Відэаролікі з заклікамі стаць незалежнымі назіральнікамі на прэзыдэнцкіх выбарах публікуе праваабарончы сайт spring96.org.
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч:
«Давайце гучна казаць — „крадзеж“, гучна казаць — „няпраўда“, гучна казаць — „злодзей“! Падманшчыку не павінна быць у нашых умовах занадта лёгка. Мы сваёй абыякавасьцю ствараем такую лёгкасьць. Зробім яго жыцьцё максымальна насычаным: хай ён чырванее, хай ён ёрзае, хай у яго вочкі бегаюць.
Кожны незалежны назіральнік — гэта такі кампэтэнтны сьведка, які ведае, што яму хлусяць. І той, хто хлусіць, таксама ведае, што побач стаіць чалавек, які ведае, што яму хлусяць».
Паэтка і журналістка Валерыя Кустава:
«У сытуацыі выбараў мы ўсе тым ці іншым чынам заангажаваныя ў гульню выбараў. Таму лепей ведаць, што адбываецца, каб пазьней зрабіць правільныя высновы, мець аргумэнты і факты, якія прадставіць грамадзкасьці, людзям, тым, хто гэтым займаецца, хто гэта аналізуе, робіць высновы і зьмяняе сытуацыю, каб нас болей не дурылі. Таму і ты назірай за гісторыяй».
Каб даведацца, як стаць грамадзкім назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», трэба патэлефанаваць па нумары +375 17 394-63-11 або напісаць на адрас: elections2015@spring6.org .
Таксама праваабаронцы прапануюць прайсьці дыстанцыйны відэакурс па грамадзкім назіраньні за выбарамі.