны музэям Беларусі.

На ім дзьве правапісныя памылкі: пасьля літары «ш» — мяккі знак («любішь»), слова «сваю» напісана праз «о» («свою»).

«Артаграфічныя памылкі на білбордзе зьявіліся таму, што спрацаваў чалавечы фактар. З-за вялікай загрузкі адказнага за праект спэцыяліста былі пераблытаныя файлы. І ў друк накіравалі памылковы варыянт», — тлумачыць куратарка праекту «Музэі Беларусі» Ксенія Тарасевіч.

У межах гэтага праекту на сайце «Музэі Беларусі» ствараюцца віртуальныя туры па музэях краіны. Падтрымлівае ініцыятыву Міністэрства культуры Беларусі.

Паводле словаў Ксеніі Тарасевіч, у хуткім часе білборды з памылкамі — а ўсяго іх у Менску тры — будуць замененыя:

«Ужо ўсё выпраўляецца, і ў хуткім часе білборды будуць замененыя. Прыносім свае выбачэньні ўважлівым чытачам і дзякуем за тое, што заўважылі памылкі».