Паводле інфармацыі Радыё Свабода, па становішчы на раніцу 19 сьнежня спынілі выдачу крэдытаў як мінімум два беларускія банкі — «МТБанк» і «Ідэя-банк».
Паводле крыніцы Свабоды ў банкаўскай сфэры, гэта выклікана тым, што ў сувязі з чаканьнямі дэвальвацыі кліенты «кінуліся браць крэдыты». Калі адновіцца выдача крэдытаў — невядома.
Між тым, афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма. У аддзеле па крэдытаваньні «Ідэя-банку» Свабодзе заявілі, што ніякіх абмежаваньняў па выдачы крэдытаў ня ўводзілі, і банк па-ранейшаму прымае заяўкі на крэдыты.
Атрымаць камэнтары ад «МТБанку» пакуль не атрымалася.
Тым часам, сёньняшняе рашэньне Нацбанку «па недапушчэньні разьвіцьця нэгатыўных тэндэнцыяў на фінансавым рынку» сьведчыць пра тое, што выдача рублёвых крэдытаў, хутчэй за ўсё, будзе абмежавана ва ўсіх банках. Прэс-служба Нацбанку паведамляе пра тое, што банкам рэкамэндавана «не дапускаць да 1 лютага 2015 году нарошчваньня крэдытнага партфэля ў беларускіх рублях і не ажыцьцяўляць зьмяненьне валюты грашовых абавязацельстваў пазычальнікаў па крэдытных дамовах». Гэта тлумачыцца неабходнасьцю «абмежаваньня росту грашовай масы і павелічэньня „кошту“ грошай».