У 380-тысячным Магілёве па-беларуску вучацца 5 школьнікаў. Хто яны

Тацяна Турандзіна (справа), Эвэліна Самойленка (зьлева) з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай

У Магілёве пяцёра школьнікаў пайшлі ў клясы зь беларускай мовай навучаньня. Трое зь іх вучацца ў 34-й школе і яшчэ двое ў першай. На наступны год абяцаюць паўнавартасную беларускую клясу.

Валянцін Асіпчык падтрымае ў Магілёве беларускае вучнёўства

Сваю першую вучнёўскую лінейку і ўрок у першай школе адбыў Валянцін Асіпчык. Ягоны тата Ігар Георгіевіч спадзяецца, што сыну знойдзецца кампанія аднаклясьнікаў. Пакуль жа Валянцін у клясе адзін. Хлопчык не адчайваецца і запэўнівае, што яго гэта асабліва не турбуе.

Валянцін Асіпчык з настаўніцай Натальляй Аржанавай і татам Ігарам Аляксандравічам

«Для мяне гэта ўсё адно сьвята, а тое, што адзін буду ў клясе – гэта нармальна», – пракамэнтаваў сытуацыю Валянцін.

«Дужа сумна, што сын будзе вучыцца адзін, – прызнаўся Валянцінаў тата Ігар Аляксандравіч. – Хацелася б, каб у яго было як мага болей аднаклясьнікаў, бо калектыў — заўжды калектыў. Зразумела, у ім было б дзіцяці больш камфортна. Быў бы дух спаборніцтва. Паводле пэдагогаў, яшчэ будуць дзеці ў клясе. Я спадзяюся, што так і будзе».

Ініцыятарам навучаньня сына па-беларуску стаў тата.

«Мне давялося шматбакова прапрацаваць гэтае пытаньне, каб прыняць рашэньне на карысьць Валянціну», – адзначае ён.

«Па шчырасьці, на сёньня я ня бачу асаблівых мінусаў у сваім рашэньні, – казаў далей Ігар Аляксандравіч. – Увагі будзе надавацца Валянціну ў клясе болей, магчымасьці дзесьці лайдачыць у яго будзе меней. На сёньняшні дзень добрая адукацыя, прафэсійны ўзровень варты многага. У Валянціна буду браць урокі беларускай мовы. І сам буду падцягвацца ў гэтым пытаньні».

34-я магілёўская школа

Настаўніца 1«В» клясы, у якую запісалі Валянціна, Натальля Аржанава мае досьвед працы з адным вучнем. Яна вучыла цяпер ужо васьміклясьніцу Яліну Салаўёву. Натальля Аляксандраўна прызналася, што на лінейцы хвалявалася:

«Хвалявалася, бо даўно ў такой сытуацыі не была, – сказала яна. – Але я вельмі рада, што знайшоўся яшчэ адзін патрыёт нашай радзімы, які будзе вучыцца на нашай роднай любай беларускай мове».

Яліна Салаўёва адна вучыцца па-беларуску восьмы год

Паводле бацькі Ялінкі Зьмітра Салаўёва, праблемаў з навучаньнем у дачкі няма. Зь яе самотным вучнёўствам, прызнаўся ён, сям’я зьмірылася.

«Мы ж разумеем, што наўрад ці ў восьмы беларускамоўны кляс нехта да Ялінкі прыйдзе, таму неяк прызвычаіліся да гэтага, – удакладняе Зьміцер.

Ялінка Салаўёва

Па сканчэньні васьмі клясаў сям’я Салаўёвых не выключае, што далейшае навучаньне дачка працягне ў Менску, у ліцэі імя Коласа. Калі не атрымаецца, то Ялінцы давядзецца давучвацца ў Магілёве.

«Ужо прадумваем, ці не выправіць яе вучыцца за мяжу. Спадзяёмся, што ў наступныя тры гады ў Беларусі зьявіцца беларускамоўнае ВНУ, тады нашы пляны падкарэктуем. Пакуль жа маем на ўвазе замежжа», – падзяліўся з пэрспэктывамі далейшага навучаньня дачкі Зьміцер Салаўёў.

У 34-й школе безь пераменаў: па-беларуску вучацца тры дзяўчынкі

Пайшлі ў другую клясу 34-й школы Тацьцяна Турандзіна, Эвэліна Самойленка ды Ўлада Грыцанава. Напярэдадні навучальнага году дырэктар школы Ігар Якіменка дапускаў, што да кампаніі дзяўчынак далучыцца хлопчык, аднак спадзяваньні ня спраўдзіліся. Вучыць дзяўчынак будзе, як і летась, настаўніца Лідзія Ціханоўская.

Беларускія вучаніцы 34 школы Тацьцяна Турандзіна (справа), Улада Грыцанава (зьлева), Эвэліна Самойленка (на заднім пляне)

Паводле бацькоў школьніц, праблемаў з навучаньнем у іх няма. Клясны пакой нічым не адрозьніваецца ад іншых, хіба толькі колькасьцю вучаніц.

«На лінейцы ў параўнаньні зь мінулым годам было больш беларускай мовы. Сьпявалі песьні. Можна сказаць, атмасфэра беларускасьці адчувалася», – сказала маці адной з вучаніц беларускай клясы Галіна Туранціна.

Вучаніцы з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай

Зь яе словаў, падручнікаў хапае, але з дапаможнікамі праблема. Некаторыя даводзіцца доўга шукаць на кніжных развалах.

На наступны год абяцаюць паўнавартасную беларускую клясу

Паводле чыноўнікаў стварэньне новых клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў Магілёве маруднае, бо бацькі ня хочуць аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Рупліўцы ж беларушчыны трымаюцца пазыцыі, што чыноўнікі і адміністрацыі школаў не ўдзяляюць належнай увагі разьвіцьцю ў горадзе беларускага школьніцтва.

На адной з апошніх дыскусіяў на тэму беларускамоўнага навучаньня прагучалі запэўніваньні, што да наступнага навучальнага году на базе 45-й школы будзе сфармаваныя паўнавартасная кляса зь беларускай мовай навучаньня.