На станцыі менскага мэтро «Плошча Леніна», што пад плошчай Незалежнасьці, 18 верасьня ўсталявалі турнікет зь бескантактным тэрміналам, на якім можна аплаціць праезд банкаўскай карткай Visa payWave. Тэрмінал стаіць на ўваходзе з боку гандлёвага цэнтру «Сталіца».
Банкаўскую картку або смартфон, які падтрымлівае аплату з адпаведнага рахунку праз тэхналёгію NFC, трэба проста паднесьці да тэрміналу — сыстэма сьпісвае адпаведную суму, і турнікет «прапускае» карыстальніка.
Паводле слоў дырэктара кампаніі «Сталічны транспарт і сувязь» Валера Шкуратава, якія перадае БЕЛТА, тэрмінал будзе працаваць у тэставым рэжыме да канца году, затым лёс праекту вырашыцца па выніках апытаньня пра яго запатрабаванасьць.
Калі праект будзе запатрабаваны, яго абяцаюць пашырыць ня толькі на мэтро, а і на наземны транспарт (там бескантактныя тэрміналы ўжо стаяць, але картак пакуль не прымаюць — толькі адмысловыя праязныя). Ці будзе пашыраная бескантактная аплата на іншыя банкаўскія карткі, напрыклад, MasterCard або БелКарт, не ўдакладняецца.
Каб стымуляваць карыстацца бескантактнымі карткамі, у Менску могуць зьнізіць цану на праезд пры аплаце такім спосабам. Гэта, кажа Шкуратаў, можа адбыцца пасьля таго, калі ў сьнежні падсумуюць першыя вынікі «бескантактнага» экспэрымэнту.