Разьвітаньне з Аляксандрам Ціхановічам адбудзецца 30 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, паведаміў БелТА міністар культуры Барыс Сьвятлоў. Канкрэтны час пакуль удакладняецца.
Ціхановіч нарадзіўся 13 ліпеня 1952 года ў Менску. Скончыў Беларускую кансэрваторыю. З 1973 года быў удзельнікам папулярнага на той час вакальна-інструмэнтальнага ансамблю «Верасы», дзе ён граў на бас-гітары і трубе, а таксама выконваў вакальныя партыі. З адной з удзельніц «Верасоў», Ядвігай Паплаўскай, ён пазьней ажаніўся.
Пасьля перамогі на конкурсе «Песьня 88» разам Ціхановіч стварыў дуэт з Паплаўскай. Разам з жонкай Ціхановіч граў у гурце, стварыў тэатар, а потым і прадусарскі цэнтар. Празь яго прайшлі Аляксандар Саладуха і «Ляпіс Трубяцкі».
Ціхановіч меў тытул Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь і Народнага артыста Беларусі. Ён таксама зьняўся ў сямі фільмах. У «Яблыку месяца» ён выконваў галоўную ролю.
«Завіруха» ў выкананьні Аляксандра Ціхановіча і Ядзьвігі Паплаўскай неаднойчы гучала ў сьценах калёніі ўзмоцненага рэжыму УЖ 15/1. Андрэй Клімаў неаднойчы казаў у час першага зьняволеньня, што за гады ў турме не згубіў амаль ніводнага сябра. Аляксандар Ціхановіч і Ядзьвіга Паплаўская з гэтых шэрагаў. Артысты, звонку ляяльныя да лукашэнкавага рэжыму, не пабаяліся наведаць у калёніі апазыцыйнага палітыка.