Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны забараніла запраўляць самалёты авіяцыйным палівам маркі JET A-1 вытворчасьці беларускага прадпрыемства «Нафтан» (Наваполацкі НПЗ).
«Мы накіравалі такую тэлеграму кіраўнікам аэрапортаў яшчэ 4 кастрычніка. Але сама тэлеграма ня мае пэўнага тэрміну дзеяньня», — сказала Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай авіяслужбы Ўкраіны Ірына Кустоўская.
Як стала вядома Свабодзе, такія абмежаваньні рэкамэндаваныя кіраўнікам украінскіх аэрапортаў у сувязі з адсутнасьцю дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць гэтага паліва патрабаваньням тэхнічных умоў і ўзгадненьне ягонага прымяненьня з распрацоўшчыкамі авіяцыйнай тэхнікі.
У той жа час у Кіеўскім міжнародным аэрапорце «Барыспаль», які выкарыстоўвае беларускае паліва, адмовіліся камэнтаваць рэкамэндацыю Дзяржаўнай авіяслужбы, а таксама паведаміць, ці перасталі запраўляць самалёты беларускім палівам.
Амаль у 10 разоў павялічыўся памер акцызу, які мусілі сплачваць пастаўшчыкі беларускіх нафтапрадуктаў. Гэта прывяло да неканкурэнтаздольнасьці беларускага паліва на ўкраінскім рынку
Беларусь напрыканцы мінулага году аднавіла пастаўкі ва Ўкраіну авіяпаліва, якія былі спыненыя ў сьнежні 2015 году ў сувязі са зьменамі ў нацыянальным заканадаўстве клясыфікацыі адпаведнага віду паліва. З гэтай прычыны амаль у 10 разоў павялічыўся памер акцызу, які мусілі сплачваць пастаўшчыкі беларускіх нафтапрадуктаў. А гэта, у сваю чаргу, прывяло да неканкурэнтаздольнасьці беларускага паліва на ўкраінскім рынку.
У 2015 годзе Беларусь паставіла на ўкраінскі рынак 96,2 тысячы тон рэактыўнага паліва, у 2016 — толькі 1,1 тысячы, а за восем месяцаў 2017 году — 10,6 тысячы тон пры агульным аб’ёме рынку Ўкраіны 323,1 тысячы тон. Доля беларускага авіяпаліва на ўкраінскім рынку дасягае 5,2 працэнта.