Беларусы з-за мяжы шлюць менш грошай на радзіму

Грамадзяне Беларусі, якія працуюць альбо жывуць за мяжой, пачалі дасылаць меней грошай сваякам на радзіму. Пра гэта сьведчыць афіцыйная статыстыка Нацыянальнага банку краіны.

Сёлета за другі квартал асабістыя пераводы беларусаў з-за мяжы склалі 151,7 мільёна даляраў, што амаль на 12% менш, чым за аналягічны пэрыяд летась. Магчыма, гэта зьвязана і са зьмяншэньнем заробкаў.

Статыстыка галоўнага банку Беларусі сьведчыць, што і беларускія грамадзяне сталі менш адпраўляць за мяжу пераводаў. Сёлета за той жа другі квартал зь Беларусі было адпраўлена 26,3 мільёна даляраў, тады як год таму адпаведная сума складала 37,1 мільёна.