Група актывістаў сабралася ўдзень 24 траўня на беразе Цнянскага вадасховішча ў Менску на флэшмоб супраць зьнішчэньня зялёнай зоны пад будоўлю аздараўленчага цэнтру. На гарах пяску на будоўлі яны выстаўляюць фота жывёлаў, птушак і расьлінаў, якія жылі ў лесе, распавядаюць пра парушэньні заканадаўства, дапушчаныя пры пачатку будоўлі, і патрабуюць пакараць вінаватых.
«50 відаў птушак, 16 — дрэваў. Іх можа забіць адзін чыноўнік», — кажа адзін з плякатаў.
У акцыі бяруць удзел актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, усяго да 10 чалавек, мілцыянты ў цывільным робяць відэафіксацыю, але не замінаюць. Яшчэ два міліцыянты ў форме трымаюцца воддаль.
Праціўнікі будоўлі сьцьвярджаюць, што яна пачалася без узгадненьня з грамадзкасьцю і без адпаведнага ўказу. Актывістка Вольга Маёрава зьвяртае ўвагу на тое, што указ аб выдзяленьні зямлі, які падпісаў Лукашэнка, не апублікаваны. Паводле дакумэнтаў будаўнікоў ужо зьнішчана расьліннасьць на 2,5 га лесу і паляны, але актывісты не выключаюць, што плошча павялічыцца.
«Тут жылі дзясяткі відаў птушак і жывёлаў, якія мусяць адсюль сыйсьці назаўсёды. Гэта ня кажучы пра тое, што тут адпачывалі сотні жыхароў Зялёнага Лугу. Будоўля, як пухліна, усё зьнішчае. Чыноўнікі даюць дазволы на такія будоўлі насуперак закону», — кажа Дзяніс Красачка з АГП.
Раней актывісты сабралі і перадалі ў Менгарвыканкам дзьве зь лішнім тысячы подпісаў супраць будоўлі, пасьля флэш-мобу будуць зьбіраць подпісы надалей.
На Цнянскім вадасховішчы ўжо ёсьць адзін тэнісны цэнтар — УП «Клюб тэнісу», што на скрыжаваньні вуліц Кальцова і Падольскай.
* * *Карэспандэнт Свабоды быў на месцы будоўлі тэніснага цэнтру месяц таму. За гэты час плошча будаўнічай пляцоўкі павялічылася ўдвая, але яна па-ранейшаму ніяк не абазначаная, таму можна меркаваць, што гэта яшчэ не канчатковыя межы ўчастку, які забяруць у прыроды.
На пляцоўцы бліжэй да лесу будаўнікі пачалі рыць катлаван, тут працуе магутная тэхніка, равуць экскаватар і самазвалы. Відаць, менавіта тут будзе стаяць адміністрацыйны будынак тэніснага цэнтру і гатэль. Па пэрымэтры пляцоўкі зваленыя велізарныя валуны — як напамін пра некранутую калісьці прыроду. Роварная дарожка, якая праходзіла побач, канчаткова апынулася ў межах будоўлі, рухацца па ёй на ровары ўжо ніяк немагчыма. Адпачывальнікі заходзяць сюды, ужо толькі каб паглядзець на будоўлю ды пашкадаваць. «Няма таго, што раньш было».