Беларусіст Адам Мальдзіс зьбірае круглы стол, прысьвечаны ініцыятыве кананізацыі беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Першае паседжаньне адбудзецца 29–30 траўня ў рамках Кангрэсу беларусістаў сьвету, які пройдзе ў Менску.
Пасьля абмеркаваньня, у якім возьмуць удзел навукоўцы і рэлігійныя дзеячы, выпрацаваныя прапановы аб кананізацыі беларускага першадрукара і перакладчыка Бібліі на беларускую мову перашлюць кіраўнікам і каталіцкай, і праваслаўнай цэркваў.
«Мы ставім усур’ёз прэтэнзію аб кананізацыі Францішка Скарыны. Стваральнікі славянскага пісьменства Кірыла і Мяфодзій ужо даўно кананізаваныя. Мяркуем, што Францішак Скарына таксама варты гэтага», — заявіў Адам Мальдзіс Радыё Свабода.
Адам Мальдзіс лічыць, што Скарына як сьвяты мае належаць і праваслаўным, і католікам, і ўніятам, гэтаксама як Эўфрасіньня Полацкая.
Паводле інфармацыі суполкі, прысьвечанай кананізацыі Францішка Скарыны ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, сябры ініцыятыўнай групы ўжо правялі перамовы пра свой плян з айцом Уладзіславам Завальнюком.
Рашэньне пра кананізацыю выносіцца на найвышэйшым узроўні. Для каталіцкай царквы, у прыватнасьці, гэта вырашае Ватыкан. Але любая краіна можа стаць ініцыятарам таго, каб яе прадстаўніка далучылі да сьвятых. Як распавёў Радыё Свабода прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько, для Беларусі было б вельмі важна займець яшчэ аднаго сьвятога — гэта б сьведчыла пра асаблівасьць беларускай зямлі:
Для людзей вельмі важна, каб на іх зямлі быў сьвяты
«Касьцёл вельмі добра ставіцца да такой ініцыятывы. Калі будзе арганізаваны круглы стол у пытаньні кананізацыі Францішка Скарыны, то наш прадстаўнік возьме ўдзел. Я магу толькі пажадаць нашым мэцэнатам-беларусам посьпеху і Божага бласлаўленьня, каб гэтая справа ўдала завяршылася і наша зямля праславілася яшчэ адным сьвятым. Для людзей вельмі важна, каб на іх зямлі быў сьвяты. Таму што сьвятыя — прыклад таго, як жыць з Богам у штодзённай мітусьні. Нам сёньня як ніколі патрэбныя добрыя прыклады сьвятасьці. Хоць мы бярэм прыклад і молімся ўсім сьвятым, незалежна ад краіны, адкуль яны паходзяць, усё роўна беларусам важна ведаць, што сьвятым стаў чалавек, які тут нарадзіўся, тут жыў».
Аднак, паводле ксяндза Юрыя Санько, у каталіцкай традыцыі кананізацыя — вельмі доўгая і складаная справа, бо патрабуе дасьледаваньня архіўных матэрыялаў, а таксама сьведчаньняў пра цуды, зьвязаныя з асобай, якую прапануецца кананізаваць:
«Трэба вывучаць вельмі шмат дакумэнтаў, архіўных зьвестак, а таксама сьведчаньні пра цуды, якія здарыліся з тымі, хто прасіў заступніцтва ў чалавека, які прэтэндуе на кананізацыю. Кананізацыя заўсёды адбываецца на ўзроўні паўсюднага Касьцёлу: у Беларусі дзейнічае адмысловая камісія, вынікі свайго дасьледаваньня яна накіроўвае ў Ватыкан, дзе рашэньне пра кананізацыю выносіць папа Рымскі».
Тэоляг, рэдактарка сайту «Царква» Натальля Васілевіч кажа, што сярод праваслаўных сьвятароў ініцыятыва Адама Мальдзіса выклікае іронію — Францішак Скарына ня можа быць кананізаваны за тое, што першы надрукаваў Біблію на беларускай мове, бо гэта занадта важны грамадзянскі чын, каб адкінуць яго і сканцэнтравацца на духоўных дасягненьнях асобы:
«Францішак Скарына даўно кананізаваны — толькі ў грамадзянскім сэнсе. Яго асоба для ўсіх беларускіх цэркваў мае вялікую значнасьць і пэўным чынам шануецца. Але кананізацыя — гэта рэлігійны працэс, а не грамадзка-палітычны. І хоць у гісторыі царквы ёсьць выпадкі кананізацыі палітычных дзеячоў, на маю думку, трэба адыходзіць ад такой практыкі і больш зьвяртаць увагу на пабожнае жыцьцё і рэлігійную дзейнасьць. Тым больш што нават падчас кананізацыі палітычных дзеячоў іх грамадзкая дзейнасьць выносіцца за дужкі, а падставай для кананізацыі становяцца факты, якія сьведчаць пра выключную веру, пакуты ці пакаяньне. Выданьне Бібліі ня робіць яе выдаўца сьвятым самім па сабе. А жыцьцё Скарыны як верніка слаба дасьледавана, і таму пакуль няма падстаў казаць пра выключную сьвятасьць ягонага жыцьця. Я зь вялікай пашанай стаўлюся да ініцыятывы спадара Мальдзіса, але кананізаваць Скарыну немагчыма. Ён вельмі значная грамадзка-палітычная фігура, і адкінуць яе грамадзкі чын ня ўдасца».
У сваёй прапанове Адам Мальдзіс спасылаецца на кананізацыю вынаходнікаў славянскага пісьменства Кірылу і Мяфодзія і кажа, што паводле гэтага ўзору варты далучэньня да сьвятых і Францішак Скарына. Натальля Васілевіч пярэчыць: Скарына, у адрозьненьне ад сваіх калегаў, друкаваў Біблію, займаючыся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а не выконваючы місію царквы:
Кананізаваць Скарыну немагчыма
«Кірыла і Мяфодзі належалі да царквы і сваю дзейнасьць рабілі ў межах царкоўнага служэньня. А Скарына — гэта ўвогуле альтэрнатыва клясычнай царкоўнасьці, менавіта таму яго часта называюць пратэстантам. Так, ён выдаў Біблію. Але, магчыма, не таму, што асэнсоўваў яе значэньне ў рэлігійным рэчышчы, а таму, што гэтая кніга была знакавай у культуры тагачаснага грамадзтва. Тое, што рабіў Скарына, было таксама і бізнэсам. Ён хацеў зрабіць кнігу больш даступнай, арыентаваўся на спажыўца».
Натальля Васілевіч адзначыла, што тым, хто мае жаданьне папулярызаваць асобу Францішка Скарыны, ёсьць дзе разгарнуцца і па-за межамі Царквы — напрыклад, можна рабіць кампанію з мэтай вярнуць яго імя галоўнаму праспэкту ў Менску:
«Пачынаць кампанію па кананізацыі Скарыны ня мае сэнсу, яна ня дасьць выніку. Лепей зрабіць кампанію, каб галоўнаму праспэкту Менску вярнулі імя Францішка Скарыны, ці сабраць грошы на пераклад Бібліі на сучасную беларускую мову. У хуткім часе адзначым 500-годзьдзе выхаду яго першай кнігі. І гэтая дата — добрая нагода для такіх ініцыятыў».
Радыё Свабода таксама зьвярнулася ў Менскае епархіяльнае ўпраўленьне Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзе паабяцалі пракамэнтаваць ідэю Адама Мальдзіса сёньня ўвечары.