Пяты Варшаўскі фэстываль беларускага кіно пройдзе ў кастрычніку адначасова ў дзьвюх краінах.
Да ўдзелу ў конкурсе Bulbamovie-2015 рымаюцца мастацкія і дакумэнтальныя фільмы. Заяўкі прымаюцца да 25 верасьня.
Як паведаміў Радыё Свабода адзін з арганізатараў Bulbamovie Януш Гаўрылюк, у гэтым годзе фэстываль будзе праводзіцца безь фінансавай дапамогі Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое падтрымлівала чатыры мінулыя фэстывалі Bulbamovie ў рамках супольнага беларуска-польскага праекту культурных дзеяньняў. Цяпер Bulbamovie не атрымала фінансаваньня, і арганізатары вымушаны разьлічваць толькі на сябе.
Яшчэ адна адметная рыса сёлетняга фэстывалю ў тым, што фэстывальныя паказы фільмаў будуць адбывацца ня толькі ў Варшаве.
«У гэтым годзе фэстываль будзе паралельна адбывацца ў Варшаве, Кракаве і Менску. Раней ён адбываўся толькі ў Варшаве. Але цяпер, паколькі няма фінансаваньня, мы вырашылі паказаць усе конкурсныя фільмы ў Менску, таму што ў такім выпадку ня прыйдзецца перакладаць 15–20 фільмаў на польскую мову, ня трэба будзе рабіць тытры да іх. У Варшаве, у апошні дзень фэстывалю, мы пакажам толькі тры фільмы, якія перамогуць на конкурсе», — кажа Гаўрылюк.
Януш Гаўрылюк адзначыў, што да ўдзелу ў фэстывалі прымаюцца фільмы як на беларускай, так і на расейскай мове.
«Мы ня ставім такога патрабаваньня, каб кіно было толькі на беларускай мове. Галоўны прынцып для нас — кіно павінна быць цікавым. Калі гэта кіно на беларускай мове, то гэта для нас вельмі файна. Але калі ёсьць добрае кіно на расейскай мове, то мы таксама яго прымаем. Тым больш што ёсьць такія жанры кіно, якія паказваюць жыцьцё такім, як ёсьць, а ў Беларусі ня кожны размаўляе па-беларуску», — патлумачыў Гаўрылюк.
Пераможца фэстывалю атрымае 2,5 тысячы злотых, той, хто зойме другое месца — 1,5 тысячы злотых, трэцяе — 1 тысячу злотых. Апрача таго, будзе ўручаны адмысловы прыз за гук ад студыі soundmixer.by Яўгена Рагозіна.
Фэстывальныя паказы адбудуцца 23–25 кастрычніка.
У сёлетняй праграме, апрача конкурсных фільмаў, — прэм’ера агульнабеларускага кінапраекту «Хранатоп», нямецкія і італьянскія дакумэнтальныя стужкі пра сучасную Беларусь, амэрыканска-ўкраінскі мастацкі фільм «Міна», які здымаўся на Данбасе падчас ваенных дзеяньняў, ляўрэат шматлікіх узнагародаў — дакумэнтальны фільм Настасьсі Мірашнічэнкі «Скрыжаваньне», ды іншыя.
Апрача кінапаказаў, падчас фэстывалю будуць сустрэчы з аўтарамі і музычныя канцэрты.