150 тысяч ахвяраў — такую лічбу забітых у Благаўшчыне вызначыла Надзвычайная камісія летам 1944 году. Побач з гэтым месцам быў вайсковы палігон і сьметнік. У апошнія гады сюды прыяжджаюць сваякі забітых тут габрэяў з Заходняй Эўропы. Яны пакідаюць на дрэвах жоўтыя шыльды з імёнамі родных. Дагэтуль шмат хто зь іх думаў, што родныя загінулі «недзе ў Польшчы».
У Трасьцянцы адкрылі мэмарыял ахвярам нацызму
За некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцьця мэмарыялу ў Благаўшчыне тут працуюць дзясяткі людзей. Мэмарыял ужо гатовы, рабочыя вакол старанна наводзяць чысьціню. Падмятаюць нават лес.
29 чэрвеня ў афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця будуць удзельнічаць прэзыдэнты трох краінаў — Беларусі, Нямеччыны, Аўстрыі. Для ўрачыстага мітынгу-рэквіему рыхтуюць сцэну і абсталяваньне. Салдаты ў камуфляжы ходзяць вакол дрэваў з мэталашукальнікамі.
Ад «народнага» мэмарыялу засталіся пакуль жоўтыя шыльды. Што зь імі будзе далей, пакуль не вядома. Ужо зьнесьлі драўляныя крыжы, усталяваныя ў памяць тых, хто загінуў падчас сталінскіх рэпрэсій.
«Ключавая катэгорыя ахвяраў — дэпартаваныя з Эўропы габрэі»
«Лягер сьмерці Трасьцянец» складаўся зь некалькіх месцаў масавага зьнішчэньня людзей. Урочышча Благаўшчына — адно зь іх. На тэрыторыі самога працоўнага лягера каля вёскі Малы Трасьцянец і ўрочышча Шашкоўка, дзе быў прымітыўны крэматорый, мэмарыяльны комплекс адкрылі ў 2015 годзе.
Мы прыяжджаем у Благаўшчыну разам з гісторыкам Аляксандрам Далгоўскім. Ён адзін са стваральнікаў перасоўнай выставы «Лягер сьмерці Трасьцянец. Гісторыя і памяць». Год за годам у менскай Гістарычнай майстэрні зьбіраюць інфармацыю, вусныя сьведчаньні, вяртаюць імёны тых, хто загінуў у Трасьцянцы.
«У 1941 годзе, пасьля акупацыі нацыстамі, у Менску складаюцца «цэнтры гвалту, — пачынае расповед Далгоўскі. — Ключавыя — гэта Масюкоўшчына, дзе дзясяткі тысяч ваеннапалонных паміраюць ад голаду і холаду, а ня ў выніку расстрэлаў. А таксама Менскае гета, дзе зьнішчаецца габрэйскае насельніцтва Менску».
У 1942 годзе Служба бясьпекі (СД) абірае тэрыторыю былога калгаса імя Карла Маркса для арганізацыі працоўнага лягера (побач зь вёскай Малы Трасьцянец). А ўрочышча Благаўшчына — для зьнішчэньня габрэяў, у тым ліку і тых, якіх масава дэпартуюць з Заходняй Эўропы. Ва ўрочышчы Шашкоўка дзейнічае прымітыўны крэматорый.
Паляна ў Благаўшчыне, на якой адбываліся расстрэлы, за сьпінай Аляксандра. Цяпер там мэмарыял, распрацаваны УП «Менскпраект».
«У пэрыяд з 1942 па 1943 год Менскай службай бясьпекі тут былі расстраляныя дзясяткі тысяч дэпартаваных габрэяў, менскіх габрэяў, людзей, якія падазраваліся ў супраціве ці выкарыстоўваліся як закладнікі зь мірнага насельніцтва, — кажа ён. — Натуральна, там былі людзі, якія трапілі праз турму на Валадарскага як ваеннапалонныя, партызаны».
«Ключавая катэгорыя людзей, якія былі тут забітыя, — габрэі, дэпартаваныя з гарадоў сучаснай Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі, — удакладняе Далгоўскі. — І больш за 10 тысяч габрэяў зь Менскага гета».
У траўні-чэрвені 1942-га менская Служба бясьпекі атрымлівае падмацаваньне ў выглядзе адмысловага падразьдзяленьня «Арайс» з Рыгі. Прыбываюць таксама адмысловыя машыны для забойства — «душагубкі». Усё гэта выкарыстоўвацца для мэтанакіраванага зьнішчэньня габрэяў.
Па словах гісторыка, у пэрыяд з траўня па сьнежань 1942 году на станцыю Менск-Таварны (цяпер Інстытут культуры) прыбывае 16 транспартаў з Заходняй Эўропы. Габрэяў зь Вены, Прагі ці Гамбургу садзілі ў вагоны і праз паў-Эўропы везьлі ў беларускую Благаўшчыну. Каб забіць.
Гэты шлях увасобіла першая частка мэмарыялу, аўтарам якой стала «Творчая майстэрня архітэктара Левіна». Каб трапіць на «расстрэльнае месца», наведнікі мусяць прайсьці паўз доўгі шэраг сымбалічных «вагонаў».
«Гэтыя габрэі па прыезьдзе адразу былі зьнішчаныя», — кажа гісторык.
«Ніводных уцёкаў. Ніхто ня выжыў»
«Я вам раскажу гісторыю габрэйскай школы з Кёльна, — кажа Аляксандар Далгоўскі. — Яна называлася „Яўнэ“. Пра жыцьцё яе дырэктара Эрыха Клібанскага распавядаецца на нашай выставе».
Да 1939 году Эрыху Клібанскаму ўдавалася адпраўляць навучэнцаў у Англію «на вакацыі». У 1942 годзе школу закрылі, а самога Клібанскага, ягоную жонку, трох сыноў і яшчэ сто школьнікаў дэпартавалі ў Менск. Разам зь імі ў цягніку ехалі больш за тысячу габрэяў з Кёльна. Усіх іх на машынах прывезьлі ў Благаўшчыну і расстралялі ці забілі ў «душагубках».
«Асаблівасьць гэтага месца ў тым, што тут не было аніякіх індустрыяльных забойстваў, як мы бачым у Аўшвіцы», — гісторык паказвае фатаздымак з нацыянальнага архіву Латвіі, зроблены ў 1962 годзе. Прыблізна так выглядала гэтае месца яшчэ некалькі гадоў таму. Цяпер на разьвілцы гэтых дарог у межах мэмарыялу зьявілася «Плошча сьмерці».
«Гэты фатаздымак стаў вокладкай каталёга выставы і публікацый апошняга году, — кажа ён. — На ім не відаць ані ахвяраў, ані злачынцаў, але шмат стрэлак. Гэтыя стрэлкі тлумачаць мэханіку забойстваў».
«Вось на гэтым месцы, дзе мы з вамі стаім, спыняліся машыны, — кажа Аляксандар Далгоўскі. — Нацысты ніколі не прывозілі сюды тысячу чалавек. Бо, напрыклад, пэрсанал менскага СД у сьнежні 1941 году налічваў 150 чалавек. Там былі, канечне, калябарацыяністы, але зьнішчыць адразу тысячу ахвяраў было цяжка. Таму прыяжджала адна машына, праз паўгадзіны ці 10–20 хвілін — другая».
У кожнай машыне было ад 30 да 60 чалавек. Выводзілі па 5–10 чалавек за раз.
«Людзі, калі выходзілі з машыны, бачылі перад сабой ахоўнікаў, — кажа гісторык. — Праз калідор ахоўнікаў яны ішлі да паляны, на якой за дзень да гэтага быў вырыты роў. Там стаяла расстрэльная каманда, прыкладна 10–15 чалавек. Асноўнай прыладай забойства былі пісталеты. Гэта азначае, што ў злачынцаў быў візуальны кантакт з ахвярай».
«Душагубкі» пад’яжджалі проста да равоў. 10–15 хвілін у машыну пускалі газ. Пасьля зьняволеныя з наступнай машыны выцягвалі забітых, і надыходзіла іх чарга быць зьнішчанымі. Расстрэльная каманда кожныя паўгадзіны мянялася з ахоўнікамі.
«Уся гэтая мэханіка не давала магчымасьці выжыць, — кажа Аляксандар Далгоўскі. — Не вядома аніводнага выпадку ўцёкаў і не вядома, каб хто выжыў».
Пра тое, як працаваў канвэер сьмерці ў Благаўшчыне, стала вядома з паказаньняў аднаго з калябарацыяністаў, які ўдзельнічаў у расстрэлах. У 1962 годзе яго прывезьлі на месца забойстваў. Адбыўся таксама судовы працэс над камандай, якая ў кастрычніку-сьнежні 1943 году з дапамогай зьняволеных менскіх турмаў выцягвала з равоў трупы і паліла іх.
Як габрэі сталі «мірнымі савецкімі грамадзянамі»
Падчас будаўнічых працаў дзеля ўзьвядзеньня мэмарыялу знаходзілі побытавыя рэчы, але парэшткаў людзей амаль не было. Тое, як пільна нацысты хавалі сьляды сваіх злачынстваў, спаліўшы ў 1943-м парэшткі забітых, тлумачыць і афіцыйную лічбу загінулых.
Надзвычайная камісія ў сваіх справаздачах назвала агульную лічбу загінулых у Трасьцянцы — 206 500 чалавек. Зь іх для Благаўшчыны вызначылі лічбу ў 150 тысяч ахвяр.
«Надзвычайная камісія ўскрыла частку равоў, вымерала масу, якая засталася пасьля спаленьня трупаў, памножыла на плошчу гэтых равоў і атрымала лічбу 150 тысяч, — тлумачыць Далгоўскі. — Якая ў ёй асаблівасьць? Яна круглая. Натуральна, ніхто ня мог так палічыць. Таму размова ідзе пра сымбалічную лічбу».
Паводле транспартных сьпісаў можна вызначыць, што ў Трасьцянец былі дэпартаваныя каля 23 тысяч габрэяў з Заходняй Эўропы.
Аляксандар Далгоўскі падзяляе думку іншых сучасных гісторыкаў і называе праўдападобнай лічбу ў 40 тысяч забітых у Благаўшчыне.
«Гэта тое, што можна рэканструяваць, — тлумачыць ён. — Лічба, якую можна пабачыць у Яд Вашэме ці ў музэі Галакосту ў Вашынгтоне, што да ахвяраў усяго комплексу, — гэта 60 тысяч загінулых».
Калі адкрывалі першую чаргу мэмарыялу ў Трасьцянцы, у гісторыкаў і сваякоў загінулых было шмат пытаньняў. Тыя, хто пісаў тэксты для мэмарыяльных шыльдаў, дзейнічалі цалкам унутры савецкай канцэпцыі гісторыі, дзе ахвяры дзяліліся на «ўдзельнікаў антыфашысцкай барацьбы» і «мірных жыхароў». Пра тое, што пад «мірнымі грамадзянамі» маюцца на ўвазе дэпартаваныя габрэі і габрэі з гета, якіх дзясяткамі тысяч, сем’ямі зьнішчалі ў Благаўшчыне, здагадацца неабазнанаму наведніку мэмарыялу немагчыма.
Устойлівыя ініцыятывы дзеля мэмарыялізацыі «лягера сьмерці» зьяўляюцца ў 1990-я. І асноўны фокус прыпадае якраз на працоўны лягер, які Надзвычайная камісія прызнала асноўным месцам злачынства.
«Чаму? Таму што калі сюды прыйшла камісія, тут былі спаленыя трупы, — кажа Далгоўскі. — У Шашкоўцы, дзе прымітыўны крэматорый замяніў месца расстрэлаў, трупы таксама спальваліся адразу, там быў попел. А ў калгасным хляве (на месцы лягера. — РС) у апошнія дні чэрвеня (1944-га. — РС) былі забітыя апошнія зьняволеныя лягера і вязьні менскіх турмаў. Там ляжалі трупы».
Гэтыя ахвяры сталі непасрэднымі доказамі нацысцкіх злачынстваў. Асноўныя фатаздымкі Надзвычайная камісія зрабіла на тым месцы.
«Але ў хляве абсалютная большасьць забітых былі беларусы, — кажа Далгоўскі. — Адпаведна, лічылася, што прыкладна гэтаксама было і ў іншых месцах. І там быў пастаўлены першы помнік. І, адпаведна, усе месцы згадваліся як месцы зьнішчэньня савецкіх партызан, падпольшчыкаў і гэтак далей».
«Савецкая культура памяці выключала габрэяў, — кажа Далгоўскі. — Менскіх габрэяў, якія былі ў гета і загінулі ў гета, пазначала як „мірных савецкіх грамадзян“». У гэтую ж катэгорыю трапілі і зьнішчаныя тут дэпартаваныя габрэі з Эўропы.
За круглымі лічбамі мы ня ведаем асобаў
Аляксандар Далгоўскі паказвае на жоўтыя шыльды на дрэвах і кажа, што, напрыклад, для сваякоў венскіх габрэяў Благаўшчына стала важным месцам памяці. «Бо найбольш аўстрыйскіх грамадзян было забіта тут. Каля 10 тысяч, — кажа ён. — Да распаду СССР пра гэтае месца ніхто ня ведаў».
У часы незалежнасьці ў Беларусі пачынаецца актыўны абмен інфармацыяй, кантактамі. «Прыяжджае вядомы нямецкі журналіст Паўль Коль. І ён да савецкіх пратаколаў Надзвычайнай камісіі дадае сьпісы і інфармацыю пра тое, што тут гэтаксама зьнішчаліся заходнія габрэі», — кажа Далгоўскі.
Першы помнік у Благаўшчыне зьяўляецца ў 2002 годзе. А ў апошняе дзесяцігодзьдзе сюды прыяжджаюць сваякі загінулых.
«Чаму яны ідуць сюды? Бо яны былі, напрыклад, у школьным музэі ў Вялікім Трасьцянцы, дзе напісана „Никто не забыт“ і вісяць фатаздымкі беларусаў, якія былі забітыя ў хляве і ў Шашкоўцы. Яны не знаходзяць там месца для сваёй памяці. Таму яны, ні з кім не ўзгадняючы, ідуць сюды і вывешваюць гэтыя цэтлікі».
Аляксандар Далгоўскі лічыць, што цяпер размова ідзе пра дэмакратызацыю памяці і індывідуалізацыю гісторыі. «Мы намацваем межы выкладаньня круглымі лічбамі, — кажа ён. — Увесь наш савецкі і часткова постсавецкі наратыў пра месцы зьнішчэньня вакол Трасьцянца — гэта круглыя лічбы. За імі мы мала ведаем канкрэтных асобаў».
Важна ня проста паставіць мэмарыял, але і вырашыць, як распавядаць пра такія месцы злачынстваў.
«Мы можам распавядаць на падставе індывідуальных лёсаў — школьніка, настаўніка, салдата, габрэя. Як ён жыў да вайны, як перасьледаваўся падчас вайны, як пра яго памяталі пасьля вайны. Або ня памяталі пасьля вайны. І чаму».
Такія мэмарыялы, як Благаўшчына і Трасьцянец, павінны стаць месцам выхаду на транснацыянальную памяць, мяркуе Далгоўскі. «Нацыянальнымі рамкамі мы тут не абмяжуемся. Калі мы будзем думаць толькі пра сваіх ахвяраў, то гэта ня стане эўрапейскім месцам памяці», — кажа ён.
«У нас ёсьць магчымасьць з дапамогай інфраструктуры мэмарыялу, і, я спадзяюся, адукацыйнага цэнтру, які будзе прывязаны да гэтага месца зьнішчэньня, памятаць лепш, чым гэта было раней», — кажа гісторык Аляксандар Далгоўскі.