27 сакавіка судзьдзя Ленінскага раённага суду Дзьмітры Астапенка прысудзіў 15 сутак адміністратыўнага арышту дырэктару «Арт-сядзібы», заснавальніку праекту Symbal.by Паўлу Белавусу.
Сьведкамі выступалі міліцыянты Яфанаў і Мікуцэвіч, якія даводзілі, што Белавус нібыта ўдзельнічаў у акцыі на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка. Павал казаў, што яны з жонкай Кацярынай ішлі ва ўнівэрсам «Цэнтральны», але іх спынілі міліцыянты і абаіх затрымалі. Відэазапіс, на якім было бачна, што маладых людзей затрымлівалі іншыя, а ня сьведкі-амапаўцы, на судзьдзю не паўзьдзейнічаў.
Праўда на нашым баку
Зь цяжарнай Кацярынай Маковіч, якую выпусьцілі з аўтазаку праз 10 хвілін пасьля затрыманьня, пагутарыў карэспандэнт Свабоды. На пытаньне, як яна трымаецца бяз мужа, упэўнена адказала: «Ведаем, што праўда на нашым баку, таму трымаемся...»
Кацярына кажа, што яны з Паўлам не пасьпелі паўдзельнічаць у акцыі на Дзень Волі, але мелі магчымасьць назіраць за ёй у «жывым эфіры» — офіс «Арт-сядзібы» месьціцца ў «Маскоўска-Венскім» гандлёвым цэнтры, і ўся дзея разгортвалася пад вокнамі:
«Добраахвотна ісьці ў рукі да тых, да каго трапляць зусім ня хочацца, было б ня надта абачліва. А хапун пачаўся жорсткі...»
Ці здагадваліся ў той момант Павал з Кацярынай, што толькі адтэрмінавалі сваё затрыманьне да наступнага дня?
«Калі ты ідзеш у такія месцы, дзе канцэнтруецца міліцыя, дзе ад самай раніцы прыпаркаваныя калёны аўтазакаў, міжволі трымаеш у галаве, што ніхто не застрахаваны ад „зачысткі“. Як ведаеце, у пастарункі трапіла шмат мінакоў, якія проста ішлі побач, па сваіх справах, нават не падазравалі, што там адбываецца. Але, думаю, Паша не выключаў, што можа здарыцца, калі ў гэты час апынуцца на Кастрычніцкай плошчы. Бо амапаўцам ніякай розьніцы — дзеці, старыя, цяжарныя. Хапун — ён і ёсьць хапун».
Павал з Кацярынай чакаюць дзіця. Для будучай мамы гэтая акалічнасьць усё ж стала своеасаблівай ахоўнай граматай. Праўда, не адразу — давялося зрабіць некалькі кругоў вакол плошчы ў аўтазаку:
«Празь невялічкія вакенцы было бачна, што езьдзім вакол Кастрычніцкай плошчы, мабыць, два ці тры разы. Потым спыніліся каля Палаца прафсаюзаў, дзе перасадзілі ў міліцэйскі „вагончык“, дзе ўжо рассоўваюць па камэрах.
Паша адразу абурыўся: „Навошта саджаць у камэру цяжарную дзяўчыну?“ Было чутна, што па рацыі некуды перадалі пра цяжарную. Неўзабаве адзін зь міліцыянтаў сказаў — усё, можаце ісьці дахаты. Такі вось гуманны жэст».
Мала таго, Паўлу нават дазволілі перадаць жонцы ключы ад машыны і кватэры. Праўда, зьвярнулі ўвагу на бірульку з надпісам «Басовішча-2009». І прагучала зьніштажальная рэпліка: «Ага, „БасовИще“? Тогда все с вами понятно...»
Што чалавеку ў пагонах стала пасьля гэтага вядома, застанецца загадкай, але маладых людзей разлучылі. Як потым аказалася, надоўга.
Ці магло паляваньне на Белавуса, добра вядомага сваімі праектамі ў культурніцкім асяродку, быць мэтанакіраваным?
«Думаю, усё ж трапіліся выпадкова. Калі АМАП прыйшоў на Кастрычніцкую, сказалі ўсім разыходзіцца. Натуральна, Павал не хацеў рызыкаваць маім здароўем, і мы пайшлі ў бок ГУМу. І калі дайшлі да Цэнтральнага ўнівэрсаму, запыталі ў амапаўца, ці можна спусьціцца ў пераход, бо за Палацам рэспублікі прыпаркаваны аўтамабіль. Кажуць, праходзьце. Мы і пайшлі назад. А наступныя ўжо затрымалі».
Амапаўцы хлусілі
Кацярына ўпершыню трапіла на суд, выступала ў якасьці сьведкі. Якія ўражаньні ад судовай сыстэмы знутры?
«Шмат што здарылася ўпершыню, але галоўнае пытаньне — навошта імітацыя, калі ўсё вядома загадзя? Шэсьць гадзін, праведзеныя ў судзе — гэта проста патрачаны час. Адразу было зразумела: якія б доказы мы ні прывялі — колькі б ні было сьведак, колькі б ні прагледзелі відэа — нічога ня будзе прынята. Праўда была на баку Паўла, амапаўцы хлусілі. Але калі апынаесься ўнутры сыстэмы, разумееш, што ад цябе нічога не залежыць».
Паводле Кацярыны, зьдзівіў ледзь не максымальны тэрмін, які судзьдзя прысудзіў Паўлу — пры тым, што фальсыфікацыі паказаньняў былі відаць няўзброеным вокам:
«Калі сказалі, што ёсьць відэа, на якім бачна, што нас затрымліваюць каля „Цэнтральнага“, а не на Кастрычніцкай, што гэта зусім іншыя людзі, а ня тыя, што сьведчаць, зьявілася надзея. Падумалася, судзьдзя — прадстаўнік закону, глядзіць на ўсё бесстароньне. Але ён узяў перапынак, паказаў відэа нейкім сваім людзям, выклікалі іншых міліцыянтаў, якія пачалі казаць, што заўважылі Пашу на Кастрычніцкай, дзе ён лаяўся матам, размахваў рукамі, і яны ўжо па рацыі перадалі, каб хулігана затрымалі каля „Цэнтральнага“. А мяне ўжо затрымалі за кампанію».
Паша трымаўся як герой
Павал Белавус добра дасьведчаны ў пытаньнях беларусізацыі, але ня мае ніякага вопыту ў судовых справах. Як, з гледзішча Кацярыны, трымаўся ён у гэтым няроўным змаганьні?
«Паша трымаўся як герой, прабачце за патас. Па сваёй прыродзе ён мяккі чалавек, і таксама ўпершыню апынуўся ў такой экстрэмальнай сытуацыі. Таму думала, што, магчыма, будзе больш хвалявацца, але ўсё адбывалася вельмі годна. Можа, таму, што быў упэўнены ў сваёй праўдзе, хлусілі якраз амапаўцы. Адпаведна, і паводзіў сябе ўпэўнена. Канечне, калі пры канцы пачуў вэрдыкт, было непрыемна. Найперш ад разуменьня сытуацыі: што б мы ні казалі, судзьдзя нас ня чуе, яму бяз розьніцы нашы аргумэнты. Адзінае, ніяк ня думалі, што будзе ажно 15 сутак, па максымуме, што маглі».
Любы досьвед у жыцьці можа спатрэбіцца, але ці той гэта выпадак у жыцьці Паўла?
Турэмны досьвед пойдзе на карысьць
«Ён таксама пойдзе на карысьць, — упэўненая Кацярына Маковіч. — Тая падтрымка, якая на нас літаральна абрынулася, вельмі прыемная сама па сабе. І я перакананая, што за гэтыя два тыдні Паша сфармуе не адну цікавую ідэю. Ён жа ня будзе там ляжаць і сканворды рашаць, а акрэсьліць шмат новых ідэй, напіша шмат новых праектаў. А можа, у выніку яшчэ адчыніцца і новая крама, хто ведае? Нават не сумняюся, што ён гэты час выкарыстае як трэба».
Сёньня Кацярына наведалася зь перадачай у турму на Акрэсьціна. Кажа, што за побыт мужа спакойная, бо ягоныя сукамэрнікі — затрыманыя падчас хапуну 25–26 сакавіка.
У камэры годная кампанія
«Там годная кампанія. Яшчэ падчас суду сказаў, што хвалявацца ня трэба, людзі ўсе прыстойныя — ноч там пераначаваць ужо пасьпеў. Будзем ліставацца, іншых спосабаў кантактаваць няма. ХХІ стагодзьдзе, усе ў інтэрнэце, відэазванкі, а вось зноў вяртаемся да забытага жанру камунікацыі».
Пасьля таго як Павал і Кацярына пабраліся шлюбам, дзяўчына звольнілася з ранейшай працы і стала паплечніцай у бізнэсе, які пачаў шпарка разьвівацца. Збольшага задзейнічаная ў праекце symbal.by — віртуальнай крамы аксэсуараў і адзеньня зь беларускай сымболікай.
«Арт-сядзіба» ўзьнікла з ініцыятывы Паўла Белавуса пры канцы 2011 году. У яе актыве «Дні вышыванкі», курсы беларускай мовы, тэатральная студыя, крэатыўныя вулічныя акцыі, канцэрты і творчыя сустрэчы з музыкамі. Некалькі разоў пляцоўку зачынялі з надуманых прычын, але яна кожны раз знаходзіла і новае месца, і новыя ідэі.