«Я сама вучылася ў гэтай гімназіі, і таксама па-беларуску. І балы заўсёды высокія былі. Таму й сына аддаю ў беларускамоўную клясу», – сказала маці першаклясьніка Ігната Пазьнякова спадарыня Алеся.
Выпраўляюць Ігната ў «краіну ведаў» усёй сям’ёй: маці, бацька, малодшая сястрычка, а таксама бабуля Ала.
«У мяне ў самой трое дзяцей, — тлумачыць Ала Ўладзіміраўна, — Алеся меншая ў сям’і, працуе загадчыцай крамы. Яшчэ два сыны старэйшыя, і таксама вучыліся ў гэтай гімназіі. Добра скончылі. Адзін будаўнік, другі ў сыстэме Міністэрства надзвычайных сытуацыяў працуе. Зь беларускай мовай мы адчуваем сябе беларусамі».
З бацькамі і старэйшым братам прыйшоў у першую беларускамоўную клясу і Дзяніс Шашкоў.
«У нас шматдзетная сям’я, гадуем з жонкаю траіх сыноў, – апавядае бацька першаклясьніка Эдуард. – Пераехалі ў Гомлю з Брагінскага раёну. Дзяніс у сям’і сярэдні. Аддалі ў беларускамоўную клясу, бо й старэйшы сын пачынаў вучобу па-беларуску. Я так лічу: сваю мову трэба шанаваць, яна спатрэбіцца ў жыцьці, каб быць у Беларусі сучасным спэцыялістам».
Гімназія сёлета другі год запар набірае беларускамоўную клясу. Адзіная ў паўмільённым горадзе. У сярэдзіне 90-х гадоў у Гомлі 76 адсоткаў першаклясьнікаў навучаліся па-беларуску.