Ці магчымая ў Беларусі народная барацьба з карупцыяй?

Нягледзячы на новы антыкарупцыйны закон, у беларускага грамадзтва ўсё яшчэ няма сродкаў для кантролю над карупцыянэрамі.

У Беларусі ад 24 студзеня набыў сілу новы закон аб барацьбе з карупцыяй. А барацьба тая патрэбная: Беларусь у рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі — на 107-м месцы ў сьвеце, побач з Кот д’Івуарам.

Закон, сярод іншага, уводзіць інстытут грамадзкага кантролю для барацьбы з карупцыяй і вызначае формы ўдзелу грамадзянаў у яго дзейнасьці. Што гэта значыць на самой справе?

Інстытут увялі, інструмэнты ня выдалі — Кавалкін

У законе не прапісана, як менавіта грамадзяне могуць кантраляваць чыноўнікаў, кажа аналітык праекту BIPART Уладзімер Кавалкін, кіраўнік праектаў «Кошт ураду» і Open Tenders:

Уладзімер Кавалкін

«Там зьявіліся асобныя артыкулы пра тое, што грамадзкі кантроль павінен выкарыстоўвацца як інструмэнт. Але канкрэтных інструмэнтаў таго, як гэты грамадзянскі кантроль зьдзейсьніць, няма. І мы, і многія грамадзяне зьвярталіся ў пракуратуру з прапановай апублікаваць дэклярацыі чыноўнікаў пра даходы, расходы і маёмасьць. Многія гэтыя інструмэнты, на жаль, застаюцца на паперы, ня больш за тое.

Як мінімум, павінна быць публікацыя ў інтэрнэце дэклярацыяў пра даходы і маёмасьць чыноўнікаў, а ў тых, хто зьвязаны з закупамі і прыватызацыяй, — і дэклярацыі пра расходы. Толькі ў такіх умовах можа быць грамадзянскі кантроль — нават калі чалавек сёньня пабачыць, што нейкі чыноўнік носіць дарагое адзеньне, езьдзіць на дарагім аўтамабілі, пастаянна падарожнічае, ён ня можа напісаць паведамленьне ў адпаведныя органы пра тое, што гэты чыноўнік падазраецца, бо проста няма фактуры. Немагчыма зразумець, ці чалавек напраўду зарабіў грошы, ці пазначае ў дэклярацыі адно, а мае іншае».

За катэдж за мільён даляраў можна хіба прымусіць чырванець, — Марціновіч

Грамадзтва сёньня можа хіба толькі распаўсюджваць інфармацыю пра карумпаваных чыноўнікаў, каб прымушаць іх чырванець, кажа намесьнік рэдактара «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, які нядаўна атрымаў прэмію «Рэпартэраў бязь межаў» за расьсьледаваньні ўзбагачэньня беларускіх чыноўнікаў:

Ягор Марціновіч

«У нас грамадзкі кантроль не прадстаўлены шырока, ёсьць хіба асобныя актывісты, асобныя рухі і фонды, якія адсочваюць карупцыю пры дзяржаўных закупах. Але ўсё роўна гэтая сыстэма дазваляе хаваць інфармацыю, якую ня хочуць разгалошваць. Што тычыцца прыватнай карупцыі, гэта ўсё закрыта абсалютна, у грамадзянскай супольнасьці няма ніякіх магчымасьцяў падступіцца. Я ня бачу цяпер магчымасьцяў для ўцямнага грамадзянскага кантролю, а ў законах не прапісаныя мэханізмы для яго стварэньня.

З аднаго боку, атрымліваецца, што ўсе чыноўнікі падаюць дэклярацыі пра сябе і сваякоў у адпаведныя органы, іх правяраюць-адсочваюць. Відавочна, што ўся маёмасьць, зарэгістраваная на іх, з пункту гледжаньня дзяржавы законная і легальная. Зь іншага боку, з пункту гледжаньня грамадзтва многія чыноўнікі выходзяць за нормы — ня можа быць чыноўнік з заробкам у тысячу даляраў уласьнікам нерухомасьці на мільён! Але з пункту гледжаньня дзяржавы ўсё легальна, усе звароты ў пракуратуру і іншыя структуры не даюць плёну.

Дапускаю, што ў чыноўнікаў існуюць і афшорныя фонды, якія не трапляюць у дэклярацыі. Тады з гэтым можна зьвяртацца ў адпаведныя органы. Але калі на тэрыторыі Беларусі ў іх афіцыйная нерухомасьць, яна ўжо „правераная“. Адзінае, чым грамадзянская супольнасьць можа паўплываць, гэта прыцягваць увагу, прымушаць чыноўнікаў чырванець, абмяжоўваць свае апэтыты. Напэўна, гэта ў нейкай ступені таксама працуе. Але такога заканадаўчага ўплыву ў грамадзтва няма, толькі этычна-маральны».