У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча 9 сьнежня адкрылася новая экспазыцыя, праца над якой вялася пяць гадоў.
Экспазыцыя складаецца зь пяці заляў, кожная зь якіх расказвае пра чарговы этап у жыцьці паэта. Усе надпісы пад экспанатамі — па-беларуску і па-ангельску. Экспазыцыя ўзмоцненая інтэрактыўнымі знаходкамі — напрыклад, наведнікі могуць пагартаць электронны варыянт зборніка «Вянок» або дасьледаваць радавод Багдановіча пры дапамозе электроннага радаводнага дрэва.
Гэтыя сучасныя элемэнты экспазыцыі адзначыла першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга:
«Новая экспазыцыя — гэта наш сучасны погляд на Максіма Багдановіча, дзе гістарычныя рэчы спалучаюцца з сучаснымі музэйнымі тэхналёгіямі. А 125-годзьдзе Максіма Багдановіча — гэта наша агульнае сьвята. Гэты чалавек быў першацьветам адраджэньня нашай культуры, фармаваньня нашай сучаснай беларускай мовы, паэтам эўрапейскага ўзроўню і выдатнага таленту, які дасканала валодаў самымі вытанчанымі літаратурнымі формамі. Максім Багдановіч — наш пасланец у вялікую эўрапейскую літаратуру. Яго спадчына сагравае і натхняе нас сёньня».
Музэй быў закладзены ў 80-я гады, яго першым дырэктарам быў паэт і празаік Міхась Пазьнякоў:
«Тое, чаму мы можам павучыцца ў Максіма Багдановіча, — гэта служыць роднаму слову, роднай літаратуры і роднай Беларусі. Мы ўсе дзеці Беларусі, таму павінны рабіць усё, каб Беларусь была мірнай, прыгожай, працавітай, шчырай і ўзьнёслай. Як і Максім Багдановіч, мы ўсе разам павінны працаваць на нацыянальную ідэю, аснова якой — гэта наша беларуская мова і наша культура».
Стваральнік першай экспазыцыі музэя, вядомы майстар музэйнай справы Эдуард Агуновіч выказаў незадаволенасьць тым, што помнік Максіму Багдановічу перанесьлі да Сувораўскай вучэльні:
«Як народ мы не зусім разумеем, што цяпер адбываецца. Насамрэч, сёньня адбываецца еднасьць і чыноўнікаў, і дзяржавы, і народа, якіх яднае імя Максіма. Ён — сярод беларускіх прарокаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таму недарэчным лічу рашэньне выкінуць яго помнік да праежджай часткі, да Сувораўскай вучэльні. Трэба думаць, чым і як нам папулярызаваць гэтае імя, каб яго ведаў і шанаваў кожны. А нам Багдановіч патрэбны як чыстая крыніца, як будучыня нашай Беларусі — незалежнай. І без Багдановіча мы яе не пабудуем».
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які наведаў новую экспазыцыю ў ліку першых, сказаў, што задаволены ёй:
«Я бачу, што ў мастацкім вырашэньні гэтай новай экспазыцыі за аснову пакладзены першы варыянт, аўтар якога — Эдуард Агуновіч. Ёсьць, вядома, нюансы, зьмененыя колеры, дадалася мультымэдыя. На маю думку, гэта добра — традыцыі ў экспазыцыі не парушаюцца. Зь іншага боку, хацелася б пабачыць штосьці новае ў мастацкім вырашэньні. Але агулам я задаволены. Столькі год не было экспазыцыі, а цяпер усё зроблена».