Паседжаньне адбылося ў канфэрэнц-залі кінатэатру «Люцэрна». Удзел бралі прадстаўнікі шасьці беларускіх арганізацыяў, зарэгістраваных у Чэхіі: Асацыяцыя «За мадэрнізацыю», «Рух Салідарнсьці „Разам“«, Міжнародны цэнтар грамадзкіх ініцыятываў «Наш дом», суполка «Пагоня», Беларускі форум у Празе «Адраджэньне» й Беларускі гостэль у Празе.
У паседжаньні бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Чэхіі, а таксама праваабарончай арганізацыі «Чалавек у нядолі».
Удзельнікі распавялі пра дзейнасьць сваіх арганізацыяў. Кіраўнік суполкі «Пагоня» Юрка Станкевіч прапанаваў кожнай арганізацыі вызначыць для сябе пэўную нішу, каб не замінаць іншым, і больш эфэктыўна каардынаваць працу.
http://www.youtube.com/embed/3UsdH90Ag-g
Вольга Карач з «Нашага дому» зьбіраецца прывезьці ў Прагу беларускіх жанчынаў, якія былі рэпрэсаваныя ці траплялі за краты, арганізаваць для іх сустрэчы з журналістамі і чэскімі палітыкамі.
Старшыня Асацыяцыі «За мадэрнізацыю» Аляксей Францкевіч прапанаваў 19 сьнежня правесьці вялікую вулічную акцыю на Плошчы Старога гораду ў Празе з нагоды падзеяў у Менску двухгадавой даўніны.
Натальля Маковік прэзэнтавала канцэпцыю Беларускага дому ў Празе, які мае выконваць каардынацыную функцыю для беларускіх арганізацыяў, а таксама быць, як сказала актывістка, "альтэрнатыўнай Амбасадай Беларусі".
Можна меркаваць, Беларускі дом у Празе стане яшчэ адным цэнтрам беларускай эміграцыі. Падобныя арганізацыі ўжо існуюць у Вільні, Варшаве ды Кіеве.