Сьцісла:
- Слова чарнобыль (быльнік, палын звычайны, Artemisia vulgaris) утворана па законах беларускай мовы, празрыстае, азначае карысную расьліну.
- Для гісторыі Беларусі ня раз важную ролю адыгрываў горад Чарнобыль на Кіеўшчыне.
- У беларускай культурнай традыцыі імя Філона Кміты-Чарнобыльскага, уладальніка Чарнобылю і аўтара сакавітых моваю лістоў, — культавае.
- За тыя лісты — выведныя данясеньні аб сытуацыі ў стане варожых маскоўскіх войскаў — і за збройныя перамогі Кміту-Чарнобыльскага шануюць беларускія вайскоўцы-патрыёты.
- У адзін дзень 1986 году зь віны мізантропскай улады пазытыўныя асацыяцыі словаў і імёнаў чарнобыль, Чарнобыльскі памяняліся на процілеглыя.
Чарнобыль — тое самае, што палын (або быльнік, палын звычайны, Artemisia vulgaris).
Горкі, але карысны
Беларускі палын мужчынскага роду, як і чарнобыль. А ў расейскай жаночага роду і полынь, і (прынамсі яшчэ ў слоўніку Ўшакова) чернобы́ль. У беларускім слове — націск на злучальны галосны, як у словах сыроватка, часопіс, куродым, Вадохрышча.
Паводле „Энцыкляпэдыі прыроды Беларусі“, расьліна карысная: і лекавая, і вострапрыпраўная, і фарбавальная. Але ў расейскай Вікіпэдыі яна найперш апісваецца як рудэральная (сьмецьцевая) расьліна і цяжказводнае пустазельле.
Праўда, у праграмным вершы У. Дубоўкі „О Беларусь, мая шыпшына“ таксама падкрэсьліваецца апошняе: „...У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасьцеш“, — ня дзіва, што пасьля 1986 году радок загучаў як прарочы.
Але ў цэлым — запамінальная батанічная назва, прычым празрыстай этымалёгіі: быльнік з чорным сьцяблом. Гэта асноўная назва адпаведнага віду ў Батанічным слоўніку Зоські Верас. Сустрэнем і ў прозе:
Пырхнуўшы з гнязда, шэрая птушына далёка не адлятала, а садзілася на галінку чарнобылю і глядзела ў мой бок па-свойску, сьмела (І. Грамовіч).
Чарнобыль, любімае „іменьнечка“...
А горад Чарнобыль вядомы ажно з 1193 году. Ён заўсёды належаў да Кіеўскага княства/ваяводзтва/вобласьці, але зусім побач зь беларускай мяжой. Назва, на маю думку, бясспрэчна паходзіць ад расьліны, хоць ёсьць іншая гіпотэза — ад рэканструяванага імя Чарнобыл. Але імя такое не зафіксавана.
З Чарнобылем зьвязаныя імёны Сапегаў, Хадкевічаў, Радзівілаў, чый 8-ы рэгімэнт пяхоты процістаяў там расейцам у 1791 годзе. Але найперш для беларусаў гэтая назва зьвязаная з прозьвішчам (дакладней, прыдомкам) Філона Кміты-Чарнобыльскага (1530–1587). І ў тых, каму дарагая айчынная гісторыя, і ў аматараў смакаваць старабеларускае барочнае мастацкае слова.
Філон быў выбітным вайскаводам, пераможцам у бітвах з Масквою пад Улай, Чарнігавам, Смаленскам. Таленавіты адміністратар — пакінуў па сабе добрую памяць у Воршы як яе шматгадовы стараста. Сэнатар ад Смаленскага ваяводзтва. Узамен здратаваных земляў на Ўсходзе Жыгімонт Аўгуст надаў яму раней каралеўскія замак і места Чарнобыль з ваколіцамі. Адсюль і прыдомак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчык Вайсковай акадэміі: Наш старажытны герб «Пагоня» мае безумоўна ваенны складнікАле ў беларускую моўна-культурную прастору Філон навечна ўвайшоў сваімі непаўторнымі агентурнымі данясеньнямі. Ён быў каардынатарам выведнай сеткі на Ўсходзе, абагульняў зьвесткі сваіх шпегаў пра сытуацыю ў варожым стане ды ў форме аналітычных лістоў слаў іх Панам-Радам, ваяводу віленскаму Мікалаю Радзівілу ды іншым кіраўнікам дзяржавы. Невыпадкова падпалкоўнік Віталь Чырвінскі задаецца пытаньнем:
А напісаныя тыя лісты выдатнай, сакавітай тагачаснай старабеларускай мовай. Сумуючы па вымушана закінутым ужо 8 гадоў, але любімым Чарнобылі, ён просіць у Паноў-Радаў кароткага водпуску:
А аб тое тэж маіх міласьцівых гаспадароў з пакораю прашу, … жэбых мог да Чарнобыля, іменьнечка свайго, на час кароткі бардза малы зьехаці, бо мі се там вялікія крыўды і ўціскі ад сусед маіх дзеюць, у каторым есьмі ўжэ то васьмі год за службамі гаспадарскімі і вашай міласьці паноў рад не бываў і баюся, абы астатку не расшарпана. (пісан у Воршы месяц генвара 23(8), року 1574).
Тэксты Кміты-Чарнобыльскага — яшчэ і прыклад тагачаснага моўнага этыкету, якому і нам, надта ж сучасным, бывае ня грэх падвучыцца.
Змрочная іронія лёсу ў тым, што з таго самага Ўсходу, націску якога адважна і таленавіта процістаяў Філон Кміта-Чарнобыльскі, праз 400 гадоў прыйшла ідэалёгія непавагі да чалавека, якая і прывяла да Чарнобыльскай катастрофы і, акрамя ўсяго, да незваротнай зьмены эмацыйнай канатацыі назвы так любімага Філонам „іменьнечка“ — Чарнобыль.
Першая публікацыя 26 красавіка 2021 г.