Беларускі Дзяржаўны камітэт маёмасьці апублікаваў афіцыйную мапу зонаў, забароненых для запуску бесьпілётнікаў (а таксама, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, амаль любых лятучых аб’ектаў — хоць папяровых самалёцікаў).
Забароненыя для дронаў зоны зьявіліся ў Беларусі ў верасьні 2016 году, былі пашыраныя ў кастрычніку 2017-га. Але раней публікавалася толькі афіцыйнае тэкставае апісаньне межаў зонаў і неафіцыйныя мапы.
Цяпер, калі на афіцыйнай кадастравай мапе ўключыць пласт «Зоны запрета полёта беспилотных летательных аппаратов (авиамоделей)», можна пабачыць, дзе афіцыйна забаронена запускаць дроны без адмысловага дазволу службы бясьпекі Лукашэнкі.
Паглядзець кадастравую мапу >>
Палёты дрона забароненыя ня толькі над вайсковымі часткамі, цэнтрам Менску, МКАД і праспэктамі Незалежнасьці і Пераможцаў, БелАЭС, рэзыдэнцыямі Аляксандра Лукашэнкі, над усёй дзяржаўнай мяжой (акрамя мяжы з Расеяй), над шэрагам гарадоў і частак гарадоў.
Месцамі межы беспалётных зонаў невідавочныя. Напрыклад, палёты забароненыя над часткамі двух дамоў у менскім Уруччы-2 і паловай магілёўскай Казіміраўкі. А таксама (але ня толькі):
- Амаль усе Баранавічы дазволеныя для палётаў дронаў — акрамя паўднёва-ўсходняй часткі (ад раёну Ўсходні-1 уключна). Таксама вялікая «беспалётная зона» — вакол вёскі Русіна, у яе трапляе ў тым ліку русінскі стары млын.
- Каля траціны Берасьця — цэнтральная частка, поўнач і поўдзень — дазволеныя для запуску дронаў. Але захад (за цэнтральным вакзалам, у тым ліку над Берасьцейскай крэпасьцю) і вялікая частка ўсходу (да моста над чыгункай Камянецкай шашы і часткі гарадзкіх могілак) забароненыя.
- Запускаць дроны нельга над цэнтрам і ўсходам Горадні, але можна на захадзе, поўдні і поўначы (акрамя вёскі Лапенкі каля вайсковай базы). Беспалётная зона ў цэнтры ўключае Вялікую Траецкую і Маставую вуліцы, а таксама заходнюю частку Новага замку — над адным крылом яго можна запускаць дроны, над другім нельга. Таксама нельга запускаць дроны над усходняй паловай пляцоўкі ля Вялікай харальнай сынагогі, кавалкамі паркаў Жылібэра і Румлёўскага.
- Поўдзень Бабруйску, у тым ліку раён царквы Сьвятога Духу — беспалётная зона.
- Забароненая для палётаў заходняя палова Воршы, у тым ліку езуіцкі калегіюм, могілкі і большая частка парку «Казачная краіна» (акрамя кавалку на поўначы).
- Нельга запускаць дроны на ўсходзе Ліды — мяжа праходзіць у раёне вуліцы Качана, захоплівае палову 9-й школы. Таксама забароненыя палёты над раёнам вайсковай часткі.
- Цэлы Астрашыцкі гарадок і ўвесь Лунінец забароненыя для запуску дронаў.
- Маладзечна больш як напалову занятае «беспалётнай зонай» — палёты забароненыя ў цэнтры, на поўначы і захадзе, у тым ліку забароненыя над касьцёлам сьвятога Казіміра, але дазволеныя над суседняй капліцай.
- Геаграфічны цэнтар Полацку — «беспалётная зона», але лётаць можна над Сафійскім саборам і калегіюмам езуітаў, дрон можна запусьціць над помнікамі літары Ў і Эўфрасіньні Полацкай, а на ўсход і поўнач ад іх нельга. Можна лётаць таксама над Эўфрасіньнеўскім манастыром — беспалётная зона на поўдні ад яго.
- Менск мае найбольш «нечаканых беспалётных зонаў». Так, запускаць дроны нельга над усім гістарычным цэнтрам, ад чыгуначнага вакзалу да паркаў Янкі Купалы і Горкага (нельга над Мінабароны), у тым ліку над часткай Кастрычніцкай вуліцы і ля Музычнага тэатру. Над Траецкім прадмесьцем можна запускаць, а над тым, што па другі бок вуліцы Няміга — ужо не. Забароненыя для палётаў і зоны за Палацам спорту, вакол Палацу Незалежнасьці і БелЭкспа. У парку Чалюскінцаў можна, але над галоўнай брамай — не. Пад самай Нацыянальнай бібліятэкай можна, але да праспэкту нельга падлятаць. Круглыя «беспалётныя зоны» ёсьць між вуліцамі Кальварыйскай, Клары Цэткін і Дамашэўскай, а таксама вакол гатэлю «Пэкін». «Беспалётная зона» над полем за рынкам «Экспабел» уключае частку жылых раёнаў, а беспалётная зона над раёнам Ждановічы-1 — частку Менскага мора.Таксама нельга запускаць дроны над часткай менскага Паўднёвага Захаду, амаль усёй Малінаўкай, Пятроўшчынай, Курасоўшчынай, аж да Лошыцкага парку, над Сьцяпянкай і Акадэмгарадком, былым дыпляматычным пасёлкам у Драздах, «Менск-Арэнай» і «Чыжоўка-Арэнай».