Старшыня Белтэлерадыёкампаніі (і зь нядаўняга часу кіраўнік «Белай Русі») Генадзь Давыдзька даслаў адказ на прапанову старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва паўдзельнічаць у адзначэньні сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Рыгор Кастусёў прапаноўваў сярод іншага ствараць на дзяржаўных тэлеканалах сюжэты і рубрыкі пра БНР, зладзіць у дзяржаўнай прэсе дыскусіі і круглыя сталы, прысьвечаныя БНР, зрабіць рэпартажы пра зьвязаныя з БНР музэйныя мерапрыемствы.
У адказе Генадзя Давыдзькі сьцьвярджаецца, што БТ «таксама зацікаўленае ў максымальна аб’ектыўным асьвятленьні згодна з уласнай рэдакцыйнай палітыкай» 100-годзьдзя БНР.
Давыдзька таксама прапанаваў Кастусёву «вынесьці на шырокую публічную дыскусію ня толькі пытаньні панэгірычнага кшталту аб стварэньні БНР», але і закрануць «такія неадназначныя пытаньні, як сумна вядомы зварот Рады БНР да «Яго імпэратарскай Велькасьці Нямецкага Кайзэра» або мэмарандум старшыні БНР у эміграцыі Васіля Захаркі з заклікам да Гітлера пра падтрымку».
Чаму адразу Гітлер?
Кастусёў на Facebook адказвае: «Можна іранічна адзначыць, што ў інтэрнэт-спрэчках выкарыстаньне аргумэнту пра Гітлера ёсьць яскравым сьведчаньнем паразы ў дыскусіі: хто прыгадаў у размове нямецкага фюрэра, той фактычна прызнае, што аніякіх іншых, больш грунтоўных, аргумэнтаў у яго няма». Маўляў, акрамя гэтай тэзы іншых сродкаў «запляміць імя БНР чорнай фарбай» не існуе.
Паводле Кастусёва, мэмарандум прэзыдэнта БНР Захаркі да кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны складаўся, калі «Эўропа была ў стане паглынаньня двума таталітарнымі рэжымамі, і ўжо ў тым жа 1939 годзе саветы і нацысты разам падзялілі кантынэнт». Кастусёў піша, што «вядома, колькі мільёнаў беларускіх жыцьцяў каштавала сардэчнае сяброўства двух катаў, увасобленае ў пакце Молатава–Рыбэнтропа», а «Захарка ж, калі нацысты прыгадалі яму няўдалы дакумэнт, ад прапанаванага супрацоўніцтва зь імі адмовіўся».
«Можна і пра тэлеграму кайзэру Вільгельму паразмаўляць, і прыгадаць, якія тэлеграмы адсылалі ў Маскву бальшавіцкія кіраўнікі, у тым ліку даючы справаздачу пра колькасьць расстраляных беларусаў і пра посьпехі ў вынішчэньні беларускай мовы. І як гандлявалі беларускай зямлёю, аддаючы яе ў заклад то ў Берасьці, то ў Рызе, або па іншых дамовах», — піша Кастусёў.
Старшыня БНФ сьцьвярджае, што ў партыі яшчэ шмат людзей, якія змагаліся з Гітлерам і нацысцкай навалай са зброяй у руках».
Пры чым Кайзэр і Гітлер да БНР. Сяргей Шупа адказвае кіраўніку БТ
«Пэўныя асаблівасьці ідэалёгіі»
Кастусёў таксама мяркуе, што адказ Давыдзькі і іншыя публікацыі апошняга часу (як «ліст настаўніцы супраць нацыянальнага ўнівэрсытэту») сьведчаць пра «пэўныя асаблівасьці» цяперашняй ідэалягічнай лініі беларускіх уладаў і прапануе выкарыстоўваць гэтыя асаблівасьці, каб «ператварыць гібрыдную беларусізацыю ў сапраўдную».
«Сама беларуская мова ці, скажам, „Пагоня” перастаюць быць для ўладаў варожым маркерам, — разважае Кастусёў. — Ня зь нейкай ідэалягічнай эвалюцыі, а з простых, практычных меркаваньняў. Тэма БНР для іх прымальная ў якасьці таго, што можна скарыстаць для абгрунтаваньня ўстойлівасьці рэжыму і кансэрвацыі яго ў якасьці звыкла-панурай, нязьменнай стабільнасьці.
Гэта як у савецкія часы, калі паўстаньне Каліноўскага трактавалася ў рэчышчы камуністычнай ідэалёгіі ня як нацыянальна-вызвольная барацьба, а праз прызму клясавай барацьбы».