Турэччына без расейскіх турыстаў і чаўнакоў, аднак ва ўмовах пастаяннай тэрарыстычнай пагрозы. Стамбул — вачыма беларускай валянтэркі.
Падчас рэйду пасьля ўчорашняга тэракту на галоўнай плошчы Стамбула — Султанахмет — турэцкія спэцслужбы затрымалі трох расейцаў, якія падазраюцца ў «лягістычнай падтрымцы» баевікоў так званай Ісламскай дзяржавы.
Ахвярамі выбуху каля Нямецкага фантану, на мяжы стагодзьдзяў падараванага гораду кайзэрам Вільгельмам ІІ, сталі 10 чалавек, яшчэ паўтара дзясятка атрымалі раненьні. Па злой іроніі, амаль усе, хто загінуў, — грамадзяне Нямеччыны.
Вось ужо суткі ў найбуйнейшым мэгаполісе Турэччыны дзейнічае надзвычайны рэжым. 19-гадовая менская студэнтка Ганна месяц працуе ў Стамбуле за гувэрнантку, дапамагаючы з ангельскай мовай 10-гадовай дзяўчынцы ў тамтэйшай сям’і, і кажа, што ў «даўнтаўн» без патрэбы лепш ня сунуцца. Па яе словах, усялякае перасоўваньне на значнай частцы гістарычнага цэнтру абмежаванае, сьледчыя экспэрымэнты могуць заняць не адзін дзень:
«Плошча Султанахмет літаральна наводнена паліцыяй і спэцслужбамі. Таксама шмат людзей у форме на Істыкляль-стрыт, таму што гэта самая галоўная „артэрыя“ Стамбула, па ёй увесь час сюды-туды ходзяць турысты, адбываюцца ўсе масавыя шэсьці. Карацей, там пастаянна шматлюдна. Мяне абшукалі проста пасярод вуліцы: падышлі двое, прычым мужчына быў у форме, дзяўчына — у цывільным. Сказалі, што паліцэйская праверка, папрасілі адчыніць сумку, пачалі там усё перамацваць. Пры гэтым тэрыторыя была аточана па ўсім пэрымэтры, уключна з Галацкай вежай і паловай суседніх вуліц — усё пад кантролем сілавікоў. Але збольшага гэта тычыцца цэнтральнай часткі Стамбула, звычайна ў спальных раёнах паліцыянтаў я ня бачу».
Турэцкія ўлады паведамляюць, што тэракт учыніў сырыйскі «сьмяротнік», 27-гадовы Набіль Фадлі. Не выключаецца, што яму дапамагалі грамадзяне Расеі, якіх багата сярод прыхільнікаў Ісламскай дзяржавы (паводле ацэнак міжнародных аналітыкаў, у шэрагах баевікоў блізу 2,5 тысячы расейцаў). Ці адбіўся гэты факт на гарадзкім антуражы?
«Вельмі шмат паліцыі каля амбасады Расейскай Фэдэрацыі — дыпляматычнае прадстаўніцтва таксама разьмяшчаецца на Істыкляль-стрыт. Там круглыя суткі стаяць два вялікія браніраваныя аўтобусы, навокал — узброеныя людзі з аўтаматамі. Нават сфатаграфавала адзін момант: калі ў амбасаду камусьці патрэбна, яго саджаюць у аўтобус і вязуць на тэрыторыю. То бок настолькі высокія меры засьцярогі, што задзейнічаюць куленепрабівальную тэхніку. Яны рэальна баяцца непрыемных сюрпрызаў».
Адносіны Турэччыны з Расеяй перайшлі ў канфліктную фазу пры канцы мінулага году, калі турэцкія вайскова-паветраныя сілы зьбілі расейскі вайсковы самалёт. Анкара настойвае, што зьнішчальнік быў абстраляны пасьля неаднаразовых папярэджаньняў пра недапушчальнасьць парушэньня паветранай прасторы, у Маскве ж запэўніваюць, што «Су-24» выконваў у Сырыі «міратворчую місію» і да турэцкай мяжы нават не даляцеў. Узаемныя папрокі выліліся ў маштабныя антытурэцкія санкцыі. Мая суразмоўніца кажа: на думку мясцовых жыхароў, Расея той інцыдэнт наўрад ці даруе:
«Я размаўляла з хост-бацькам сваёй выхаванкі наконт сытуацыі ў стасунках з Расеяй. Дык вось ён перакананы, што Пуцін інцыдэнт са зьбітым самалётам Турэччыне так лёгка ня спусьціць. Гэты мужчына, дарэчы, вельмі прасунуты, сучасны, атрымаў адукацыю ў Брытаніі. Лічыць, што Расея наўмысна акружае Турэччыну з усіх бакоў, разьмяшчаючы ваенныя сілы ў Армэніі, Сырыі. І ў тым, што Пуцін нейкім чынам возьме рэванш, — амаль не сумняецца. Па яго словах, расейскі бок будзе намагацца справакаваць сытуацыю, каб забраць жыцьці туркаў — як помсту за сваіх пілётаў. Гэта можа пачацца нават як нявінны інцыдэнт, але потым перарасьці ў штосьці больш сур’ёзнае. Прынамсі, такога павароту не выключаюць і іншыя мясцовыя, дапускаюць, што нешта можа адбыцца. То бок Пуціна, ягонай непрадказальнасьці рэальна баяцца».
За апошнія два дзясяткі гадоў Турэччына стала для расейскіх турыстаў галоўнай здраўніцай — штогод на ўзьбярэжжах Міжземнага і Эгейскага мораў адпачывала блізу 4,5 мільёна грамадзянаў Расеі. Аднак антытурэцкія настроі прывялі да таго, што расейскія ўлады афіцыйна забаранілі продаж тураў на турэцкія курорты з прычыны «высокага ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы і небясьпекі для жыцьця суайчыньнікаў». Ганна кажа, што туркі хоць і засмучаныя стратай кліентуры, але разам з тым ня супраць крыху адпачыць ад шумных гасьцей:
«Наконт будучыні курортаў кшталту Антальі, Аланьі, Кемера, Мармарыса ніхто нават не сумняецца: турыстычная індустрыя пацерпіць, асабліва летам, у сэзон. Таму што гэтыя гарады працавалі ў пераважнай большасьці для расейцаў. Калі я цікавілася ў мясцовых пра гэтыя гарады, яны адразу махалі рукамі — маўляў, гэта толькі для расейцаў, а туркі, маўляў, туды адпачываць нават ня езьдзяць, спакой даражэйшы. А цяпер, натуральна, ніхто іх асабліва і не заменіць, бо ў эўрапейскіх турыстаў адрасы крыху іншыя».
Турэцкае кіраўніцтва заяўляе, што Турэччына — «мішэнь нумар адзін» для ўсіх тэрарыстычных груповак, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Пры гэтым улады запэўніваюць, што будуць намагацца спыняць небясьпеку ў зародку, хоць 100-працэнтных гарантыяў бясьпекі ня можа даць ніхто.
Нягледзячы на пагрозу тэрактаў, вуліцы 15-мільённага Стамбула запоўненыя замежнымі турыстамі. Ганна расказвае, што горад-вартавы на мяжы Эўропы і Азіі стабільна прываблівае аматараў старажытнасьці з усіх куткоў сьвету. Калі наведваеш мячэт Султанахмет, сабор Сьвятой Сафіі, вежу Галата ці пераплываеш Басфор, заўсёды фонам будзе моўнае шматгалосьсе:
«Турысты вельмі стракатыя і іх лёгка ідэнтыфікаваць — па тыпе адзеньня, па зьнешнасьці. Асабіста я бачу турыста ўжо па твары, асабліва калі ён з Заходняй Эўропы. Тым больш на Істыкляль, самай інтэрнацыянальнай вуліцы, бадай, ва ўсёй Турэччыне. Там, відаць, турыстаў больш, чым саміх туркаў. Шмат італьянцаў, гішпанцаў, як заўсёды — немцаў. Раз-пораз чуваць расейская гаворка, хоць не магу сьцьвярджаць, што гэта расейцы, могуць быць беларусы ці ўкраінцы. Дарэчы, надоечы пайшла ў музэй і пачула там беларускую мову. На жаль, не было часу пазнаёміцца. Магу сказаць, што ў турыстычных месцах заўжды шмат замежнікаў, нягледзячы на патэнцыйную рызыку. Зь іншага боку, няма такога тыпу турыстаў, якія б хадзілі з камэрай і фатаграфавалі ўсё без разбору. Таму на першым часе адчувала сябе крыху дзіўна, калі дастаеш фотаапарат, каб зьняць на звычайнай вуліцы. Апроч архітэктурных славутасьцяў, навакольны антураж у іншаземцаў асаблівага інтарэсу не выклікае».
За сваю працяглую і насычаную гісторыю Стамбул пад рознымі назвамі быў сталіцаю Рымскай, Бізантыйскай, Асманскай імпэрыяў. Сёньня тут жыве кожны пяты жыхар Турэччыны. Нягледзячы на абмежавальныя захады, горад пастаянна разрастаецца, выцягнуўшыся на паўтараста кілямэтраў у даўжыню і на паўсотні — у шырыню. Забясьпечыць поўны кантроль над такой тэрыторыяй — задача надзвычай складаная. Што турэцкія ўлады, да іх гонару, не саромеюцца прызнаваць.