БНР — не „ДНР“. Ня ўсе „народныя рэспублікі“ сапраўды народныя

Капэрта да 80-годзьдзя незалежнасьці БНР. Выданьне Рады БНР

Беларуская Народная Рэспубліка, БНР [бэ-эн-эр]. „Народная“ тут азначае і народаўладзьдзе, і нацыянальную дзяржаўнасьць, на заходнія мовы перакладаецца як „дэмакратычная“. А ў назвах савецкіх сатэлітаў „ПНР“, „МНР“ ды цяперашніх марыянэтак „ДНР-ЛНР“ эпітэт „народная“ — аблудны.

Сьцісла:

  • Чаму Народная Рэспубліка? Лацінская res publica і так азначае ‘справа народная’, ‘рэч паспалітая’.
  • Першым у нашым рэгіёне формулу Народная Рэспубліка вынайшаў праф. Міхайла Грушэўскі. 20 лістапада 1917 году на ягоную прапанову Ўкраінская Цэнтральная Рада абвясьціла УНР.
  • Рэспубліка парывала з манархіяй, а эпітэт народны — і пра волю народу, і пра суб’ектнасьць нацыі: Рэспубліка беларускага народу.
  • Бальшавікі спрабавалі перахапіць прывабную назву для сваіх марыянэткавых утварэньняў („Украінская народная рэспубліка Саветаў“, „Бухарская народная савецкая рэспубліка“).
  • Пасьля вайны так называліся сатэліты камуністычнай Масквы (Польская ды іншыя „народныя рэспублікі“).
  • І ў цяперашніх тэрарыстычных утварэньнях „ДНР-ЛНР“ няма ані волі народу, ані рэспубліканскага ладу.
  • У дакумэнтах БНР па-француску дзяржава завецца la République démocratique. Народаўладзьдзе = дэмакратыя. І на іншых заходніх мовах яе лепш называць „дэмакратычная“. Ніякай сугучнасьці з „ДНР-ЛНР“.
  • Вымаўляйма БНР літара за літарай: БЭ-ЭН-ЭР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята

Чаму „Народная“?

9 сакавіка 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьціў Беларусь Народнай Рэспублікай. Яе незалежнасьць была абвешчана 25 сакавіка. Чаму менавіта Народнай? Здавалася б, лацінскі выраз res publica — ‘справа народная’, ‘рэч паспалітая’ — ужо мае на ўвазе народаўладзьдзе.

Застануся ў межах моўных развагаў, а гістарычныя вехі, калі трэба, удакладняць гісторыкі. Здаецца, першым у нашым рэгіёне формулу Народная Рэспубліка вынайшаў праф. Міхайла Грушэўскі. 20 лістапада 1917 году на ягоную прапанову ІІІ Унівэрсалам Украінскай Цэнтральнай Рады абвешчана Ўкраінская Народная Рэспубліка. (А яе незалежнасьць — IV Унівэрсалам ад 22 студзеня 1918 г.)

Цягам некалькіх месяцаў на постымпэрскай прасторы былі абвешчаныя яшчэ некалькі Народных Рэспублік: Крымская (13 сьнежня 1917 г.), Кубанская (28 студзеня 1918 г.), пазьней Азэрбайджанская (28 траўня 1918 г.), Заходнеўкраінская (13 лістапада 1918 г.).

Украінскі альгарытм і ўзоры не маглі не ўплываць на беларусаў. Зрэшты, як Грушэўскі, так і многія заснавальнікі БНР левай арыентацыі пачуваліся ўкарэненымі ў народніцкую грамадзка-палітычную традыцыю (для беларусаў гэта група „Гомон“). У трох нашых Устаўных Граматах слова народ, народы і аднакаранёвыя ўжытыя 44 разы.

І Устаўная Грамата. 21 лютага 1918 г. (Копія)

ІІ Грамата падводзіць да абвяшчэньня Народнай Рэспублікі адпаведнымі словамі:

(...) Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5–17 сьнежня 1917 року‚ дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіу на яе землях рэспубліканскі лад. Выпауняючы волю Зьезду і баронючы дзержауные правы народу‚ Спауняючы Камітэт Рады Зьезду гетак пастанауляе аб дзержауным устрою Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народау:

1. Беларусь у рубяжох разсялення і лічбеннай перавагі беларускаго народу абвешчаецца Народнаю Рэспублікай. (...)

(Паводле: Архівы БНР. Т. І. Кн. 1. Укл. С. Шупа. Вільня—Нью-Ёрк—Менск—Прага, 1998.)

Рэспубліка парывала з манархіяй, а эпітэт народны меў падкрэсьліваць і народаўладзьдзе, і адначасова суб’ектнасьць беларусаў як нацыі. Народ тут, відавочна, то ўсе жыхары краіны, то беларусы паводле нацыянальнай прыналежнасьці, а народы ў множным ліку — этнічныя групы.

За сваю францускую яны ня мусяць выбачацца

Здавалася б, прыметнік народны на заходнія мовы мусіў перакладацца аднакаранёва з назоўнікам народpeople’s/popular, populaire, volkes...

Блянк пашпарту БНР

Але ў дакумэнтах БНР — у пашпартох, на пячатках, у перакладах афіцыйных лістоў — па-француску дзяржава завецца la République démocratique. Гэтак у дыпляматычным пашпарце ўзору 1919 году з подпісам прэм’ера Антона Луцкевіча, у лісьце да мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы ў траўні 1919 г., у лісьце Вацлава Ластоўскага на імя старшыні Лігі Нацыяў ад 16 сьнежня 1920 г. ды ў іншых дакумэнтах. (Тады яшчэ слова Беларуская перадавалі ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі: ня толькі de Belarous, але і Blanche-Ruthénienne, de la Ruthénie Blanche, de la Russie Blanche і інш.)

Праўда, Мэмарандум для Лігі Нацыяў Пётра Крачэўскі падпісаў у ролі Le président de la Republique Nationale de la Ruthénie Blanche (Прага, травень 1926 г.). Але так было рэдка.

І па-ангельску таксама дэмакратычная, як у падпісаным А. Луцкевічам у Парыжы калектыўным пратэсьце супраць міжнароднага прызнаньня адм. Калчака ад 17 ліпеня 1919 г. Там White-Ruthenian Democratic Republic. У навуковых выданьнях па-ангельску прыметнік Democratic пасьлядоўна ўжывалі і пасьля ІІ Усясьветнай вайны, калі ангельская стала галоўнаю міжнароднаю моваю: Jan Zaprudnik. Constituent Charters of the Byelorussian Democratic Republic (пераклад Thomas E. Bird і Jan Zaprudnik, „Запісы“ № 13, 1975). Перадрукаваныя ў „Byelorussian Statehood: Reader and Bibliography“ ў 1988 г.

Старонкі з кнігі Byelorussian Statehood, 1988

​Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі ў 1991 годзе ў навуковых працах зьяўляецца прыметнік Belarusan, і дзяржава называецца Belarusan Democratic Republic (BDR). Гэтак у кнігах „Belarus: At a Crossroads in History“ Яна Запрудніка (1993), „Belarusans in the United States“ Вітаўта Кіпеля (1999) ды іншых. Гэтая назва (з варыянтам Belarusian) і скарот BDR сталі стандартам у ангельскамоўных тэкстах. Часам даюць і BNR — для пазнавальнасьці.

Відавочна, Народная для айцоў-заснавальнікаў Рэспублікі адпавядала паняцьцю δημοκρατία — народаўладзьдзе. Падобна мысьлілі ў іншых новаабвешчаных дзяржавах. У дыпляматычным пашпарце УНР па-француску — La République Démocratique d’Ukraine. Аналягічна ў Азэрбайджане: Нацыянальная рада абвясьціла Azərbaycan Xalq Cümhuriyyəti. Xalq — народ; дэклярацыя Незалежнасьці мела і францускую вэрсію, а там La République Démocratique de l’Azerbaidjan.

Адрасат Кайзэр выбыў — і загучаў фольк

Аднак па-нямецку пісалі іначай. У згаданым дыпляматычным пашпарце БНР ёсьць і нямецкі тэкст: Wir, die Regierung der Weissruthenisches Volksrepublik (Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі…) — з даслоўным перакладам тэрміну Народная як volks-.

Кайзэр Вільгельм ІІ, адрасат

Чаму ж менавіта на нямецкую пераклад інакшы? У нямецкамоўнай прасторы пасьля сыходу праславутага кайзэра зь яго ліставаньнем зьявіліся дзяржавы з азначэньнем „народная“: Volksstaat Hessen (Народная дзяржава Гэсэн), Freie Volksstaat Württemberg (Свабодная народная дзяржава Вюртэмбэрг), Volksstaat Reuß (Народная дзяржава Ройс) у цяперашняй Турынгіі, урэшце Volksstaat Bayern. Назваю адмяжоўваліся ад манархічнай мінуўшчыны. І яна ня сьведчыла пра камуністычнасьць, адрозна ад прыметніка „савецкая“.

Яшчэ прыклад некамуністычнай народнай рэспублікі ў Цэнтральнай Эўропе — Magyar Népköztársaság, Вугорская Народная Рэспубліка (зь перапынкам зь лістапада 1918 па лета 1919 г.). Каб ня блытаць з пасьляваенным савецкім сатэлітам, яе часьцей называюць Першай Вугорскай рэспублікай, апускаючы прыметнік народная як збыткоўны.

Тэрмін „народная рэспубліка“ ўзурпавалі бальшавікі

Так, народныя рэспублікі двух відаў блытаць нельга. За прывабны эпітэт народны ішла барацьба. Ім спрабавалі палепшыць сваю рэпутацыю бальшавікі: успомнім хаця б „народных комиссаров — наркомов ды „наркоматы“. Назва марыянэткавай „Украінскай народнай рэспублікі Саветаў“ (Харкаў, 25 сьнежня 1917 — 19 сакавіка 1918 г.) відавочна перанятая ад УНР з мэтаю заблытаць грамадзтва і адкалоць ад апошняй тэрыторыю.

Гэта была першая ўзурпацыя бальшавікамі тэрміну народная рэспубліка. Пазьней былі Бухарская (1920–1924) і Харэзьмійская (1920–1923) „народныя савецкія рэспублікі“; сатэліты камуністычнай Масквы — Тувінская (1921) і Мангольская (1924) Народныя Рэспублікі.

Ну а пасьля ІІ Усясьветнай вайны вайны азначэньне пашырылася на Цэнтральную і Паўднёвую Эўропу, якую кантраляваў СССР (тут „народнымі рэспублікамі“ пабывалі Альбанія, Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Румынія, фэдэрацыйная Югаславія). Такія назвы ўжо адназначна перакладаліся на ангельскую і францускую як People’s і populaire ды сыгналізавалі, што дзяржава недэмакратычная і, хутчэй за ўсё, залежыць ад Крамля.

„ДНР“ перакладаюць як „People's Republic“

Менавіта з тымі ПНР і МНР і „рыфмуюцца“ цяперашнія згарбузаваныя на акупаванай частцы Ўкраіны тэрарыстычныя ўтварэньні „ДНР-ЛНР“, дзе няма ані народу, ані народнасьці, ані рэспубліканскага ладу.

БЭ-ЭН-ЭР не „дыныры“

Як вымаўляць абрэвіятуру БНР? Зразумела, літара за літарай. Усе яны ў новай беларускай азбучнай традыцыі назваў не мянялі: БЭ-ЭН-ЭР. (Такі фармат назваў — звычайна „выбухны зычны + Э“ і „Э + невыбухны зычны“ — стварылі яшчэ рымляне.) Носьбіты беларускай клясычнай моўнай (і БНРаўскай палітычнай) традыцыі — як Івонка Сурвіла — выразна і пасьлядоўна кажуць Бэ-эН-эР.

То адкуль жа бярэцца вымаўленьне „бэ-нэ-эр“? Яго не патлумачыш імкненьнем да мілагучнасьці: і ў першым, і ў другім выпадку ёсьць зьбег галосных „э-э“. Значыць, cherchez le Russe?

Але і ў расейскім вымаўленчым стандарце, зафіксаваным у слоўніках пад рэдакцыяй культавага Д. Розэнталя, абсалютную бальшыню літарных абрэвіятураў вымаўляюць паводле назваў літараў: ХДС [хадээс], СНЛАД [эсэнэладэ], СФРЮ [эсэфэръю] (дзьве апошнія ўжо сталі гістарычнымі). Цягам ХХ стагодзьдзя расейская норма рабіла пэўныя саступкі прастамоўнаму называньню літараў, але толькі для сьвісьцячых С і Ф: ФРГ [фээргэ]. Называць літары для санорных гукаў прастамоўным чынам (як МЭ) у скаротах не дазваляецца. Скароты МНР і ПНР расейскія артаэпічныя слоўнікі патрабуюць вымаўляць толькі як эМ-эН-эР і Пэ-эН-эР.

На жаль, беларускія афіцыйныя нарматыўныя даведнікі тут не дапамогуць. У „Арфаэпічным слоўніку беларускай мовы“ 2017 г. (да якога наагул шмат пытаньняў) літарных абрэвіятураў няма ўвогуле. „Слоўнік беларускай мовы“ 1987 году пад рэдакцыяй М. Бірылы падаваў некаторыя такія скароты з рэкамэндаваным вымаўленьнем. Вымаўленьне ВСНГ як [вэсээнгэ] там яўна ўзята з ВСНХ [вэсэ...] у расейскіх даведніках. Чаму ВТНУ (вышэйшая тэхнічная навучальная ўстанова) трэба вымаўляць [вэтээну], а амаль тоесны тэрмін ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова) ужо як [вэнэу]? Усё, па-першае, несыстэмна, па-другое, няясна, на аснове якой масавай размоўнай практыкі беларускамоўных рабіліся абагульненьні.

Наагул жа для паніжэньня статусу зьявы пры яе апісаньні выкарыстоўваюць прастамоўе. У тым ліку прастамоўныя, непісьменныя назвы літараў. Менавіта таму тыя марыянэткавыя ўтварэньні жартам называюць, прыкладам, „дыныры-лыныры“.

Першая вэрсія публікацыі 24 сакавіка 2018 г.