Шырокі розгалас набыла інфармацыя пра тое, што малалетнія сябры казацкіх вайскова-патрыятычных клюбаў, якія дзейнічаюць пры некаторых праваслаўных храмах Віцебскай вобласьці, накіроўваюцца на ваенна-палявыя зборы ў Расею.
Так, у першай дэкадзе траўня пад Масквой прайшоў трохдзённы «майстар-кляс» для «юных казакоў», падчас якога школьнікі, у тым ліку беларускія, адпрацоўвалі тэхніку адзінаборстваў і азы валоданьня зброяй. Запрошанымі інструктарамі былі ўдзельнікі вайсковых фармаваньняў, якія дзейнічалі на баку сэпаратыстаў з так званых ДНР і ЛНР. Некаторыя баевікі не хаваюць сваіх нацысцкіх поглядаў і адзначаюцца надзвычайнай жорсткасьцю.
Арганізатар «велікодных ваенна-патрыятычных моладзевых збораў» у маскоўскіх лясах — нехта Аляксей Мільчакоў з Санкт-Пецярбургу, камандзір дывэрсійнай групы «Русіч». Партнэры — ваенізаваная суполка E.N.O.T. і «Некамэрцыйнае партнэрства па адраджэньні казацтва». Усе гэтыя сілы прапаведуюць радыкальны шавінізм пад лёзунгам «Расея — для рускіх». Мільчакоў і ягоныя сябры-наёмнікі выкладаюць у сеціва сэлфі на фоне забітых украінскіх салдатаў, пагражаючы, што так будзе з кожным, хто сумняецца ў велічы Расеі.
Ці насамрэч Талачын і Друцк — апірышчы «вялікай Расеі»?
Паводле некаторых зьвестак, да трэніровачнага лягера расейскіх нэанацыстаў далучыліся падлеткі зь Віцебску, Талачына і Друцку. Сярод арганізацый, якія імі апякуюцца, — талачынскае праваслаўнае ваенна-патрыятычнае брацтва імя сьвятых дабраверных князёў Барыса і Глеба, друцкі праваслаўны ваенна-патрыятычны клюб імя Архангела Міхаіла, ваенна-патрыятычны клюб «Школа выжываньня» пры віцебскай арганізацыі аўганцаў «Братэрства», казацкі клюб «Вароты Паазерʼя» пры Палацы творчасьці дзяцей і моладзі Віцебску.
Тым часам распачаты збор подпісаў пад лёзунгам «Скажам „не“ тэрарызму ў Беларусі!». Пэтыцыя будзе накіраваная ў сілавыя ведамствы — КДБ і МУС:
«Падтрымліваючы барацьбу міжнароднай супольнасьці з такой грамадзка небясьпечнай зьявай, як наёмніцтва, Рэспубліка Беларусь далучылася да Міжнароднай канвэнцыі аб барацьбе зь вярбоўкай, выкарыстаньнем, фінансаваньнем і навучаньнем наёмнікаў. Адказнасьць за супрацьпраўныя дзеяньні прадугледжаная адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэксу», — гаворыцца ў тэксьце.
Ініцыятары просяць патлумачыць, ці ёсьць у дзейнасьці згаданых арганізацыяў прыкметы складу супрацьпраўнага дзеяньня, якое падпадае пад артыкулы 132 і 130 Крымінальнага кодэксу — гэта выкарыстаньне наёмнікаў у ваенных апэрацыях, а таксама распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці.
Так ці інакш, факт выезду на інструктаж да расейскіх баевікоў дае падставы меркаваць, што такое «супрацоўніцтва» можа адбывацца з блаславеньня Віцебскай япархіі, у падпарадкаваньні якой знаходзяцца храмы ў абласным цэнтры, Талачыне і Друцку. Праўда, протаіерэй Андрэй Смольскі, які адказвае ў япархіі за сувязі са СМІ, ад такой дзейнасьці начыста адхрышчваецца:
«Віцебская япархія нікога нікуды не адпраўляла, гэта адназначна. Наагул, у мяне ўзьніклі падазрэньні, ці маюць усе тыя арганізацыі нейкую дзяржаўную рэгістрацыю.
Дарэчы, адна з названых аформлена пры цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі, ніякага дачыненьня да нас ня мае ў прынцыпе. Якім чынам і навошта яны „прыпісаліся“ да япархіі — ня ведаю.
Скажу так: на сёньняшні дзень інфармацыя на гэтую тэму толькі зьбіраецца, сыстэматызуецца, у іншым выпадку маглі б дакладна і залпам выпаліць. Але ў нас няма такіх аналітычных цэнтраў, як пры дзяржаўных органах. Таму трэба сабраць усе зьвесткі, прааналізаваць і высьветліць, адкуль сапраўды ногі растуць».
У віцебскім Палацы творчасьці дзяцей і моладзі карэспандэнта Свабоды запэўнілі, што ніякіх «Варотаў Паазерʼя» ў іх няма, хоць такая «каманда» на трэніровачных зборах нібыта фігуравала.
Як бы там ні было, прадстаўнік Беларускага Экзархату айцец Сяргей Лепін сказаў нашаму радыё, што інфармацыя пра магчымую датычнасьць царквы да вывазу школьнікаў зь віцебскага рэгіёну ў расейскі лягер баевікоў пад Масквой даведзена да ведама мітрапаліта Паўла:
«Калі гэта на самой справе так і ў арганізацыі лягера брала ўдзел азначаная асоба са свастыкай, якая дзеля пацехі адразала галовы сабакам і выразала крыжы на тварах украінскіх ваеннапалонных, безумоўна, гэта нас таксама турбуе. Зразумела, такога быць не павінна, і як гэта ўвогуле магло здарыцца — прадмет для адмысловага разбору. Паверце, усе гэтыя факты мы будзем для сябе дасканала высьвятляць».
Расейскія эмісары зь відам на жыхарства
Амаль да ўсіх згаданых «ваенна-патрыятычных» клюбаў маюць дачыненьне Тацяна і Міхаіл Гаўрыліны. І калі жонка ўсюды на першых пазыцыях, то муж збольшага на падстрахоўцы. Яны актыўна прасоўваюць ідэі арганізацыі «Некамерцыйнае партнэрства па спрыяньні адраджэньню казацтва «Кубанскай казацкай асацыяцыі «Россия», езьдзяць па школах, рэкрутуюць і распаўсюджваюць узнагароды з расейскім трыкалёрам, якіх няма ў дзяржаўных рэестрах.
Абое — грамадзяне Расеі, маюць від на жыхарства ў Беларусі. Да апошняга часу кватаравалі ў Віцебску.
Распаўсюджваюцца зьвесткі, што ня меншую ролю ў выхаваньні беларускіх падлеткаў на праваслаўна-казацкі манер адыгрывае іерэй Талачынскага благачыньня Алег Плаксіцкі. Прынамсі, ён курыраваў працу праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клюбу ў Друцку і меў дачыненьне да аналягічнага брацтва ў Талачыне.
Падзел паўнамоцтваў паміж сьвецкімі і духоўнымі асобамі ў ідэалягічным выхаваньні падрастаючага пакаленьня камэнтуе протаіерэй Андрэй Смольскі зь Віцебскай япархіі:
«Так, у артыкуле згаданае прозьвішча айца Алега Плаксіцкага. Наколькі я ведаю, ён з гэтымі асобамі — Гаўрылінымі — нейкім чынам перасякаўся гады два таму. Але на тым усё скончылася. Не магу сказаць, што добра знаёмы з сытуацыяй, але тыя людзі сапраўды мелі дачыненьне да расейскага казацтва. А ў такіх справах заўсёды трэба праяўляць асьцярожнасьць, мы ўсе цудоўна разумеем, якія там падводныя камяні.
Пры гэтым я не выключаю, што ў дадзенай сытуацыі асобныя СМІ нэгатыўныя моманты штучна падцягваюць, каб ачарніць імя царквы божай.
Прынамсі, для сябе раблю такія высновы, якімі з вамі і дзялюся».
Айцец Алег Плаксіцкі ў размове са Свабодай пацьвердзіў, што апошнія гады ня мае ніякіх кантактаў з Гаўрылінымі, а клюб імя Архангела Міхаіла, як і талачынскае праваслаўнае ваенна-патрыятычнае брацтва, на рэгулярнай аснове даўно не працуюць. Сьвятар запэўнівае, што ні талачынскія, ні друцкія дзеці ў зборах пад Масквой ня ўдзельнічалі. Як і ён сам — алібі пацьвердзяць прыхаджане, якія ў гэтыя дні прысутнічалі на літургіі ў Талачыне:
«У нас у свой час пры друцкім прыходзе быў невялікі казацкі клюб. Ня тое што нейкае падразьдзяленьне, а як нядзельная школа для заняткаў ваенна-патрыятычным выхаваньнем. То бок без усялякай ідэалёгіі, проста жаданьне даць любоў да сваёй Айчыны. З Тацянай Валерʼеўнай [Гаўрылінай] мы папрацавалі цягам дзесьці году. Потым я клюб закрыў і ад таго часу зь ёй ня бачыўся і не сустракаўся. Таму для мяне стала вялікай нечаканасьцю, што я нібыта недзе пабываў, ды яшчэ з казацкім клюбам. Прыкладаюцца здымкі, відэа, але ўсё далёкай даўнасьці, зь сёньняшнім днём нічога агульнага. Заяўляю адказна: ніякага нацыяналістычнага выхаваньня дзяцей не праводзілася, я сам гэтага ніколі б не дазволіў. Пра асабістыя погляды Тацяны Валерʼеўны, калі яна там была, нічога гаварыць ня буду, але паўтараю: ад 2014-га нават ня ведаю, дзе яна знаходзіцца, не кантактую ні праз тэлефон, ні ў інтэрнэце. А што тычыцца нібыта майго ўдзелу і дзяцей з Талачына і Друцку, то гэта поўная хлусьня».
Сьледзтва вядзе Экзархат: фашызм ня пройдзе!
Хто мог быць у беларускім дэсанце пад Масквой — цяпер высьвятляюць супрацоўнікі Беларускага Экзархату. Тым часам протаіерэй Сяргей Лепін кажа, што няма нічога дрэннага ў жаданьні далучыцца да патрыятычнага выхаваньня моладзі. Іншая справа, якімі мэтадамі гэта робіцца і хто менавіта спрабуе навязаць сваю пазыцыю:
«У патрыятычным выхаваньні на самой справе няма нічога дрэннага. Дрэннае можа быць у абставінах, у нюансах. Мы ня супраць патрыятычнага выхаваньня, але мы супраць таго, каб гэтым выхаваньнем займаліся фашысты, людзі, якіх ні ў якім разе нельга нават блізка дапускаць да навучаньня нашых хлопчыкаў і дзяўчатак. Яшчэ раз кажу: няма нічога дрэннага ў патрыятычным выхаваньні як такім. Але сам працэс можна рабіць дрэнна. Таму гэтая сытуацыя нас сапраўды турбуе, і мы будзем зь ёй разьбірацца».
Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці будуць зробленыя высновы ў дачыненьні да людзей, якія спрыялі такім выездам, калі факты пацьвердзяцца?
«Зразумела, хоць я і не ўпаўнаважаны камэнтаваць працу нашых асобаў, якія вядуць дасьледаваньне — тым больш тую, якая яшчэ ня зробленая. Але ж будзем спадзявацца, што калі гэта і было на самой справе, то ніколі ў будучым нічога падобнага не паўторыцца. Я хачу, каб гэта таксама было зразумела вашым слухачам і чытачам — ні ў якім разе ніякага дачыненьня да фашызму царква ня мае. Спадзяёмся, што гэта нейкі інцыдэнт, які мог адбыцца празь нечы недагляд», — кажа Сяргей Лепін.
Адметна, што летась казацкую актыўнасьць пад дахам праваслаўнай царквы дэманстравала Гарадзенская япархія, на тэрыторыі якой ваенна-патрыятычныя клюбы пачалі раптам множыцца. Ці падхопяць эстафэту іншыя рэгіёны?