Беларускае „Слова 2017 году“ — „дармаед“

Радыё Свабода вызначае беларускае „Слова году“ з 2014-га. Сёлета ім стаў „дармаед“. Падзеі вакол „дармаедзкага дэкрэту“, а найперш масавыя вулічныя пратэсты супраць яго, сталі беспрэцэдэнтным для апошніх гадоў сьведчаньнем годнасьці й самаарганізацыі беларускага грамадзтва.

Варыянты для галасаваньня прапаноўвалі як журналісты, так і чытачы сацыяльных сетак Радыё Свабода. Пасьля за словы ў сьпісе галасавалі журналісты. Вось жа дармаед з абсалютнай перавагай апярэдзіў усе іншыя прапановы. У першай тройцы яшчэ былі біткойн і шуняўкі.

Выбар мае грунт. Слова дармаед:

  1. вельмі часта ўжывалі сёлета;
  2. набыло дадатковае значэньне: ‘той, каго несправядліва палічылі дармаедам, хто гэтаму актыўна пярэчыць’. Абураныя людзі ладзілі пратэсты пад назвай „Марш недармаедаў“ (Радыё Свабода вяло зь іх жывыя рэпартажы), але часам пацярпелыя ад несправядлівасьці самыя сябе звалі дармаедамі, німала не саромеючыся;
  3. пачало зьяўляцца як звычайнае, нэўтральнае ў дзяржаўных мэдыя („Зьвязда“, БелТА): падатак на дармаедзтва;
  4. ужываюць расейскамоўныя грамадзяне ды інфармацыйныя рэсурсы менавіта ў новым беларускім значэньні. У расейскай жа мове асноўнае слова тунеядец, дармоед — яго заведама гутарковы сынонім.

Пра „Словы году“

„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню такое вызначыла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хаця гэта пажадана), але яно мае быць часта ўжываным і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць адпаведных запытаў). Бывае і так, што раней вядомае слова істотна мяняе значэньне.

У многіх мовах сёлетнія „словы году“ адлюстроўваюць грамадзка-палітычныя жарсьці.

Оксфардзкія лексыкографы выбралі мэтафарычны нэалягізм youthquake ​. А паводле рэсурсу dictionary.com, словам 2017 году стаў прыметнік complicit — літаральна ‘ўблытаны, замяшаны’; саўдзельнік, той, хто пагаджаецца быць уцягнутым у незаконны ці сумнеўны чын.

Як тлумачыць рэсурс, гэта пра тых, хто захоўвае маўчаньне пра зло; маўклівае прыманьне кепскага і ёсьць complicit.

У Японіі выбіраюць „кандзі году“. (Кандзі — японскія ерогліфы кітайскага паходжаньня, якімі запісваюць аснову слова.) Сёлетні выбар — знак 北 [кіта], што значыць Поўнач. Увесь год японцы пражылі ў трывозе ад ядзерных забаваў дыктатара Паўночнай Карэі; Поўнач стала сынонімам небясьпекі.

Беларускія „Словы году“ паводле вэрсіі Радыё Свабода

2014 — вышыванка, вышымайка, вышыватнік

2015 — набэлістка

2016 — беларусафоб

Нагадаем нашую публікацыю з пары найбольш масавых дармаедзкіх акцыяў.

Моўныя парады дармаедам і падатковай інспэкцыі

Гомель. Марш абураных беларусаў. 19 лютага 2017 г.

Многія беларусы неўспадзеўкі даведаліся, што яны дармаеды. Такіх аказалася нямала, набярэцца на кампактную сярэднеэўрапейскую нацыю. Для беларускага працоўнага этасу сытуацыя дзіўная; відавочна, слова чамусьці памяняла значэньне. Разьбярэмся.

Праграма Свабоды „Цырк за дротам“

Ты туняядзец, ты дармаед! Ты еў зашмат катлет! — дае азначэньне паняцьцю дармаед рэпэр Вінсэнт.

Адрозна ад расейскага слова тунеядец (царкоўнаславянскага паходжаньня), дармаед — спрадвечнае беларускае слова. Ёсьць падобныя: мурашкаед, мясаед, людажэр, урэшце. Яны збудаваныя паводле мадэлі „есьць каго ці што? — мурашак, мяса, жарэ людзей“. Назоўнік дармаед утвораны крыху інакш: „есьць як? — дарма“. Ёсьць і варыянт дармо, як у бедаваньні хлапца, які змарнаваўся, ходзячы на пералаз да дзяўчыны:

Народная песьня „Ой, аралі хлопцы ніву“ (Ансамбль „Неруш“).

Заплаці ж ты мне, дзяўчына, што я хадзіў дармо. Значыць, дарэмна, марна хадзіў. Другое значэньне дарма(о) — гэта бясплатна, за нішто. Таксама дармова, на дармаўшчыну. Ёсьць і такое калярытнае слова, напрыклад, у Якуба Коласа: „...Паехаў машынаю дармагалам.

Вось яна, галоўная ўласьцівасьць лянівага і хітрага дармаеда — усё спажываць дармагалам!

Шляхоцтва, мяшчанства, дармаедзтва

Яшчэ ў зборніку павучаньняў сярэдзіны XVII стагодзьдзя бачым рытарычнае пытаньне: Як ... глядзеці маю на тыя дармаеды. Пакута, ганьба.

У ХІХ стагодзьдзі Іван Насовіч запісвае ў народнай мове гняздо аднакаранёвых словаў:

Дармавое — ‘Прыбытак, атрымваны бяз працы ці заслугаў’. Дармавога нічога на сьвеце няма. Дармавое прахам бярэцца.

Дармаеднага хлеба захацеў, пусьціўся красьць.

Спасіба за абед, што пайдаў дармаед (г. зн. пад’еў).

Дармаедаў многа, а работаць некаму.

І — увага — слова-падарунак для цяперашняе шматлюднае дармаедзкае грамады: дармаедзтва — гэта ня толькі чым дармаед займаецца. Насовіч тлумачыць:

дармаедзтва — гэта ‘общество лентяевъ и празднолюбивыхъ’. Сабралася дармаедзтва (часта кажуць жартам пра гасьцей).

То вы, шаноўныя „новыя дармаеды“, усе разам складаеце беларускае дармаедзтва — можна сказаць, сацыяльную групу, стан, як шляхоцтва ці мяшчанства!

Ты лайдак і абібок!

У народзе тых, традыцыйных, дармаедаў не ўхвалялі. З гаворак: Як можно, не пагналі кароў пасьвіць, дармаеды вы! Дармаед ты, валяч! (в. Стральцы Горадзенскага р-ну). Нашто ў дому дармоеда годоваті (в. Курашэва Чыжаўскай гміны). Карацей, лайдакі, гультаі. Оо, беларуская мова багатая на сынонімы для такіх:

гультаіна, абібок, лежабок, лежань, лянівец, нядбалец (разм.); лайдак, лайдачына, лодар (разм. непахв.); завала, валяч, загавайла (абл.).

Гэтую калярытную калекцыю сабраў Міхась Клышка ў сваім „Слоўніку сынонімаў“. Яе ведаюць беларускія настаўнікі і ўжываюць у выхаваўчых дыскусіях з вучнямі, якія творча пераказаў Зьміцер Сідаровіч:

— Ты лайдак і абібок,
Ты ня вывучыў урок,
Ты ня ведаеш зусім
Анічога ані ў чым!
Добра ўчора адпачыў?!
— Я вучыў!..

(„Дзіцячы альбом“, вып. 2)

Вось з такіх, відаць, і вырастаюць пасьля зацятыя дармаеды :-)

Сакральныя і міталягічныя апекуны дармаедаў

З народнай мудрасьці можна даведацца, хто ў дармаедаў сакральны апякун:

Лежань ты пятроўскі! — скажуць ва Ўсходняй Беларусі (П. Растаргуеў запісаў на Смаленшчыне). Пятроўскі — гэта хто ляжыць і нічога ня робіць у гарачы час касавіцы ў чэрвені, на сьв. Пятра.

Тыя ж дармаеды, якія цікавяцца даўнейшай міталёгіяй, павінны ведаць: на Гомельшчыне на лянівую жанчыну кажуць сядзіць як копша. А Копша — гэта ж вядомае хтанічнае боства, валадарыня царства мёртвых, уся ў сажы і смале (як сьведчыць П. Шпілеўскі).

Дэталёвая клясыфікацыя дармаедаў

Менш вусьцішныя, але разнастайныя сваёй мэтафарычнасьцю запісаныя ў розных беларускіх землях выразы пра дармаедаў-гультаёў з дадатковымі сэмантычнымі адценьнямі:

ледач, атландзер ‘бестурботны чалавек і гультай’, біндзюгайла, блында ‘які бадзяецца бяз справы’, апруда ‘гультай і да таго ж пражэрлівы’, валяч ‘гультай, які любіць шмат спаць’, дзяндзівер ‘лянівы і балбатлівы чалавек’, ад назвы птушкі, дуда Мамонава! ‘калі не разумее ніякай работы’ — хто ж там быў той Мамон? Завалюга, кацьмак ‘гультай, нядбайны чалавек’, лабідуда, додаль, какора, лагіза, лакіза вантух, павала ‘проста гультай’, лантух ‘тоўсты і гультаяваты чалавек’, логмін ‘з хаты лянуецца выйсьці’.

А таксама:

пáмак ці помак (Вот памак, ляжыць і не павярнецца) ‘намоклае бервяно, палена’ і ‘тоўсты, бязвольны чалавек; гультай’, пячурнік (Ён у нас пячурнік: як находзе зіма, дык стараецца скарэй заняць печ) — гэта на Вялейшчыне, а на Мсьціслаўшчыне, паводле Янкі Бялькевіча, з тым жа значэньнем ворапень, баўтрук ‘здаровы, але лянівы чалавек’, саўмэла (Соўгаецца бы саўмэла) ‘чалавек, які ходзіць сюды-туды бяз справы’ (запісаў Іван Лучыц-Федарэц у Дарагічынскім раёне).

Саўмэла хаця б ходзіць, але клясычны гультай ляжыць —

як апока, як калода, як камень, як плаха, як кот на печы, як пан, як пласток, як прасла.

Выбачайце, трэба ж гендэрная раўнавага:

І такая туйка, ды ўжо з туек туйка! (запісаў Мікола Касьпяровіч на Віцебшчыне), валяваха ‘лянівая’, ацесьліўка ‘непаваротлівая і гультаяватая’. Пра апошнюю ёсьць клясычная песьня:

„Песьняры“, 1971 год

То беларускія дармаеды і дармаедкі, выбірайце сабе сынонім на свой густ!

І падатковая інспэкцыя можна завесьці асобныя тэчкі-файлы для пячурнікаў, бэйбасаў, саўмэлаў, павалаў і кацьмакоў. А таксама для латругаў і додаляў. І каб кожная туйка, калода і аторва мела свой статус і спэцыяльны фармуляр „ліста шчасьця“.

Дармаеды = крывапіўцы й жываглоты!

Вернемся да гісторыі. Раней традыцыйныя народныя словы прыліпалі да тых, хто ня дбаў пра ўласную гаспадарку, лайдачыў, шкодзячы самому сабе і ўжо тым самым грамадзе.

Але сэмантыка некаторых словаў перакулілася, калі ў нашай частцы Эўропы завяліся бальшавікі. Новая ўлада ўкладала людзям у галовы, што яны цяпер свабодныя ад ранейшых дармаедаў-прыгнятальнікаў (тут народныя сынонімы ўжо іншыя: абдзірала, зьдзірца, шкурадзёр, жывадзёр, жываед, жываглот, крывапівец, крывапіўца, крывасмок; паразыт, чужаед, чужапас). Праўда, у „дармаеды-прыгнятальнікі“ таксама патрапілі і звычайныя культурныя й заможныя сяляне, талковыя прадпрымальнікі, лішне разумныя інтэлектуалы, сьвятары.

Мы ўсе работнікі, сяляне —
Сусьветны рой працаўнікоў —
Мець будзем на зямлі ўладаньне —
А дармаеды прэч! Далоў!

Жывіцца целам нашым годзе
Усім трутнём ды груганом!
Для нас, паўстаўшых, сонца ўсходзе,
Сьвяціць нам будзе век вяком!


(Міжнародны камуністычны гімн „Інтэрнацыянал“, пераклаў на беларускую Янка Купала ў 1921 г., пазначыўшы гэтым пачатак сваёй „нутраной эміграцыі“, — выраз Ант. Адамовіча)

Неўзабаве высьветлілася, што пры новай уладзе вынікі працы чалавеку зусім не належаць. У беларускіх сялян і майстроў забралі ўласнасьць. Зьявіліся калгасы, дзе за працу налічвалі ня грошы, а фармальныя працадні. Псэўдафальклярысты забясьпечвалі новае жыцьцё ідэйна — кляпалі нібыта народныя прыказкі:

Хто ў калгасе ня робіць, той калгасу шкодзіць.

Працаваць яму лень, а крычыць: мала на працадзень.

Гультай — то калгас ня лай.

Калгаснае ХХ стагодзьдзе ўдарыла па працоўнай этыцы беларусаў, хаця дарэшты яе ўсё ж не разбурыла. Але застаўся недавер да сыстэмы — і да камуністычнай, якая забірае ў людзей уласнасьць, і да посткамуністычнай, якая не дае гарантыяў прыватнай уласнасьці, якая не бароніць чалавека, а крэатыўна накладае падаткі на тых, хто ня можа знайсьці працу.

Заплачу падатак, бо маю дэпутата

Слова падаткі важнае, яно патрапіла ў сталыя выразы моваў сьвету. Калі Брытанія абклала амэрыканскіх каляністаў дадатковымі падаткамі, яны вуснамі Джэймса Отыса заявілі:

No taxation without representation!

Taxation without Representation is Tyranny

Выслоўе назаўсёды ўвайшло ў ангельскую мову. Даслоўна яно азначае ‘няма ападаткаваньня без прадстаўніцтва’, ніякіх падаткаў без свабодных і справядлівых выбараў. Толькі створаны ў выніку такіх выбараў урад можа распараджацца сродкамі грамадзянаў. „Ападаткаваньне без прадстаўніцтва ёсьць тыранія“, — лічылі абураныя каляністы. Гісторыя з падаткамі прывяла да Амэрыканскай рэвалюцыі ды стварэньня Злучаных Штатаў Амэрыкі. У беларускай мове падобнага выслоўя пакуль няма.

***

Папраўдзе калі працавітыя і адказныя людзі аказаліся ў нявыкрутцы, пачуваюцца як у кляшчотках, у іх непярэліўкі, — ніякія яны не дармаеды. Іх можна так называць толькі жартам. Або са злосьці.

Апублікавана 18 лютага 2017 г.