Беларусь на «няправільных» мапах сьвету

На расейскіх мапах Беларусь працягваюць называць "Белоруссией". Фота СТВ

Нягледзячы на шматлікія лічбавыя тэхналёгіі, дагэтуль можна сустрэць памылкі на геаграфічных мапах, як у электронным так і друкаваным фармаце.
Бывае, памылкі выпадковыя — празь нядбайнасьць стваральніка ці памылку машыны. А часам — «няправільныя» мапы ствараюцца мэтанакіравана. На шматлікіх расейскіх мапах і глёбусах дагэтуль сустрэнеш «Белоруссию» замест Беларусі.


Як Беларусь стала Літвой

Па фэйсбуку гуляе мапа Эўразьвязу, на якой няма Беларусі. Першымі яе заўважылі літоўцы. На гэтай мапе Літвой падпісана сучасная Беларусь, а сама Літва разам з Калінінградзкай вобласьцю адышла Расеі. Ананімны карыстальнік сьцьвярджае, што знайшоў гэтую мапу ў амэрыканскім падручніку.

«Опа! Вось вам і падарунак ад амэрыканцаў! Пазбавілі нас выхаду да мора, затое ўзамен павялічылі тэрыторыю! А дзе беларусы?» — камэнтуюць літоўцы ў сацыяльных сетках.

Беларусь на мапе падпісаная Літвой



Паводле сацыялягічных апытаньняў, Беларусь зь Літвой блытаюць больш за 20% палякаў.

Відавочна, мапа створаная пасьля 2004 году, але крыніцу яе вызначыць не ўдалося.


Як Польшча стала Беларусьсю


У 2012 годзе картографы перанесьлі Польшчу ў Беларусь. Відаць Галяндскія распрацоўнікі не змаглі знайсьці на мапе Польшчу і пераблыталі яе зь Беларусьсю. Прынамсі, на рэклямных плякатах перад эўрапейскім першынствам па футболе менавіта Рэспубліка Беларусь афарбаваная ў колеры польскага сьцяга і пазначаная як суарганізатар Эўра-2012.

Акрамя таго, «з падачы» галяндцаў Беларусь «узбагацілася» такімі гарадамі, як Варшава, Гданьск, Вроцлаў і Познань.



Беларусь як прыбалтыйская краіна


У 2010 годзе часопіс Ecomomist вырашыў пафантазіраваць з мапай Эўропы. «Эўропа як яна павінна выглядаць» — называецца праект.

«Людзі, якія стаміліся ад сваіх суседзяў, могуць пераехаць у іншае месца, у той час жа краіны ня могуць. Але дапусьцім, што могуць. Дык пераробім жа мапу Эўропы, каб зрабіць жыцьцё больш лягічны і добразычлівым», — піша Economist.

«Правільная» мапа Эўропы па вэрсіі часопіса Economist


Паводле журналістаў, Беларусь заслужыла выхад да мора і павінна быць бліжэй да скандынаўскіх краінаў, заняць месца цяперашняй Літвы, Латвіі й Эстоніі. А гэтыя тры краіны трэба перанакіраваць у «новае больш адпаведнае месца», дзесьці каля Ірляндыі. «Краіны Балтыі самі хацелі б быць далей ад Расеі і бліжэй да Амэрыкі» — піша Economist.

Стваральнікі мапы прапануюць перасунуць трошкі Калінінград у бок Расеі, каб пакончыць з «анамальнай роляй эксклаву Другой сусьветнай вайны»

На месца Беларусі стваральнікі мапы пасунуць Польшчу і Ўкраіну, такім чынам Бэрлін апынецца ўсяго за 100 кілямэтраў ад Украіны, што паспрыяе яе хутчэйша эўраінтэграцыі.


Замест Расеі — акіян


Далей за ўсіх у перайначваньні мапаў пайшлі грузіны.

Год таму ў грузінскай суполцы ў фэйсбуку зьявілся мапа Ўсходняй Эўропы, на якой няма Расеі. Так-так, яе проста затапіла. На месцы Расеі — вялікі акіян, які стваральнік падпісаў «акіян мараў». Дзякуючы гэтай невялікай маніпуляцыі, Беларусь атрымала выхад да мора, а грузіны — пазбыліся ціску з боку «вялікага брата».



БНР на сучасных мапах


Vanjaz прапануе пафантазіраваць, як выглядала б Усходняя Эўропа, калі б Беларуская Народная Рэспубліка адбылася б як дзяржава. Зьвярніце ўвагу: у складзе Беларусі — Дзьвінск (цяпер — Латвія), Вільня (цяпер — Літва), Беласток (цяпер — Польшча), Кёнігсбэрг (па выніках Другой сусьветнай вайны Беларусь як адна з найбольш пацярпелых ад гітлераўскай Германіі дзяржаваў магла атрымаць гэтую вобласьць, паводле аўтара мапы), а таксама — Бранск і Смаленск (цяпер — Расея).