Расьліны сямейства пасьлёнавых, да якіх адносяцца бульба, памідоры, баклажаны, тытунь і іншыя, аказаліся значна старэйшымі чым меркавалася раней. Яны зьявіліся яшчэ да таго, як падзяліўся супэркантынэнт Гандвана, выявілі дасьледчыкі Ўнівэрсытэту Пэнсыльваніі (ЗША).
Іх работа апублікаваная ў часопісе Science, адзін з дасьледчыкаў распавядае пра яе на Phys.org.
Раней лічылася, што пасьлёнавым ад 35 да 51 млн год — такія вынікі даў аналіз малекулярнымі мэтадамі. У прыватнасьці, лічылася, што роду фізаліс (на Беларусі фізаліс звычайны трапляецца як заносны від) ня больш за 11 млн год.
Але дасьледчыкі прааналізавалі скамянелыя рэшткі двух пладоў, знойдзеных на беразе вульканічнага возера на поўдні Аргентыны, якія можна было адназначна аднесьці да роду фізаліс — ізатопнае датаваньне паказала, што ім каля 52,2 млн год.
То значыць, 52,2 млн год таму пасьлёнавыя ня толькі ўзьніклі, а і пасьпелі дасягнуць разнастайнасьці, бо фізаліс знаходзіцца ў канцы эвалюцыйнага дрэва сямейства. Адпаведна, сямейства значна старэйшае за 50 млн год. Але наколькі старэйшае, навукоўцы яшчэ ня ведаюць.
***
Беларусь яшчэ нядаўна была ў дзясятцы лідэраў па вытворчасьці бульбы ў сьвеце. Але, паводле зьвестак ААН на 2013 год, Беларусь цяпер на 11 месцы паводле вытворчасьці бульбы.
Але паводле спажываньня бульбы на душу насельніцтва беларусы — сусьветныя лідэры са 183 кг бульбы на чалавека на год. У Літве на чалавека на год прыходзілася 96 кг, у Латвіі — 116,5 кг, у Расеі —113 кг, у Польшчы — 104 кг, ва Ўкраіне — 136 кг.
Ды беларусы ў лідэрах і па спажываньні іншага прадукту зь сямейства пасьлёнавых. Паводле колькасьці курыльшчыкаў тытуню Беларусь у справаздачы ААН 2014 году на другім месцы пасьля Чарнагорыі. Дарослы чарнагорац выпальваў у сярэднім 4124,5 цыгарэтаў на год, беларус — 3832, лібанец — 3023, македонец — 2732, расеец — 2690 цыгарэтаў на год. А паводле зьвестак Мінздароўя Беларусі на 2015 год, паляць 43% беларускіх мужчын і 15,6% беларускіх жанчын.