Цана, кошт, вартасьць — розныя словы, розныя рэчы. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

ЦАНА, КОШТ, ВАРТАСЬЦЬ

Што вырасьце ў наступным годзе — цэны ці кошты? Вырастуць — тут згодныя ўсе, трэба толькі ў двух словах не заблукаць. Цана, кошт, вартасьць — важныя словы і для макраэканомікі, і для асабістай кішэні. ВІДЭА

Слова кошт — вельмі даўняе пазычаньне з германскіх моваў, а тыя ў сваю чаргу перанялі корань з лацінскае. (У беларускай мове шмат германізмаў зьвязаныя з гандлем і эканомікай.Само слова гандаль, а таксама талер, вага, штука, мытня, кірмаш і рынак, вартасьць і ўрэшце грошы.) Слова цана — спрадвечнае ў беларускай мове, з паходжаньня агульнабалтаславянскае і глыбей — індаэўрапейскае.

ЦАНА

Слова цана ў асноўным сваім значэньні зьвязанае з грашыма практычна заўсёды. Паводле тлумачальнага слоўніка, гэта ‘грашовае выражэньне вартасьці тавару’. Прасьцей кажучы — гэта колькі грошай з пакупніка хоча (і зможа) узяць прадавец. Таму й прыказка:

Конь старэе — у цане таньнее, вол старэе — цану набірае.

Дарэчы, ёсьць добрае слова цанавацца, незаслужана адпраўленае афіцыйнымі слоўнікамі ў „абласныя“, хаця ўжывалі яго і клясыкі, як Кузьма Чорны ды іншыя. Нічым ня горшае за „таргавацца“.

Пытаемся ў прадаўца пра цану:

— Колькі каштуе?

Тут няма супярэчнасьці. Высьвятляем, колькі выдаткаў панясем, якім коштам дастанецца нам гэты тавар. Вось яна, розьніца цаны і кошту.

КОШТ —

усе выдаткі на вытворчасьць або набыцьцё нейкага тавару. Або на пэўную справу:

Пан Ян Яранімовіч … уласным коштам і накладам сваім маець прыняці і вывесьці тысячу і дзьвесьце коней. (1565 г.)

Значыць — беручы на сябе ўсе выдаткі. Або:

Пачастунак на кошт гаспадара карчмы.

Мо слову кошт варта сьмялей вяртаць ягоную традыцыйную ролю: напрыклад, падарожныя кошты („камандзіровачныя“).

Знаўца народнай мовы ХІХ ст. Іван Насовіч тлумачыў кошт па-расейску як ‘издержки’. І падаў прыклады:

Вялікі кошт трэба палажыць на гэта.
Хітра, мудра, не зь вялікім коштам.

Тут слова кошт не сынанімічнае цане.

Цана звычайна вышэйшая за кошт. Бывае наадварот, але рэдка: калі прадаюць па заніжанай цане пад ціскам канкурэнцыі або калі ёсьць датацыя.

З навінаў у дзяржаўнай газэце:

Начальнік упраўлення паведаміў, што менавіта па цеплазабеспячэнні ў сістэме ЖКП сёння існуе самы нізкі ўзровень пакрыцця, які складае каля 36%. Пад'ём тарыфаў на цяпло на 17% крыху павялічыць пакрыццё насельніцтвам затрат, але гэта будзе не больш за 40% ад рэальнага кошту паслугі.

Так нас пераконваюць, што цана гэтых паслугаў для насельніцтва значна ніжэйшая за кошт іх выкананьня.

Са словам кошт у беларускай мове зьвязана шмат вытворных.

Празрыстае беларускае слова каштары́с (па-расейску смета). Гэта пералік усіх коштаў, выдаткаў, напрыклад, на будаўніцтва: праекту, ліцэнзіяў, матэрыялаў, транспартных, заробкаў і гэтак далей.

Яшчэ аднакаранёвае слова сабекошт — выдаткі на выраб без гандлёвай нацэнкі. Столькі, колькі сабе каштавала.

(Увага! Слова каштаваць у значэньні ‘спрабаваць на смак’ мае зусім іншае паходжаньне.)

ВАРТАСЬЦЬ

Поруч з коштам маем эканамічны тэрмін вартасьць. ПДВ — падатак на даданую вартасьць, які можна сабе вяртаць з купленых у іншай краіне тавараў.

Талер Жыґімонта Аўгуста, 1564. Намінал ХХХ (30 грошаў). © Nacionalinis M. K. Čiurlionio dailės muziejus, Kaunas

Найменная вартасьць (намінал каштоўнай паперы ці манэты, „нарицательная стоимость“). Манэта вартасьцю, напр., у адзін талер.

Ня блытайма цану, кошт і вартасьць — каб і нас не заблытвалі. Беларуская мова дакладная.