31 кастрычніка ў культурніцкай прасторы «Ок16» (Менск, вул. Кастрычніцкая, 16) раскрыецца таямніца галоўнай беларускай літаратурнай інтрыгі. Журы прэміі імя Ежы Гедройця абвесьціць ляўрэата за празаічную кнігу 2016 году — і ўладальніка галоўнага прызу ў 5000 эўра. Свабода прадстаўляе сем прэтэндэнтаў на прэмію.
Зьміцер Бартосік. «Быў у пана верабейка гаварушчы»
Гэта кніга непрыдуманага жыцьця беларусаў ХХ стагодзьдзя. Яна вырасла з падарожных нататкаў аўтара, якія ён шмат гадоў рабіў для Радыё Свабода, і якую Радыё Свабода выдала ў сваёй бібліятэчнай сэрыі.
У ёй няма агульнавядомых фактаў і амаль няма вядомых сюжэтаў. Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся распавесьці толькі напрыканцы жыцьця. Тым ня менш, факты і сюжэты складаюцца ў карціну Беларусі ХХ стагодзьдзя. Яна распавядае пра мяжу дабра і зла ў душы беларускага чалавека, якую адны пераходзілі, рабуючы панскія сядзібы, а іншыя не пераходзілі, пашыраючы асьвету і памнажаючы дабрабыт.
Зьміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы (PDF)
Валер Гапееў. «Ноч цмока»
Раман выйшаў у выдавецтве «Галіяфы». Ён пачынаецца як клясычны дэтэктыў: загадкавая сьмерць маладой жанчыны, сьведкаў няма, сьлядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высьвятляецца, што забітая — лесьбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сэктантка, што нарадзіла за колькі дзён да сьмерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеяньне збочвае ў гушчар містыкі.
Адам Глобус. «Зваротная пэрспэктыва»
Гэтая кніга пісьменьніка і мастака Адама Глобуса пабачыла сьвет у выдавецтве «Харвест». Яна складаецца з кароткіх, яркіх, дасьціпных апавяданьняў-успамінаў, развагаў, замалёвак. «Зваротая пэрспэктыва» насычаная асабістымі, інтымнымі перажываньнямі аўтара, ён дзеліцца з чытачамі малавядомымі і цікавымі фактамі са свайго жыцьця і жыцьця сучасьнікаў, малюючы уласны пакручасты шлях да мастацтва і творчасьці.
Адам Глобус: Жыцьцё дало мне больш, чым я заслужыў
Андрусь Горват. «Радзіва „Прудок“. Дзёньнік»
Выдавецтва «Медысонт» выдала летась кнігу дэбютанта, якая складаецца з кароткіх зацемак, абразкоў і асабістых рэфлексіяў аўтара. Ён напісаў тое і пра тое, што бачыў, чуў, адчуў і рэтрансьляваў, гледзячы на жыцьцё праз акенца старое дзедавай хаты ў глухой палескай вёсцы. Але напісанае трапіла на нэрвы ўрбанізаваных чытачоў.
Горват: археалёгія ў маскхалаце
Сяргей Календа. «Падарожжа на край ложка»
Кніга, што выйшла ў выдавецтве «Логвінаў», цалкам аўтабіяграфічная. Яна прысьвечаная маці пісьменьніка, якая перажывала анкалягічную хваробу. Гэта споведзь сына, поўная самых супярэчлівых пачуцьцяў: прыняцьце абставінаў і нежаданьне зь імі мірыцца, крыўда на сябе і ўвесь сьвет, адчуваньне, што нічога ня можаш зрабіць, і жаданьне дапамагчы, падлеткавы эгаізм і бязьмежная любоў да маці. Распавесьці гэтую гісторыю аўтару было ня проста, кніга пісалася доўга і з надрывам.
Людміла Рублеўская. «Дагератып»
На старонках гэтага гісторыка-прыгодніцкага раману, што выйшаў пад грыфам выдаўца Андрэя Янушкевіча, пераплеценыя эпохі і падзеі. Маладая журналістка Сімка дапамагае разблытаць сямейныя таямніцы біёлягу Гальяшу. Выпадкова ў старой дзедавай кватэры яны знаходзяць дзёньнік. Перад іх вачыма паўстаюць загадкавыя падзеі з канца XIX стагодзьдзя...
Аляксей Талстоў. «Апоўначы на сіялімскім мосьце»
Раман маладога пісьменьніка выдадзены мультылэйблам «Пяршак». Ён насычаны ўражаньнямі аўтара, які цягам апошніх гадоў жыў у Індыі, і якога хвалююць пытаньні каляніялізму Новага часу.
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 году.
Папярэднія пераможцы прэміі:
- Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012),
- Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013),
- Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014),
- Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015),
- Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).