— Ужо ня першы раз за апошнія месяцы Аляксандар Лукашэнка выказваецца ў падтрымку беларускай мовы. Аднак многія абмяркоўваюць і ацэньваюць гэтыя заявы скептычна — маўляў, і раней былі такія выказваньні, але не было дзеяньняў. Як вы ацэніце гэтыя выказваньні кіраўніка дзяржавы? Можа, насьпела такая палітычная сытуацыя, што за гэтымі заявамі варта чакаць і канкрэтных дзеяньняў?
— Гэтыя словы Лукашэнкі сьведчаць найперш пра тое, што ў выбарчы год беларускія ўлады заклапочаныя палітычнай пазыцыяй беларускамоўнай меншасьці. Якім чынам яна будзе галасаваць, як яна будзе сябе паводзіць, ці не паўторыцца сытуацыя 2010 году, калі ўсё вылілася ў масавую акцыю пратэсту, якую разагналі спэцслужбы.
Безумоўна, за гэтымі словамі нічога стаяць ня будзе і ня можа. Самі спадзяваньні на нейкую беларусізацыю глыбока ірацыянальныя. Я па-філязофску спрабаваў даць сабе тлумачэньне, чаму людзі ўвогуле гэта абмяркоўваюць. Адбываецца ўсё гэта на ўзроўні інфармацыйнага шуму — укід інфармацыі, пасьля якога некаторая частка супольнасьці пачынае думаць, што за гэтым нешта стаіць.
Вы слушна заўважылі, што гэткія заявы агалошваюцца рэгулярна, але ніякіх канкрэтных дзеяньняў у галіне адукацыі, судаводзтва, інфармацыйнай палітыкі за гэтым не адбываецца. Наадварот, я нагадаю, што ў гэты самы час адбываецца расправа над асноўным беларускамоўным выдаўцом Ігарам Логвінавым, які за апошнія 5–10 гадоў выдаў сотні кніжак на беларускай мове.
— Вы тлумачыце ўсё ўнутрыпалітычнымі прычынамі. Ці ня варта меркаваць, што тут ёсьць і замежнапалітычны чыньнік? Сваімі выказваньнямі пра беларускую мову і гісторыю Аляксандар Лукашэнка дасылае пэўны мэсыдж і ў замежжа?
— Вядома, гэта можа мець нейкі ўскосны кірунак — шантажаваньне Расеі. Але б я не перабольшваў замежны розгалас. Найперш гэта скіравана да ўнутранай аўдыторыі. І на вонкавыя рынкі для Крамля, я думаю, хутка пойдзе звыклая рыторыка, што «мы адзін народ», а «беларусы — гэта рускія са знакам якасьці».