Арганізатары #БНР100 растлумачылі, чаму Беларускай праваслаўнай царкве варта ўзяць удзел у сьвяткаваньнях

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел, архіўнае фота

У адказ на заяву мітрапаліта Паўла аб тым, што Беларуская праваслаўная царква ня будзе нічога праводзіць да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, арганізатары кампаніі #БНР100 апублікавалі зварот да БПЦ з тлумачэньнямі наконт гісторыі дачыненьняў Праваслаўнай царквы і БНР.

БПЦ яшчэ раз запрашаюць на «Сьвята незалежнасьці» ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка, прапануюць выступіць там афіцыйнаму прадстаўніку царквы зь віншавальнай прамовай.

Арганізатары нагадваюць, што ў Радзе БНР быў сьвятар менскага катэдральнага сабору Сьцяфан Кульчыцкі, ён жа быў прадстаўніком праваслаўнага духавенства на Першым Усебеларускім зьезьдзе. Паводле арганізатараў, ён зрабіў вялікі ўнёсак у існаваньне БНР. Быў расстраляны НКВД у 1937-м.

Таксама арганізатары зьвяртаюць увагу на тое, што ў 1922 годзе Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Ціхан, цяпер кананізаваны РПЦ, дабраслаўляў БНР (а таксама паабяцаў дазволіць у падуладных яму япархіях ужываньне беларускай мовы ў дадатковых багаслужбах, казанях і катэхізацыі — калі бальшыня прыхаджанаў падасьць адпаведныя хадайніцтвы). Арганізатары апублікавалі фота звароту патрыярха.

У 1993 годзе, нагадваюць арганізатары, мітрапаліт Філарэт браў удзел у сьвяткаваньні 75-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР, дабраславіў выкарыстаньне беларускай мовы ў службах.

***

«У нас штодня моляцца за Беларусь, — казаў Tut.by мітрапаліт Павел. — Гэта спроба палітызаваць малітву, мы супраць гэтага. Можна выйсьці на пляцоўкі, на трыбуны, можна заклікаць людзей, але ў гэтым выпадку малітва будзе мець характар гвалту».

Мітрапаліт Павел ня мае і ня будзе атрымліваць беларускага грамадзянства, хоць абавязаны

***

Раней толькі асобныя праваслаўныя цэрквы паведамлялі, што будуць праводзіць 25 сакавіка малебны за беларускі народ. Тым часам беларускія каталікі апублікавалі тэкст малітвы за Беларусь і заклікалі ўсіх да малітвы 25 сакавіка, таксама шэраг царкоўных мерапрыемстваў заплянавалі грэка-каталікі.

Канцэрт-мітынг у Менску пачнецца а 13-й гадзіне ля Опэрнага тэатру, на ім сярод іншага прагучыць хрысьціянскі гімн «Магутны Божа». Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя, але будуць міліцэйскія кардоны.

На канцэрце маюць выступіць гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. Дачка Лявона Вольскага Адэля Вольская засьпявае песьні бацькі.

Мітынгі, канцэрты, вечарыны і іншыя імпрэзы ў межах #БНР100 заплянаваныя яшчэ ў дзясятках гарадоў у Беларусі і за мяжой. Шмат дзе беларускія ўлады ня чыняць перашкодаў у сьвяткаваньні. Але ўлады Менску забаранілі ўсе шэсьці, дазволіўшы толькі канцэрт, і затрымалі ініцыятараў шэсьця.