Міжнародныя сьледчыя пакуль не называюць імёнаў людзей, датычных да тэракту супраць рэйсу MH17 — малазійскага «Боінгу» — на Данбасе ў 2014 годзе, у якім загінулі 298 чалавек. Але журналісты праекту Свабоды «Данбас.Рэаліі» пацьвердзілі імя прынамсі аднаго высокапастаўленага ўдзельніка падзеяў — расейскага палкоўніка Сяргея Дубінскага.
Раней журналісты ўжо адсачылі маршрут руху расейскага комплексу «Бук», зь якога быў зьбіты самалёт, на тэрыторыі, падкантрольнай на той момант баевікам «ДНР». У справаздачах сьледчых фігуравала перахопленая размова, у якой нехта «Хмуры» даваў указаньні наконт транспартаваньня «Бука».
Яшчэ ў 2015 годзе журналісты заяўлялі, што пазналі ў «Хмурым» палкоўніка Галоўнага выведнага ўпраўленьня Расеі Сяргея Мікалаевіча Дубінскага, якога называлі кіраўніком і «адным з галоўных архітэктараў кіроўных вайсковых органаў» у так званай «ДНР».
Праз суседзяў Дубінскага па доме ва ўкраінскім сяле Старажавым журналісты даведаліся, што ў Кіеве жыве брат «Хмурага» Раман Дубінскі. Ён пагадзіўся расказаць журналістам пра свае ўзаемадзеяньні з братам і пацьвердзіў, што голас «Хмурага» падобны да голасу Сяргея Дубінскага.