Беларускія суды змогуць весьці допыты праз Skype

©Shutterstock

Ад 4 красавіка дазваляецца апытваць сьведак па грамадзянскіх і крымінальных справах празь відэаканфэрэнцыі.

Адпаведна са зьменамі ў заканадаўстве, апублікаванымі на pravo.by, беларускія суды ад 4 красавіка змогуць весьці допыты празь відэаканфэрэнцыі. Разам з тым празь відэасувязь можна будзе прадставіць да апазнаньня асобаў і аб’ектаў. Раней удзел у судовых паседжаньнях празь відэаканфэрэнцыі быў дазволены толькі ў эканамічным (гаспадарчым) правасудзьдзі.

Сыстэмы, якія дазваляюцца ці забараняюцца да выкарыстаньня, не названыя, абы забясьпечвалася «належная якасьць выявы і гуку». Верагодна, суды будуць выкарыстоўваць відэасувязь праз звычайныя мэсэнджэры кшталту Skype ці Viber.

Допыт празь відэасувязь дазваляецца ў выпадку, калі «офлайн-допыт» немагчымы — напрыклад, удзельнік працэсу ня можа прыбыць з прычыны стану здароўя. Таксама дазваляецца ён тады, калі мэтазгодны дзеля бясьпекі ўдзельнікаў працэсу (тады можна мяняць зьнешнасьць і голас), альбо калі пацярпелы альбо сьведка непаўналетнія. Таксама суд можа адмовіць у допыце празь відэасувязь, калі няма тэхнічнай магчымасьці яго правесьці або калі паседжаньне закрытае. У выпадку, калі сувязь абрываецца, паседжаньне могуць адкласьці.