Рэстаранна-забаўляльны комплекс «Бульбаш-хол», вядомы праз скандал з захопам тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў — месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў — рыхтуецца да адкрыцьця.
Пра гэта паведамляюць незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Спраўдзіць гэты факт на месцы няма магчымасьці: ахова забаўляльнага комплексу варожа ставіцца да журналістаў і адмаўляецца даваць камэнтары.
Пакуль не ўдаецца высьветліць тэрміны магчымага адкрыцьця забаўляльнага комплексу і ў дзяржаўных структурах ды ў адміністрацыі самога рэстарану.
Каб адкрыць рэстаран альбо іншы аб’ект гандлю ці паслуг, уладальнік установы павінен прайсьці рэгістрацыю ў гандлёвым рэестры. Гэтым займаюцца аддзелы гандлю мясцовых органаў улады, у выпадку «Бульбаш-холу» — гэта Менскі раённы выканаўчы камітэт. Пасьля атрыманьня адпаведнай выпіскі, узгадненьня парадку працы і атрыманьня ліцэнзіі распачынаецца праца ўстановы. Аднак з гэтымі пытаньнямі ў аддзел гандлю Менскага райвыканкаму гаспадары «Бульбаш-хола» не зьвярталіся, паведаміла Свабодзе загадчыца аддзелу гандлю Алена Чыстова:
— Нічога не магу сказаць пра адкрыцьцё, бо да мяне прыходзяць, калі аб’ект цалкам падрыхтаваны да адкрыцьця. На гэты момант да мяне ніхто яшчэ не прыходзіў. Як на маёй памяці, то два гады таму яны спрабавалі штосьці вырашаць, але і дагэтуль пакуль нічога ня вырашана.
— Ці зьвярталіся да вас уладальнікі, каб зьмяніць назву „Бульбаш-хол“, удакладніць нешта адносна тэрыторыі?
— Два гады да мяне ніхто не зьяўляўся ўвогуле.
— Гэта значыць, фармальна як была заяўленая назва „Бульбаш-хол“, так яна і застаецца?
— Так, так. Мяне самую цікавіць — чым гэта ўсё скончыцца.
Будоўля забаўляльнага комплексу выклікала абурэньне грамадзкасьці ня толькі з прычыны яго непасрэднай блізкасьці да пахаваньняў мэмарыяльнага ўрочышча Курапаты, але і з-за назвы «Бульбаш-хол», якая ўспрымаецца як абраза для беларусаў. Тады ж высьветлілася, што чатыры дамы забаўляльнага комплексу ўзьведзеныя незаконна, на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Генэральная пракуратура вынесла распараджэньне аб зносе забудоваў, але гаспадары ўстановы яго праігнаравалі. У лістападзе 2013 году Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь зьменшыла ахоўную зону Курапатаў да 50 мэтраў. Гэткім чынам чатыры незаконна збудаваныя дамы «Бульбаш-холу» апынуліся па-за ахоўнай зонай Курапатаў.
Які статус гэтай тэрыторыі і ці ўзаконенае будаўніцтва цяпер, таксама застаецца невядомым — намесьніца загадчыка Ўправы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка паведаміла, што не валодае інфармацыяй пра лёс яшчэ нядаўняй ахоўнай зоны Курапатаў.
Рэстаран «Бульбаш-хол» мае ўвайсьці ў сетку рэстаранаў пад назвай «Наша рэстаранная група». Адміністратар рэстаран-клюбу «Тусэ» ад імя кіраўніцтва паведаміла, што адносна ўласьнікаў рэстарана, ягонай назвы і часу адкрыцьця нічога паведаміць ня можа. На афіцыйным сайце кампаніі «Наша рэстаранная група» пазначана, што да адкрыцьця рыхтуецца рэстаран «Банкет-хол», але ці гэтак гаспадары называюць цяпер «Бульбаш-хол» і хто яны самі, супрацоўнікі кампаніі паведаміць адмаўляюцца. Бухгальтарка рэстарана «View», у прыватнасьці, сказала:
— Магчыма, гэта будзе наш рэстаран, але пакуль не — нам яго яшчэ ніхто не перадаваў. Мы яго замаўлялі, пад нас яго будавалі, але нам яго пакуль яшчэ ніхто не перадаваў. Калі будзе адкрыцьцё, ня маю ўяўленьня — я бухгальтар, атрымаю дакумэнты — буду афармляць адкрыцьцё. На гэты момант я не магу сказаць, калі яно будзе — яго, пэўна, ужо тры гады адкрываюць. Пра адкрыцьцё пакуль ніхто і гаворкі не вядзе. І на якой там стадыі ўсё — мне таксама не патлумачылі.
— Хто ён, гэты ўладальнік? Беларускі, расейскі, які іншы бізнэсовец — дагэтуль вялікая таямніца.
— Калі ня хочуць раскрываць гэтую таямніцу, то пра яе і ня варта казаць. Дакумэнтаў на гэты конт у мяне няма, таму я вам нічым не дапамагу.
Тым часам грамадзкія актывісты працягваюць судовы працэс у справе абароны Курапатаў. Летась яны зьвярнуліся ў суд з пазовам да Міністэрства культуры, патрабуючы прыцягнуць да адказнасьці службоўцаў за бязьдзеяньне ў справе выкананьня пастановы Генэральнай пракуратуры, якая запатрабавала ад гаспадароў «Бульбаш-холу» зьнесьці чатыры дамы, незаконна ўзьведзеныя ў ахоўнай зоне Курапатаў. Таксама грамадзкія актывісты выступілі з адкрытым зваротам да забудоўнікаў — кампаніяў «Белрэстінвест» і «Еўрабуд», якія вядуць будаўнічыя працы вакол Курапатаў, з заклікам пакінуць захопленыя плошчы ахоўнай зоны Курапатаў. Заяўнікі паведамляюць, што гэты зварот адкрыты для падпісаньня ўсімі неабыякавымі грамадзянамі праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце.