22 чэрвеня ў Менску адбудзецца штогадовая сустрэча міністраў замежных справаў краін-сябраў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы (ЦЭІ). Форум ладзіцца ў рамках старшынства Беларусі ў арганізацыі, паведамляе сайт Міністэрства замежных справаў Беларусі.
У 2017 годзе Беларусь упершыню старшынюе ў ЦЭІ — адной з найстарэйшых эўрапейскіх субрэгіянальных структураў. Цэнтральна-Эўрапейская ініцыятыва створана ў 1989 годзе для прадухіленьня новых ліній падзелу ў Эўропе, што робіць яе асабліва запатрабаванай на фоне падзеяў у рэгіёне ў зьвязку з сытуацыяй ва Ўкраіне, — піша МЗС Беларусі.
Сёньня ў склад ініцыятывы ўваходзяць 18 дзяржаваў: Альбанія, Аўстрыя, Баўгарыя, Беларусь, Босьнія і Герцагавіна, Вугоршчына, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Сэрбія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія.
«Асноўная тэма для дыскусіі падчас менскай сустрэчы — роля ўдзельнікаў ЦЭІ ў прасоўваньні інтэграцыйных працэсаў у Эўропе, абʼяднаньне высілкаў у супрацьстаяньні новым пагрозам стабільнасьці ў рэгіёне і ўмацаваньне эканамічнага супрацоўніцтва», — паведамляе МЗС Беларусі.
Зь беларускага боку плянуецца ўдзел міністра замежных справаў Уладзімера Макея.
Апроч міністраў і намесьнікаў кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў, у мерапрыемстве таксама возьмуць удзел
- генэральны сакратар ЦЭІ Маргот Клестыль-Лёфлер,
- генэральны сакратар Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Энзо Кватрачоке,
- генэральны сакратар Рады рэгіянальнага супрацоўніцтва Горан Сьвіланавіч,
- кіраўнік прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын,
- акрэдытаваныя ў Беларусі кіраўнікі дыпляматычных місій краін-чальцоў ЦЭІ, а таксама прадстаўнікі сакратарыятаў Рады дзяржаваў Балтыйскага мора і Садружнасьці незалежных дзяржаваў.
Паводле апошніх паведамленьняў, ня ўсе краіны будуць прадстаўленыя на менскай сустрэчы кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў. Так, ужо вядома, што з Варшавы прыяжджае новы намесьнік міністра замежных спраў Барташ Ціхоцкі, які дагэтуль працаваў у амбасадзе Польшчы ў Расеі. Як сказаў Свабодзе прадстаўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, ён разам зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі запрошаны на размову з намесьнікам міністра. Дакладна вядома, што ня будзе ў Менску і міністра замежных справаў Украіны Паўла Клімкіна. Найхутчэй, нашу паўднёвую суседку будзе прадстаўляць амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Паведамляецца, што ў рамках мерапрыемства Ўладзімер Макей правядзе двухбаковыя перамовы з калегамі з Вугоршчыны і Славаччыны — Пэтэрам Сіяртам і Міраславам Лайчакам.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў Свабодзе:
«Галоўная рыса ЦЭІ — тая, што ў гэтай арганізацыі няма інстытуцыяў. Сталых органаў у ёй не існуе. Я сказаў бы, што гэта такая вольная асацыяцыя. І займаецца яна пераважна эканамічнымі пытаньнямі. Праўда, у ЦЭІ ёсьць і свае перавагі. Калі няма інстытуцый, то тут прасьцей дамаўляцца, бо не патрэбныя шмат якія працэдуры ўзгадненьня рашэньняў.
Беларусь старшынюе ў ЦЭІ і хоча надаць ёй большую вагу, чым яна мае насамрэч. Для сувэрэннай Беларусі старшыняваць важна, і таму намаганьні беларускага МЗС мне цалкам зразумелыя. Як калісьці казаў былы міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч, мы ідзём туды, дзе рэагуюць на нашы пульсацыі».