Каля рэстарацыі «Поедем поедим», дзе працягваецца акцыя пратэсту абаронцаў Курапатаў, удзень 7 чэрвеня паміж супрацоўнікам рэстарацыі, які назваўся Дзьмітрыем, і актывістамі завязалася бойка.
Дзьмітры з жанчынай, якая адмовілася прадставіцца, выйшлі з тэрыторыі рэстарацыі і пачалі здымаць плякаты з партрэтамі забітых, якія сёньня былі наклееныя на плот забаўляльнага цэнтру, але актывісты іх адагналі бяз боек. Праз паўгадзіны Дзьмітры зноў пачаў зрываць плякаты, завязалася бойка з абаронцамі Курапатаў.
Актывісты сьцьвярджаюць, што Дзьмітры напаў на іх у стане алькагольнага ап’яненьня, спрабавалі затрымаць яго, каб перадаць міліцыі, але ўрэшце адпусьцілі.
Рэжысэр Аляксей Туровіч пайшоў пісаць заяву на працаўніка рэстарацыі, але адмовіўся сядаць у міліцэйскую машыну — бяз гэтага міліцыянты адмовіліся прымаць заяву аб нападзе.
Шуневіч пра рэстарацыю ля Курапатаў: «Буфэрам паміж бакамі ня будзем»
Па стане на 14.30 нікога з удзельнікаў бойкі не затрымлівалі — толькі да бойкі перапісалі пашпартныя зьвесткі пратэстоўцаў, склалі пратакол на сустаршыню БХД Паўла Севярынца.
Пра адказнасьць актывістаў папярэдзіў намесьнік начальніка УУС Менаблвыканкаму — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўнік міліцыі Віталь Казлоў. Яго, у сваю чаргу, папярэдзіла пра адказнасьць актывістка Натальля Гарачка.
«Бульбаш-хол» быў збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў — межы той зоны пасунулі ўжо пасьля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «карчмы на костках», лічаць будаўніцтва незаконным і амаральным, патрабуюць «музэй, а не шынок».
Курапаты. Асноўнае: хто расстрэльваў, колькі расстралялі, хто ўшаноўвае памяць
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня. 6 чэрвеня міліцыя не дала пікетоўцам паставіць намёт.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да блізкага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарана супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.