Белтэлерадыёкампанія пракамэнтавала відэазварот свайго гукарэжысэра Ўладзімера Жолудзя пра абвяшчэньне галадоўкі.
Уладзімер Жолудзь 15 лютага абвясьціў галадоўку з-за несправядлівай сыстэмы аплаты працы ў мэдыяхолдынгу.
На сваім сайце Белтэлерадыёкампанія апублікавала камэнтар пра «сапраўдныя ўмовы працы дадзенага супрацоўніка».
Паводле Белтэлерадыёкампаніі, Уладзімер Жолудзь працуе ў мэдыяхолдынгу на 0,5 стаўкі гукарэжысэра другой кваліфікацыйнай катэгорыі. За 2015 год ён меў сярэднямесячны заробак больш за 7 млн рублёў. За праект «Эўрабачаньне» яму выплацілі ганарар у памеры 1 млн 150 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, кіраўніцтва аддзелу гукарэжысэраў хадайнічала аб выплаце Жолудзеву прэміі па выніках праекту ў памеры 1 млн рублёў. 10 лютага гэта падтрымала кіраўніцтва кампаніі.
«Да ўсяго варта дадаць, што гэты супрацоўнік-паўставачнік жыве ў інтэрнаце, прадстаўленым яму Белтэлерадыёкампаніяй, за які плаціць каля 100 тысяч рублёў у месяц. Журналісты Белтэлерадыёкампаніі, гэтаксама як і многія мінчане, якія арандуюць камэрцыйнае жыльлё, напэўна пазайздросьцяць нашаму гукарэжысэру», — адзначае Белтэлерадыёкампанія.
Гукарэжысэр Белтэлерадыёкампаніі Ўладзімер Жолудзь выклаў у інтэрнэт відэаролік, у якім абвясьціў пра галадоўку.
Уладзімер Жолудзь лічыць, што на БТ існуе несправядлівая сыстэма аплаты працы. Паводле ягоных слоў, у Белтэлерадыёкампаніі супрацоўнікі маюць невялікія аклады. Сам гукарэжысэр, як кажа, атрымлівае 600 тысяч на паўстаўкі, астатні заробак — ганарары.
Непасрэднай падставай для галадоўкі паслужыла апошняя відэатрансьляцыя нацыянальнага адбору на Эўрабачаньне. За гэтую «складаную» і «тэхналягічную» працу ён атрымаў 600 тысяч рублёў.
Жолудзь ня раз агучваў гэтую праблему перад кіраўніцтвам, аднак нічога так і не зьмянілася. Урэшце яму прапанавалі звольніцца альбо зьвярнуцца да аднаго з кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі. Плянавы прыём прызначаны на 23 лютага.