У мястэчку Чысьць Маладэчанскага раёну 21 студзеня цягам чатырох гадзін — з 19:00 да 23:00 — не было сьвятла. Прычына — спроба крадзяжу правадоў.
Людміла Мірзаянава са спасылкай на сына паведаміла ў Фэйсбуку, што ў пасёлку Чысьць Маладэчанскага раёну і па ўсім навакольлі згарэла лінія электраперадач.
«Няма сьвятла, вады, цяпла. Людзі разьяжджаюцца па кватэрах сваякоў, якія жывуць у непацярпелых раёнах. А што рабіць тым, у каго такіх сваякоў няма? Што здарылася?»
Сапраўды, аварыя мела месца, паведамілі Свабодзе ў Мінэнэрга Беларусі, а прычынай сталася, мабыць, спроба скрасьці правады электраперадач. Прадстаўнік управы інфармацыйных сувязяў прадпрыемства Аляксандар Малькоў паведаміў:
«На дыспэтчарскі пункт Маладэчанскіх электрасетак паведамленьне пра адключэньне лініі ў 110 кВт, якая сілкуе высакавольтную падстанцыю ў пасёлку Чысьць Маладзечанскага раёну, паступіла ў 19:00 21 студзеня. Таксама паступалі паведамленьні ад мясцовых жыхароў пра абрыў проваду высакавольтнай лініі электраперадач. Аварыйная брыгада, якая выехала на месцы здарэньня, высьветліла, што адбылося падзеньне проваду высакавольтнай лініі, які быў выведзены з шэрагу дзейных, на дзейныя правады. Абрыву правадоў, якія заставаліся пад напружаньнем, не адбылося. Падача электраэнэргіі ў пасёлак Чысьць была адноўленая к 23:00 гэтага ж дня».
Як паведаміў Аляксандар Малькоў, меркаванай прычынай аварыі сталася спроба невядомых асобаў скрасьці абясточаныя правады. Цяпер на месцы здарэньня працуе апэратыўная група Міністэрства ўнутраных спраў.