Другі месяц кніга беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва» — адна з самых прадаваных у Вільні.
Дагэтуль літоўскамоўных перакладаў кніг Сьвятланы Алексіевіч не было. У Літве нагодай для перакладу стала ўручэньне ў 2015 годзе Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі. Тады літоўцы сталі часьцей пытацца пра кнігі вядомай беларускі.
«Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч у кнігарні Pegasas — на восьмым месцы сярод самых прадаваных. Кнігар Максім зазначае: найвышэйшую топавую прыступку літоўскамоўны пераклад кнігі беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі меў, як толькі зьявіўся ў продажы. На пачатку году раман-споведзь пра жыцьцё пасьля Чарнобыля займаў трэцяе месца.
«Кнігу добра купляюць, бо нобэлеўская ляўрэатка — гэта выдатны крытэр, каб зьвярнуць на яе ўвагу, — тлумачыць Максім папулярнасьць у наведнікаў кнігарні «Чарнобыльскай малітвы».
«Яшчэ папулярная гэтая кніга, бо нямала людзей у нас жыве з той яшчэ мінулай эпохі, — дадае суразмоўца. — Кніга ж пра гісторыю. Цікавіцца ёю і моладзь, але іх прыцягвае тое, што аўтарка — менавіта нобэлеўская ляўрэатка. Літаратура наагул — такая зьява, якая ня мае межаў, і ня важна, якой ты нацыянальнасьці. Я дык па бацьку беларус».
Максім прызнаецца, што не чытаў кніг Сьвятланы Алексіевіч, але шукае, як ён выказаўся, тую, што пра Аўганістан. На падказку «Цынкавыя хлопчыкі» кнігар з удзячнасьцю ківае галавою. Чаму, пытаю, менавіта гэтая кніга цікавая маладому хлопцу.
«У мяне там бацька ваяваў. Ён мала што гаварыў пра сваю аўганскую мінуўшчыну. Наагул ня любіць пра гэта расказваць. Ухіляецца ад пытаньняў на гэтую тэму. Я чуў, што там ён добрага сябра страціў. Я чытаў кнігі на гэтую тэму. У нас некалькі літоўскіх аўтараў пішуць пра гэта, і мне гэта цікава».
Максім зазначае, што яго цікавіць у аўганскай вайне не палітычны аспэкт. У любой вайне, кажа ён, ніякага гераізму няма.
«Вайна — гэта заўжды кепска. Мяне цікавіць сама сытуацыя: чалавек і вайна», — разважае кнігар Максім.
У цэнтральнай віленскай кнігарні яе супрацоўніцу Расу засьпеў, калі яна мяняла топавы нумар кніжкі Сьвятланы Алексіевіч зь дзясятага на восьмы. Як і Максім, кнігарка папулярнасьць у пакупнікоў «Чарнобыльскай малітвы» патлумачыла тым, што аўтарка — нобэлеўская ляўрэатка. Купляюць кнігу, паводле Расы, людзі ўсякага веку.
«Мы ганарымся, што ў беларусаў цяпер ёсьць свой нобэлеўскі ляўрэат. За суседзяў трэба заўжды радавацца», — сказала кнігарка Раса.
Супрацоўніца кнігарні Versmė — наступная суразмоўніца. У гэтай кнігарні сярод топавых кніг «Чарнобыльская малітва» на дзясятым месцы. Тыдзень таму, паводле кнігаркі, кніга нобэлеўскай ляўрэаткі была на чатыры прыступкі вышэй.
«Тыя, хто купляе кнігу, альбо чулі пра катастрофу ў Чарнобылі, альбо ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў пасьля яе. Нямала людзей наведвалі мясьціны ў Чарнобылі і расказвалі пра тамтэйшую сытуацыю. Гэта ж усё адбылося ад нас дужа блізка. Многія пыталі такую кнігу нават на расейскай мове, але такіх не было ў нас. Чакалі літоўскага перакладу. Гэтая кніжка (Чарнобыльская малітва. — РС) — першая на літоўскай мове», — кажа супрацоўніца кнігарні Versmė.
Суразмоўніца пацікавілася, ці шмат кніг Алексіевіч выдаецца ў Беларусі, і калі даведалася, што ўсе яны прывозяцца з Масквы, зьдзівілася.
«У нас калі даведваюцца, што аўтар — нобэлеўскі ляўрэат, то інтарэс да творчасьці ўзрастае. Я паўтаруся, што з кніг Сьвятланы Алексіевіч раней у нас не было ніводнай. А як атрымала Нобэля, зрабілі хутка пераклад. Купляюць кнігу пераважна людзі сярэдняга веку», — на разьвітаньне сказала кнігарка.
У бібліятэцы імя Адама Міцкевіча таксама адзначылі рост папулярнасьці твораў беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі. Паводле супрацоўнікаў, цяпер на руках у наведнікаў усе кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Пачытаць можна толькі тыя асобнікі, якія ёсьць у чытальнай залі.
«Раней такой папулярнасьці ў кніг Сьвятланы Алексіевіч не было. Першыя яе кнігі зьявіліся ў нас больш за два дзясяткі гадоў таму. Усе яны былі расейскамоўныя. І ўсе цяпер на руках», — сказала супрацоўніца бібліятэкі, паказваючы электронны каталёг.
«Кнігі Сьвятланы Алексіевіч чыталі б літоўцы больш, каб была рэкляма. Як многа гавораць пра кнігу, дык яна лепей запамінаецца», — выказала думку супрацоўніца адной з кнігарняў на ўскрайку старой Вільні.
«Як кажуць болей па тэлебачаньні ці ў газэтах, дык гэта спрацоўвае, — дадала суразмоўніца. — У нас дужа шмат выдаецца цікавых і добрых кніг, і ўсачыць за ўсімі надзвычай складана. Пакуль кніга Сьвятланы Алексіевіч — навінка, і калі попыт на яе цяпер ня той, які б хацелася мець, дык гэта не азначае, што заўтра сытуацыя ня зьменіцца. Можа адбыцца проста выбух папулярнасьці».