«Беларускае пяціборства» сабрала рэкордную колькасьць удзельнікаў

Удзельнікі сёлетняга «Беларускага пяціборства»

14 студзеня ў Магілёве прайшло беларускамоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва «Беларускае пяціборства-2015». Чатырнаццаты раз яго праводзіла Магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы пры садзейнічаньні Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Спаборніцтва сабрала рэкордную колькасьць вучняў — 45 спаборнікаў, хоць, паводле арганізатараў, рэкляма была ня дужа актыўная. У 2011 годзе было 42 удзельнікі.

Традыцыйна ўдзельнікі адказвалі на пытаньні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Адказы вучні мусяць даваць толькі па-беларуску. Якасьць мовы ўлічваецца пры падвядзеньні вынікаў.

Сябра ТБМ і ініцыятар правядзеньня спаборніцтва Міхась Булавацкі:

«Я так разумею, што ў тых навучальных установах, вучні якіх удзельнічалі ў „Пяціборстве“, і асабліва калі і прызы прывозілі, розгалас ад гэтага быў. Спадзяюся, што сёлета ўдзельнікі пакажуць лепшую мову. Заўсёды такое спадзяваньне ёсьць, але слабае. Удзельнікі дужа засяроджана рабілі заданьні. Я выклікаю іх на кніжную лятарэю, а яны ня чуюць. Значыць, хочуць напісаць як мага лепей, каб атрымаць нейкі прыз ці заняць больш высокае месца. Гэта, аказваецца, для іх прэстыжна».

Максымальны бал на «Беларускім пяціборстве» — 300. Рэкорд спаборніцтва трымаецца ад 2004 году, калі 214 балаў за свае адказы набрала навучэнка першай магілёўскай гімназіі Фешчукова.

Вынікі сёлетняга спаборніцтва падвядуць пазьней. Пераможцы атрымаюць каштоўныя падарункі і кнігі.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Міхась Булавацкі

Аднак Міхась Булавацкі адзначае, што год ад году якасьць беларускай мовы ў вучняў горшае:

«Мове кульгае ў іх, бо яны яе вывучаюць ня ў поўным аб’ёме. Яны вывучаюць яе як мову замежную. Трошкі пагаварыць пра прыроду, пра сям’ю. А вось пытаньні нестандартныя, напрыклад, матэматычныя пытаньні — ужо праблема разьвязаць. Адказаць на пытаньні па біялёгіі — нават ня кожны цяпер ведае, хто такая вавёрка. Белку згадаюць, а вось вавёрку — дык не. Тэрміналёгіі ведаюць дужа мала навуковай. Гэта праблема дзяржавы. Дзяржава не падтрымлівае больш актыўна вывучэньне беларускай мовы. На вялікі жаль».​

Адкажыце на пытаньні «Пяціборства». Адказы дасылайце ў камэнтары