Магілёўскі праваабаронца Валадар Цурпанаў не адзін год даймае дзяржаўныя ўстановы скаргамі ды зваротамі. Сваімі лістамі на беларускай мове актывіст выкрывае хібы ў розных сфэрах жыцьця, бароніць сябе і іншых.
Абарону правоў актывіст лічыць сваім пакліканьнем, а беларускамоўнасьць — рэпрэзэнтацыяй беларускага заўтра. Цяперашняя ж дзяржаўная сыстэма, на ягоную думку, не адпавядае прынцыпам дабра і справядлівасьці.
Паводле пашпарта Цурпанаў — Уладзімер, але сваё імя, каб гучала больш па-беларуску, ён перайначыў на Валадара, і нават у судах яго называюць «Валадар Іванавіч», асабліва калі працэсы вядуцца на белрускай мове. У Магілёве толькі аднаму Цурпанаву ўдаецца дамагчыся беларускамоўных судовых паседжаньняў.
Раблю тое, што больш карысна для будучыні Беларусі
З Валадаром гутарым у адным з пакояў яго сямейнага жытла. На стале пры кампутары процьма тэчак з матэрыяламі, з фатаздымка пазіраюць гаспадар з жонкай Ірынай. Частку кніжнае паліцы, што побач са сталом, займае архіў спраў.
Нярэдка Валадару даводзіцца тлумачыць, чаму ён даймае скаргамі дзяржаўных службоўцаў, судзіцца зь імі. Нямала знаёмцаў лічаць, што каб меў юрыдычную адукацыю, быў бы выдатным адвакатам. Імпэт Валадара стварае ўражаньне, што яму падабаецца ягоны занятак.
«Ні халеры мне гэта не падабаецца! Я вымушаны гэтым займацца, бо ў краіне няма закону, у тым сэнсе, што ня дзеіць норма для ўсіх аднолькава справядлівая, не зважаючы на тое, хто ты ёсьць. Па-другое: ня маю чым заняцца больш плённым і карысным для краю, для будучыні Беларусі. Я спрабаваў кінуць гэты занятак, але натура брала сваё, і я вяртаўся. Можа, гэта маё пакліканьне?» — кажа праваабаронца.
«Трэба не забываць, у якой краіне мы жывём, — працягвае ён. — Мы жывём ня ў тых умовах, у якіх хацелася б, і мажлівасьці нашы вельмі абмежаваныя. Менавіта таму сваім падапечным кажу: “Мы можам выйграць у сыстэмы толькі ў адным выпадку, калі ёй гэта будзе выгадна”. Я не выключаю гэтак званага чалавечага фактару, калі чалавек, убудаваны ў сыстэму, зробіць штосьці на карысьць грамадзяніна.
Судзьдзя, напрыклад, прыме правасуднае рашэньне, а пракурор апратэстуе неправасуднае. Аднак гэта адбываецца дужа рэдка. Ва ўмовах кумаўской сыстэмы дзеіць фактар карысьці для інтарэсаў сыстэмы, і службовец свае інтарэсы прыстасоўвае пад яе. У такім выпадку сыстэма плаціць яму ўдзячнасьцю: добрымі пасадамі ды заробкамі», — кажа праваабаронца.
Хворы на справядлівасьць
У адным з камэнтароў Цурпанава залічылі ў «хворыя на справядлівасьць». Ці слушна? — пытаюся ў суразмоўцы.
«Тое, што я раблю, у пэўных рамках можна назваць хваробаю, — кажа ён. — Толькі трэба зважаць, што яна кантраляваная і асэнсаваная.
Яе сымптомы — пастаянны сумнеў. Я вымушаны задаваць увесь час сабе пытаньне: „Ці варта рабіць тое, што раблю?“. Я ж дапускаю думку, што магу памыліцца ў ацэнцы сытуацыі… Нейкія дзеяньні я мушу рабіць, каб атрымаць хоць нейкае апірышча, каб зь яго ў іншым месцы мець зьмены. Пяць інстанцыяў, напрыклад, атакуеш, у адной маеш каліва саступак, а ў шостай атрымліваеш сякі-такі посьпех або змушаеш гэтую дзяржаўную структуру да зьменаў».
Дзьве апошнія адміністрацыйныя справы Валадар лічыць пасьпяховымі. У першай актывіст змусіў адступіць міліцыю, якая пагражала штрафам
Разгляд спраў у міліцыі — зьдзек з права
«Што тычыцца абвінавачаньня за гэтак званы ілжывы выклік міліцыі, то гэты працэс пэўна пасьпяховы!» — кажа Валадар. — У маёй практыцы гэта быў першы нармальны ў працэсуальным пляне разгляд адміністрацыйнай справы ў міліцэйскім пастарунку. Ня ведаю, ці меў хто да мяне дагэтуль такі досьвед. Ён быў вельмі цікавы і каштоўны.
Разгляд адміністрацыйных спраў у міліцэйскіх пастарунках — гэта зьдзек з права. Мне, аднак, удалося змусіць адзін з элемэнтаў сыстэмы — міліцыю, якая ўяўляецца найбольш нясхільнай да зьменаў, дзеіць у рамках працэсуальнага заканадаўства. І гэта змусіла Ленінскі аддзел міліцыі закрыць справу, каб толькі ад мяне адчапіцца.
Другую справу таксама лічу посьпехам. Упершыню ў маёй практыцы я хацеў быць асуджаным. Каб суд адбыўся і быў вырак. Каб змусіць структуры, якія спрычыніліся да майго зьняволеньня, да пераменаў, ці хаця б каб яны выбачыліся перада мною за незаконныя дзеяньні сваіх супрацоўнікаў.
Судзьдзя вымушаная была шукаць салямонава рашэньне. Выйшла ні нашым і ні вашым. І хоць я застаўся паводле выраку правапарушальнікам і мая віна нібыта даказаная, у мяне зьявілася магчымасьць пакараць тых, хто незаконна мяне зьняволіў на 29 гадзін.
Для сыстэмы максымальнае агучваньне праблемы — самая вялікая пагроза. Розгалас прымушае зусім іначай успрымаць любое дзеяньне па абароне правоў. І гэты сродак я актыўна выкарыстоўваю».
Чыноўніцкія «ахвяры» Цурпанава
У дзяржаўных установах стаўленьне да праваабаронцы пакрысе мяняецца. Як ён кажа, напачатку яго беларускамоўныя скаргі і беларуская гаворка ўспрымаліся як дзівацтвы:
«Трэці год пайшоў майго сноўданьня між судамі, пракуратурай, міліцыяй, адміністрацыямі, электроннага ліставаньня з рознымі ўстановамі і інстанцыямі. Спачатку зьмены ў стаўленьні назіраліся ў супрацоўнікаў нізавога зьвяна. Напрыклад, у сакратароў судовых канцылярыяў і судовых пасяджэньняў. Яны былі першымі ахвярамі майго ўплыву. Напачатку я спатыкаў у іх халоднасьць, прыглушаную агрэсіўнасьць. Але ж яны, я думаю, праглядалі мае скаргі, ведалі пра наступствы маіх паразаў на судах, зь якіх было зразумела, што я ахвяра сыстэмы. І сакратаркі пачалі мне спачуваць», — кажа Цурпанаў.
«З супрацоўнікамі міліцыі таксама падобнае назіраецца, — працягвае ён. — Спачатку яны мяне ўспрымалі як ворага. Але калі ім даводзілася мець справу з маімі скаргамі, то стаўленьне паволі мянялася. Некаторыя нават спрабуюць завязаць камунікацыю.
У мяне пытаюць пра крыніцы маёй беларускасьці, пра школу, і закладаецца выспачка для таго, каб чалавек у форме разьняволіўся, выказаўся. Па сутнасьці, яны ж у гэтай сыстэме таксама ахвяры, незалежна ад таго, як высока знаходзяцца, і скарыстоўваюць нагоду, каб выказаць сваю незадаволенасьць.
Салідарызацыя са мною як з асобаю, з маім паходжаньнем, месцам нараджэньня (я ж зь вёскі, у вясковай школе вучыўся, адсюль і мова) — гэта зь іх боку праява людзкасьці. Усе ж людзі хочуць быць добрымі, каб іх паважалі, і самім паважаць сябе таксама», — кажа праваабаронца.
Пракуроры баяцца гаварыць па-беларуску
Паводле Цурпанава, супрацоўнікі пракуратуры найбольш вылучаюцца сваёй непрыхільнасьцю да беларускасьці:
«Дзяржаўная сыстэма жахлівая тым, што чалавек, які надзеў мундзір, выключае ў сабе людзкасьць і пачынае дзеіць, як машына. У пракуратуры гэта набыло вычварэнскія формы.
Напрыклад, я прыйшоў на прыём да супрацоўніка, зь якім я не знаёмы. Напачатку чую камплімэнт, а калі прапаную перайсьці на беларускую мову — адразу мяняецца стаўленьне. Чалавек узгадвае свой статус службовай асобы вельмі важнага органу і робіць выснову, што нельга саступаць, бо іначай пракуратура будзе выглядаць непрыстойна. Былі выпадкі агрэсіі, нахабства і цынізму. Гэта найбольш уражвае і прыгнятае.
Дыктатура, калі яна існуе працяглы час, вядзе да падзеньня ўзроўню функцыянальнай граматнасьці. Людзі, якія ўсьведамляюць сваю прафэсійнасьць як адмыслоўцы, маюць уяўленьне пра гонар і годнасьць, у такіх установах не затрымліваюцца. А гэта азначае, што сама структура дэградуе», — кажа суразмоўца.
Няма ўстаноўкі, што будуем беларускую дзяржаву
А ці назіраецца больш цярпімае стаўленьне дзяржавы апошнім часам да беларускай мовы? — пытаю ў Валадара. Пачалі ж гаварыць пра мяккую беларусізацыю. Ці агрэсіўнасьць усё ж захоўваецца?
«За больш як 25 год практыкі беларускамоўнага жыцьця я зрабіў выснову, што ступень агрэсіўнасьці да беларушчыны залежыць ад кіраўніцтва ўстаноў ды арганізацыяў. Мае значэньне і тое, якую сфэру жыцьця кантралюе тая ці іншая структура, — адказвае ён. — Тыя структуры, якія маюць функцыі нагляду ды кантролю, больш жорстка ставяцца, напрыклад, да маёй беларускасьці.
Суд, адміністрацыі, нават кіраўніцтва прадпрыемстваў — мякчэйшыя, дазваляюць сабе саступіць, часам нават з прыемнасьцю. Як бы там ні было, зямля, краіна прымушае людзей асэнсоўваць шчасьце моманту ад сутыкненьня з кімсьці, хто гэтую зямлю рэпрэзэнтуе. Бракуе пакуль адзінага: дакладнай дзяржаўнай устаноўкі, што мы будуем беларускую дзяржаву.
Калі ж казаць пра „мяккую беларусізацыю“, то гэта праявы таго, што будзе заўтра, а ў кабінэтах мы спатыкаем учорашні дзень. І ў гэтым дысанансе знаходзісься ўвесь час.
Сытуацыю сёньняшняга дня я разглядаю як пераходную, — кажа актывіст. — Гэты этап можа быць дужа доўгі, але ён дакладна пераходны, бо ад глябальных выклікаў мы нікуды не ўцячэм. Калі сказана, што Беларусь — дзяржава, то гэта вымагае адметнасьці. Беларушчыны вымагаюць законы дзяржаўнага будаўніцтва. Трэба ўнутрана і вонкава адпавядаць таму, чым назваліся. Як назваліся б Расеяй-2, тады б на вуліцы мы пабачылі ў той бок і рух.
Беларускасьць для мяне — дадатковая адказнасьць, бо я памятаю, што мяне ўспрымаюць як носьбіта, парлямэнтэра таго беларускага заўтра, якое мае паўстаць.
Чалавек, які гаворыць па-беларуску, падсьвядома ўспрымаецца як адметны. Ён адолеў страх і пачаў гаварыць па-беларуску».
Жыць зь няўрымсьлівым чалавекам цяжка
Чым даводзіцца ахвяраваць, паглыбляючыся ў грамадзкую дзейнасьць? Хто найперш цярпіць ад яе?
«Сям’я найбольш пакутуе ад ненапоўненасьці жыцьця звычайным шчасьцем, у разуменьні простага чалавека. Блізкім з гэтым складана мірыцца. Трэба мець пэўнае стаўленьне, каб ісьці поруч з чалавекам, які ідзе ў невядомым табе кірунку. Так, страшна, але што рабіць, калі ты з такім чалавекам?»
«Першая ахвяра — гэта жонка, — прызнаецца Валадар. — Жыць зь няўрымсьлівым чалавекам цяжка, гэта стварае канфлікт. І, вядома ж, не абыходзіцца без звычайных сямейных спрэчак і скандалаў.
Сёстры, брат спачуваюць. Ім за мяне страшна, таму яны незадаволеныя тым, чым я займаюся. Аднак ужо здавён, калі ў мяне выявілася прага да справядлівасьці, яны пагадзіліся з маім выбарам і ніколі не спрабавалі паставіць яго пад сумнеў».
У школе да апошняга трымаўся беларускасьці
Валадар нарадзіўся ў невялікай вёсцы за дваццаць кілямэтраў ад Магілёва. Паводле праваабаронцы, паратункам беларускамоўя ў паселішчы была пачатковая беларускамоўная школа.
«Калі я пайшоў у школу суседняй вёскі, то недзе ў пятай клясе нас пачалі пераводзіць на расейскую мову навучаньня. Падручнікі былі на дзьвюх мовах, але настаўнікі абралі расейскамоўныя, і, зразумела, дзеці і ня думалі пра тое, што трэба застацца ў беларускай мове. Пазьней мне казалі аднаклясьнікі, што я адзіны, хто адказваў у школе ўсе прадметы па-беларуску, прынамсі, пакуль былі беларускія падручнікі», — кажа Валадар.
Беларуская мова — не калгасная
«У горадзе, калі я паступіў у палітэхнікум, я сутыкнуўся з агрэсіяй. Да беларускай мовы ставіліся як да прыкметы “калхознасьці”. І я загаварыў па-расейску. Пасьля войска ў мяне не было спатканьняў зь беларускасьцю, але было ўнутранае незадавальненьне бракам беларускай патрыятычнасьці.
Гімн БССР выклікаў пачуцьцё нутранога ўзрушэньня, і я разумеў, што гэта адзіная праява нашай уласнай чыннасьці. Калі пачалася перабудова і паўстаў Фронт, для мяне гэта сталася апірышчам вяртаньня да беларускасьці».
«Магчыма, тыя пяць школьных беларускіх год заклалі падмурак, і яны спрацавалі, калі ўмовы перамяніліся на спрыяльныя. Беларушчына дапамагла ўгледзець і асэнсаваць наканаваньне, якому я і служу».