У Расеі пацьвердзілі ўчорашнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што там гатовыя «падставіць Беларусі плячо». На ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі, гаворачы пра стан беларускай эканомікі, заявіў, што мае «цьвёрдыя дамоўленасьці з прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам Расеі»: маўляў, калі будзе вельмі цяжка, то Масква дапаможа.
Сёньня міністар фінансаў Расейскай Фэдэрацыі Антон Сілуанаў у інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі CNBC сказаў, што ў выпадку неабходнасьці магчымасьць фінансавай дапамогі Беларусі будзе разглядацца. Але ўдакладніў, што дзеля гэтага запатрабуюцца важкія прычыны: «У выпадку крайняй неабходнасьці мы гатовыя разгледзець іх просьбу аб дапамозе», — заявіў Сілуанаў, дадаўшы, што эканоміка Беларусі шчыльна ўвязаная з расейскай.
Па словах чыноўніка, разам зь беларускімі калегамі экспэрты ведамства вывучаюць сытуацыю, якая цяпер складаецца на ўсясьветных рынках: «Мы аналізуем усе фактары, якія аказваюць уплыў на эканамічную сытуацыю ў абедзьвюх краінах — у прыватнасьці, санкцыі і падзеньне цэнаў на нафту. Такія перамовы сапраўды вядуцца».
Між тым, пасьля прывязкі ад Новага году беларускага рубля да расейскага, нацыянальная валюта валіцца ў піке, ставячы сумнеўныя рэкорды. Па выніках сёньняшніх таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель працягнуў падзеньне. Даляр цяпер каштуе 15 400 рублёў (плюс 40 рублёў), эўра дадаў адразу 100 рублёў, зафіксаваўшыся на адзнацы ў 17 440 рублёў. Раніцай у менскіх пунктах абмену валюты даляр куплялі ў межах 15 500–15 650 рублёў і прыблізна па такой жа цане прадавалі. Эўрапейская валюта ішла ў сярэднім па 17 500 рублёў. У другой палове дня лічбы на некалькі дзясяткаў рублёў падрасьлі.
Тым часам на лякальным узроўні расейска-беларускае фінансавае супрацоўніцтва ўжо мае месца. Так, «Белгазпрамбанк» прыцягнуў доўгатэрміновы субардынаваны крэдыт ад сваіх акцыянэраў — ААТ «Газпром» і акцыянэрнага таварыства «Газпромбанк». Сума ў расейскіх рублях эквівалентная 150 мільёнам даляраў. Грошы прызначаныя на далейшае разьвіцьцё «Белгазпрамбанку», выдзелілі іх пароўну абодва акцыянэры. У гэтай сувязі старшыня праўленьня камэрцыйнага банку Віктар Бабарыка адзначыў:
«Апроч таго, што ў нас зьявіліся такія значныя рэсурсы ў расейскіх рублях, якія, безумоўна, умацуюць банкаўскую сыстэму Беларусі, мы ў асаблівай ступені задаволеныя, што гэтыя сродкі адразу ж запатрабаваліся ў справе падтрымкі сыстэмы разьлікаў у расейскіх рублях за энэргарэсурсы, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расеі — амаль у поўным аб’ёме яны былі накіраваныя на крэдытаваньне абласных прадпрыемстваў, адказных за газавае забесьпячэньне. Прыцягнуты крэдыт будзе мець „мультыплікацыйны эфэкт“: расейскія рублі пойдуць на абслугоўваньне асноўнага камэрцыйнага сэгмэнту „Белгазпрамбанку“, перш за ўсё экспартных прадпрыемстваў, арыентаваных на расейскі рынак, што дазволіць на краінавым узроўні разьвіваць і падтрымліваць экспарт беларускай прадукцыі ў Расею».
У Беларусі бальшыня камэрцыйных банкаў маюць замежных акцыянэраў, але такім фінансавым падмацункам пахваліцца ня могуць. Чаму? Старшыня клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін лічыць, што справа найперш у непрадказальнасьці сытуацыі:
«Скажам так: ёсьць вялікая пагроза для банкаўскага сэктару — гэта вялізная залежнасьць ад паступленьня валюты, ад замежных акцыянэраў, пазыкаў у замежных фінансавых структурах. І калі нейкі нездавальняючы фактар у нашым усходнеэўрапейскім рэгіёне будзе складацца больш сур’ёзна, то банкіры будуць абавязаныя пачаць вяртаць па запатрабаваньні тыя замежныя запазычанасьці. Што, у прынцыпе, і пачало адбывацца на пачатку мінулай восені, калі расейскія банкі ў Беларусі не атрымалі падаўжэньня крэдытных лініяў і мусілі вяртаць сумы — замест таго каб пакінуць іх у нашай эканоміцы, каб яны далей працавалі. І калі такая тэндэнцыя ўзмоцніцца, то мы атрымаем вельмі вялікія праблемы».
На гэтым тле асобныя банкаўскія ўстановы не вытрымліваюць патрабаваньняў Нацбанку. Рэгулятар распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім паведамляецца аб прыпыненьні тэрмінам на 1 год дзеяньня ліцэнзіяў на ажыцьцяўленьне асобных апэрацыяў чатырох банкаў — гэта «Банк Інвэстыцыйных Тэхналёгій», «ІнтэрПэйБанк», «Эўрабанк» і «Норд Эўропеан Банк». Прычына ў тым што банкі ня вытрымалі патрабаваньня рэгулятара — каб нарматыўны капітал складаў ня менш як 25 мільёнаў эўра ў эквіваленце.
Як паведамілі ў Нацбанку, уласьнікі названых банкаў мусяць зрабіць захады дзеля нарошчваньня нарматыўнага капіталу і ліквідацыі іншых дапушчаных парушэньняў.