Мінздароўя пераклала сайт на «беларускую з Google Translate»

Беларускае Міністэрства аховы здароўя прадставіла новую вэрсію свайго сайту. Адрас застаўся расейскамоўны — minzdrav.by. Але мова сайту па змаўчаньні беларуская (ёсьць таксама вэрсіі на расейскай і ангельскай).

На ранейшым сайце minzdrav.gov.by беларускай мовы не было, толькі расейская і ангельская.

У беларускай вэрсіі, адзначае «Эўрарадыё», ёсьць прыкметы машыннага перакладу з расейскай, уласьцівыя праграме Google Translate (напрыклад: «алкагольнае ап’яненне самы часты, які спрыяе адмарожванню, фактар»).

Ангельская вэрсія перакладзеная ня цалкам, некаторыя разьдзелы прапануюцца па-расейску. На сайце выкарыстоўваюцца здымкі зь іншых сайтаў, у тым ліку замежных, але без пазначэньня аўтарства.

Кожнае з 24 беларускіх міністэрстваў мае ўласны сайт, таксама як кожны з 7 дзяржаўных камітэтаў. Зь іх маюць беларускую вэрсію 15 міністэрстваў і 4 дзяржаўныя камітэты.

Ня маюць беларускай вэрсіі сайты міністэрстваў архітэктуры, гандлю, інфармацыі, надзвычайных сытуацый, падаткаў, працы, прыроды, сельскай гаспадаркі і транспарту, а таксама вайскова-прамысловы камітэт, камітэт дзяржаўнай маёмасьці, камітэт навукі і тэхналёгій і камітэт стандартызацыі.

Па змаўчаньні беларуская мова ўсталяваная таксама на сайтах Міністэрства культуры і Міністэрства юстыцыі.

На момант публікацыі сайты Міністэрства сельскай гаспадаркі і Міністэрства гандлю, а таксама Дзяржстандарту не працавалі, сайт КДБ працаваў зь перабоямі.

Мінантыманапрэгіг! Тэст пра беларускія міністэрствы