Як беларускія хрысьціяне адзначаць #БНР100

Менскі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, ілюстрацыйнае фота

Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату ня будзе адзначаць афіцыйна, але некаторыя праваслаўныя адзначаць сьвята самастойна, шэраг мерапрыемстваў плянуюць каталікі і ўніяты. Зьвестак пра сьвяткаваньне ў рэлігійных установах юдэяў, мусульманаў і іншых пакуль няма.

На пачатку «Сьвята незалежнасьці» ля менскага Опэрнага тэатру прагучыць хрысьціянскі гімн «Магутны Божа».

Каталікі

Каталіцкія біскупы Беларусі заклікалі маліцца 25 сакавіка за краіну і народ, вырашылі стварыць адмысловую малітву. Як менавіта гэта будзе адбывацца, кожны сьвятар мае вырашыць у сваёй парафіі: недзе заплянаваная асобная імша, недзе малітва за Беларусь будзе адным з заклікаў да вернікаў.

Абноўлена: Каталікі Беларусі апублікавалі тэкст малітвы да #БНР100

«Касьцёл сваёй малітваю, сваёй прысутнасьцю асьвячае нашую зямлю, таму біскупамі было прынятае рашэньне аб стварэньні адмысловай малітвы, якой сьвятары ў гэты дзень будуць прасіць Бога за нашу Бацькаўшчыну, наш народ, каб добры Бог дабраслаўляў і напаўняў нашую штодзённасьць сваёй прысутнасьцю», — тлумачыў афіцыйны прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько.

25 сакавіка кіраўнікі Каталіцкай царквы адправяць службы за Беларусь: мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыць сьвятую імшу а 10:00 у менскім архікатэдральным касьцёле Панны Марыі, а дапаможны біскуп Аляксандар Яшэўскі — у магілёўскай катэдры аб 11-й.

«Вельмі сымбалічна, што акт незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, калі было абвешчана аб заснаваньні новай дзяржавы, быў падпісаны менавіта ў сьвята Зьвеставаньня Пана — 25 сакавіка», — разважаў Кандрусевіч. Сёлета сьвята Зьвеставаньня перанесенае ў каталікоў на 9 красавіка, бо на 25-га прыпадае Вербная нядзеля.

Паводле Кандрусевіча, сьвята абвяшчэньня незалежнасьці БНР — гэта «сьвята беларускага зьвеставаньня незалежнасьці». І хоць абвяшчэньне не прывяло да чаканага выніку, сам факт «вельмі красамоўны, бо сьведчыць пра жаданьне беларускага народу да незалежнасьці».

Грэка-каталікі

24 сакавіка — за дзень да сьвята — у сталіцы Польшчы Варшаве будзе адслужаная грэка-каталіцкая літургія на беларускай мове. Яна лічыцца нядзельнай, таму ўдзел зьявіцца выкананьнем царкоўнага абавязку.

У Горадні грэка-каталікі правядуць дзень малітваў за Бацькаўшчыну, ад 10-й будзе служыцца літургія сьвятога Яна Залатавуснага ў парафіі Маці Божай Фацімскай, па заканчэньні якой пройдзе малебен за беларускі народ. У Полацку такі малебен правядуць аб 11:30 у парафіі сьвятога мучаніка Язафата. Малебны могуць прайсьці і ў іншых грэка-каталіцкіх парафіях.

Праваслаўныя

Паводле словаў прэс-сакратара БПЦ Сяргея Лепіна, на афіцыйным узроўні Беларуская праваслаўная царква не плянуе адзначаць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР (хоць некалі маскоўскі патрыярх бласлаўляў урад БНР).

Але ў Івянцы 25 сакавіка ў царкве ў гонар прападобнай Эўфрасіньні ад 9-й раніцы будзе служыцца беларускамоўная літургія і малебен за беларускі народ.

Беларускамоўная літургія таксама пройдзе ў гэты дзень ад 9-й раніцы ў храме блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у Горадні, за дзень да таго, 24 сакавіка, а 7:30 у саборы ў гонар сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Менску і а 9:00 у царкве сьвятых Барыса і Глеба ў Горадні.

Інтэлектуальная гульня ў пратэстанцкай царкве

28 сакавіка а 19-й гадзіне ў менскай царкве хрысьціян веры Эвангельскай пачнецца сьвяточная інтэлектуальная гульня «БНР-quiz». Абяцаюць ня толькі цікавыя факты пра БНР, але і сьпевы, і тэатральныя замалёўкі. Для ўдзелу патрэбная каманда з трох-пяці чалавек. Уваход вольны, але патрэбная папярэдняя рэгістрацыя.