Бязьвізавы Ізраіль набліжаецца

Законная магчымасьць грамадзянам Беларусі езьдзіць у Ізраіль без уязной візы, гэтаксама, як і ізраільцянам — у Беларусь, набліжаецца. Законапраект аб ратыфікацыі пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Ізраіля пра адмену ўязных візаў для грамадзянаў абедзьвюх краінаў мяркуюць ратыфікаваць у Палаце прадстаўнікоў 11 сьнежня на бліжэйшым пленарным паседжаньні.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў сябра міжнароднай камісіі Палаты Міхаіл Савановіч, адказны ў камісіі за праходжаньне гэтага дакумэнту:

«З нашага боку праблемаў няма. Канечне, я не магу на 100% гарантаваць, як прагаласуюць мае калегі, але ўпэўнены, што ўсё будзе добра».

У Ізраілі пагадненьне павінна разглядацца парлямэнтам (кнэсэтам) і на паседжаньні ўраду. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык пасьля сёньняшняй размовы зь беларускім амбасадарам у Ізраілі Ўладзімерам Скварцовым паведаміў Свабодзе:

«Нягледзячы на апошнія падзеі ў Ізраілі (на 17 сакавіка 2015 году там прызначаныя датэрміновыя парлямэнцкія выбары), адпаведная праца ў кнэсэце працягваецца. Спадзяёмся, што, мабыць, на гэтым тыдні ў нас будуць пазытыўныя навіны прамежкавага характару. А канчатковае рашэньне будзе афармляцца не на гэтым тыдні, а пазьней на ўзроўні ўраду і парлямэнту».

Мёртвае мора ў Ізраілі

Аднак ратыфікацыя пагадненьня абодвума бакамі не азначае, што яно адразу ўступіць у сілу. На адпаведныя дыпляматычныя працэдуры даецца 90 дзён. Найбольш верагодная дата першых паездак бязь візаў — сакавік-красавік 2015 году. На гэта спадзяецца і амбасадар Скварцоў, які ў інтэрвію ізраільскім журналістам нядаўна сказаў:

«Вельмі спадзяюся, што пагадненьне пачне дзейнічаць яшчэ да велікодных канікулаў».

Дакладная дата ўступленьня ў сілу пагадненьня будзе агучана дадаткова па ўзгадненьні бакоў. Новае пагадненьне дазваляе грамадзянам абедзьвюх краінаў знаходзіцца на тэрыторыі Ізраілю або Беларусі адпаведна, тэрмінам да 90 дзён за паўгоду без афармленьня візы.

Візавы рэжым скасоўваецца паводле той жа схемы, паводле якой Ізраіль адмяніў візы з Расеяй і Ўкраінай. Грамадзяне Расеі яшчэ зь верасьня 2008 году, а Ўкраіны — зь лютага 2011 году карыстаюцца бязьвізавым рэжымам.