Абыходзімся бяз цара: як па-беларуску „при царе Горохе“ і „без царя в голове“

Марш на гадавіну забойства Барыса Нямцова. Масква, 27 лютага 2016 г.

У беларускай мове расейскім выразам „с царём“ і „без царя в голове“, „при царе Горохе“, „царские слёзы“, „царь и бог“ адпавядаюць фразэалягізмы бяз слова „цар“. Бо ў нас цароў не было. Бонус: Кароткі царска-беларускі слоўнічак.

У беларускай мове расейскім выразам „с царём“ і „без царя в голове“, „при царе Горохе“, „царские слёзы“, „царь и бог“ адпавядаюць фразэалягізмы бяз слова „цар“. Бо ў нас цароў не было. Бонус: Кароткі царска-беларускі слоўнічак.​

Доўгі час на вуліцы Багдановіча ў Менску праяжджаў міма гастраному пад напышлівай назвай „Царское угощение“ і адпаведным чырвона-залатым аздабленьнем. Міжволі прыходзілі ў галаву терема, балалайки, расстегаи ды кулебяки.

Ці разьлічаная такая назва на беларускае ўспрыманьне? Наколькі слова і паняцьце цар укарэненае ў беларускую мову і беларускі мэнталітэт?

Жахлівы ўсходні цар

У Масковіі манархічны тытул царь першы прыбраў сабе Іван Жахлівы ў 1547 годзе. А датуль у расейскай мове слова царь абазначала наагул валадара, у прыватнасьці ардынскага хана.

Слова царь прыйшло з стараславянскай (г. зн. старабаўгарскай / старамакедонскай) мовы, дзе яно ад лацінізму цҍсарь (caesar). З стараславянскіх перакладаў Бібліі слова пераймалі і беларусы, але ў біблійных і гістарычных значэньнях, не зьвязаных з нашай уласнай дзяржаўнай традыцыяй: Цар нябесны. Цар Ірад. У Скарыны: Тагда вышаў есьць Цар Садомскі ва стрэценьне Аўраму...

Ільля Рэпін. Іван Жахлівы й сын яго Іван 16 лістапада 1581 году. Фрагмэнт

Сваім манархам цар у нас ніколі ня быў. Пачынаючы з Жахлівага, слова гэтае асацыявалася ў нашых продкаў з агрэсіўным усходнім суседам. Цар упершыню займеў уладу над беларусамі толькі ў выніку расейскай акупацыі і анэксіі ў канцы XVIII ст.

Кароль Гарох vs дзед-швэд

У расейскай мове фразэалягізмаў з словам царь і вытворнымі нямала, іх ня выкаранілі нават бальшавікі. У значэньні ‘вельмі даўно’ ў розных народаў бытуюць выразы пра выдуманых манархаў са сьмешнымі імёнамі. У расейскай — при царе Горохе (ёсьць фразэалягізмы і пра царя Косаря, царя Копыла, але ўсе цари).

У беларускай мове маем наўпроставы адпаведнік за каралём Гарохам (...як людзей было троху). (Зьвернем увагу на беларускую формулу „за кім, чым“ у значэньні часу, пары)

Варыянт „за царом Гарохам“, відаць, узьнік пазьней, ужо ў эпоху маскоўскай улады, што пацьвярджаецца яго „капеечным“ працягам: „Пры цары Гароху, як людзей было троху і як былі драўляныя рублі і жалезныя капейкі“.

​Але часьцей „царю Гороху“ адпавядае выраз за дзедам швэдам, алюзія да найдаўнейшай памятнай некалі гістарычнай падзеі, а менавіта швэдзкага „патопу“ (параўн.: швэдзкімі магіламі называюць курганы, папраўдзе значна старэйшыя за швэдзкую вайну).

Цара перакладаем каралём

Для свайго манарха найвышэйшай ступені маем сваю назву. Кароль — даўняе агульнаславянскае пазычаньне, хутчэй за ўсё, ад імя Карла Вялікага, манарха франкаў ІХ стагодзьдзя.

Балет „Вітаўт“. Менск, 4 верасьня 2013 г.

У 1253 годзе тытул караля афіцыйна ўзяў у Наваградку Мяндоўг. Каралём меў стаць Вітаўт, але каранацыю сарвалі. А з 1569 і ажно да 1795 году кароль і вялікі князь сталі складовымі часткамі аднаго тытулу — першы яго насіў Жыгімонт Аўгуст. То маем даўжэзную каралеўскую гісторыю.

У нас каралёў пачалі выбіраць, людзі ставіліся да іх без маскоўскага абагаўленьня, функцыянальна, па-свойску, і разьбіраліся з рэпутацыяй манархаў безь вялікіх цырымоніяў:

За караля Саса было хлеба й мяса, а прыйшоў Панятоўскі, стаў хлеб не такоўскі.

Гэта пра караля Аўгуста ІІІ Саксонскага і пра апошняга караля Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага (зрэшты, як паказала гісторыя, хваліць абодвух не выпадала). У Беларусі такі твор у жанры нацыянальнай опэры, як у Расеі „Жизнь за Царя“, проста ня мог зьявіцца.

У беларускай мове XV–XVI ст. каралямі называлі эўрапейскіх манархаў: дуньскі (г. зн. дáнскі) кароль, вугорскі кароль. Ужывалася слова ў мастацкіх творах, як у перакладзе „Троі“: шляхотны Палямідэс, сын караля Наўля, ... прыплынуў.

Слова цар, акрамя біблійных аповедаў (Пталамей, цар Егіпецкі), было зарэзэрваванае менавіта за ўсходнімі манархамі:

цар Маскоўскі; Цар Турэцкі пасядае зямлю Сьцяпана, ваяводы Валоскага (1486); чар Ачгірэй (1486); Мінглі-Ґірэй цар Перакопскі (1510); цар Батый, цар Індыйскі, Філіп цар Македонскі.

Але паступова слова кароль замяніла стараславянскага цара і ў біблійных, і ў іншых кантэкстах.

Васіль Цяпінскі, пераклад Эвангельля з кніжнаславянскай на беларускую (каля 1580): печѧленъ бысть царь — фрасовнымъ былъ король. Гісторык мовы Аркадзь Жураўскі ставіць адпаведнасьць царь — король у Цяпінскага ў шэраг з такімі ягонымі перакладамі кніжнаславянізмаў на беларускую мову, як часъ — година, глаголати — мовити, спасти — збавити, врачь — лекаръ, адъ — пекло, свещница — лихтаръ, советъ — рада, верыга — ланцугъ, вопль — крикъ, луна — месецъ, распутие — ростани, сапогъ — ботъ, страна — краина, сокровище — скарбъ...

Цар vs Кароль Нябесны

А. Жураўскі заўважае, што калі ўва ўкраінскім Перасопніцкім эвангельлі (1556–1561) ужываецца выраз царство небесное, то Цяпінскі ў беларускім перакладзе піша королевъство небесное.

Але пазьней, у выніку выцясьненьня жывой беларускай мовы з багаслужбы розных канфэсіяў і вяртаньня ў праваслаўе царкоўнаславяншчыны, усходняя традыцыя кораню цар- (царства нябеснае) і заходняя перавага слова кароль і вытворных (каралеўства нябеснае) у рэлігійных тэкстах па-беларуску пачалі канфэсійна проціпастаўляцца. Да таго ж тэрміны кароль і цар у сьвецкім значэньні наўпрост зьвязаныя зь беларускай гісторыяй і палітычна афарбаваныя.

Відаць, дбалі пра кансалідацыю беларусаў-хрысьціянаў незалежна ад канфэсіі аўтары перакладаў Бібліі ды іншых тэкстаў у ХХ стагодзьдзі, якія прапаноўвалі іншыя тэрміны. Ян Станкевіч прадказальна ўводзіў выраз гаспадарства нябёснае, які не прыжыўся. А каталік Пётра Татарыновіч і праваслаўны, брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч зьвярнуліся да аднаго і таго ж слова ў двух фанэтычных варыянтах — адпаведна валадарства і ўладарства нябеснае.

Мо менавіта ўласнабеларускія словы валадар, валадарства, не зьвязаныя зь зямной палітыкай, паступова стануць асноўнымі ў беларускай хрысьціянскай лексыцы.

Цар каралюе?

За амаль паўтара стагодзьдзя ўлады гарадавых маскоўскі цар пранік-такі ў беларускі фальклёр і фразэалёгію, калі-нікалі проста замяняючы ў іх караля. У запісах XIX ст. можна сустрэць такія нелягічныя спалучэньні:

Прыехаў кароль у сваё царства з жаною і сталі жыць умесьця.

(казка „Слуга стаў каралём“, Weryho W. Podania białoruskie. Lwów, 1889)

Нават у Дуніна-Марцінкевіча знаходзім аксюмаран:

У вялікам царстве, гдзе Літоўска ніва,
Вольгердавы сыны княжылі шчасьліва.

(паэма „Купала“)

Wincuk Marcinkiewicz. Ščeroŭskije dažynki ; Kupałła : apowieści / Wydańnie druhoje. — Pieciarburh: Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce, 1910.

Відаць, тады ж замацавалася слова цар у назвах абрадаў („Калядныя Цары“ ў м. Семежаве) і народных драмаў („Цар Максымілян“), у найменьнях накшталт Цар-дуб. Максім Багдановіч, натхніўшыся запісамі свайго бацькі этнографа Адама Багдановіча, піша міталягічныя вершы пра „Зьмяінага Цара“. Але вобраз гэты мае іншае найменьне — Вужыны Кароль, магчыма, больш старажытнае (і больш дакладнае, бо ідзецца акурат пра вужоў).

Тым ня менш славуты лексыкограф Іван Насовіч кажа нам, што ў звычайнай народнай лексыцы XIX ст. па-ранейшаму добра пачуваўся кароль.

Караляваць — ‘жить в раздолье и роскоши’: Ён каралюець, а мы гаруем. Табе тут каралеўства, а не жыцьцё.

Каралёўна — прыгажуня: Ня дзеўка, а каралёўна, хоць куды.

З каралём зьвязаныя нават народныя анатамічныя тэрміны. Каралёў нос — ‘коленный сустав убитого животного’: Адсячы мне каралёў нос.

Што да ўтварэньняў ад кораню цар, то ў Насовіча варты ўвагі хіба што цары́к у значэньні ‘валадар лясных жывёлаў ці птушак’: Леў цары́к над зьвярмі, а арол над птахамі.

У беларускіх гаворках, дарэчы, слова цар можа зьмяняцца інакш, чым у расейскай мове: цар, цáра, цáру, цáрам.

Нашто нам цар у галаве?

Расейскаму выразу и царь и бог и воинский начальник (часам скарочана кажуць и царь и бог) адпавядае беларускі фразэалягізм пан і валадар. Караткевіч у „Чорным замку Альшанскім“ укладае гэтую ацэнку ў вусны галоўнага героя, які асуджае непаважлівае стаўленьне Зеляпушчанка да Вячоркавай:

— А я сабе сяджу ды думаю: „Вось гэта сапраўды мужчынскія адносіны да жанчыны. Ня хто-небудзь. Пан і валадар“.

Царские слёзы ў расейскай мове — ня што іншае, як гарэлка. У вобразную матывацыю фразэалягізму заглыбляцца ня буду, скажу толькі, што расейскае паходжаньне выразу выдатна адчуваў Якуб Колас. Раман „У палескай глушы“, ёмісты вобраз пісара:

У канцылярыі, у шафе сярод „гражданских и уголовных дел“, стаяла бутэлька з „царскімі сьлязьмі“, як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласьці.

У нас жартоўная народная назва таго пітва з лаціны, з аптэкарскіх рэцэптаў — акавіта, што значыць ‘жывая вада’, але таксама і божая сьляза, малако ад шалёнай каровы, чортава зельле.

Важны для аналізу ўплыву гісторыі да палітычнага ладу на нацыянальны мэнталітэт расейскі выраз без царя в голове. Так расейцы кажуць пра чалавека недалёкага, абмежаванага розуму. Г. зн. там лічылася, што адэкватнаму чалавеку мазгі правіць царь. У беларускай народнай мове багатая палітра выразаў безь ніякага цáра:

без галавы, бяз клёпкі ў галаве, галава (і) два вухі, галава садовая, галава яловая, дубовая галава, конь божы, курыная галава, куст альховы, медны лоб, мех з саломай, пень асінавы, пустая галава, клёку нестаé

(паводле „Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы“ І. Лепешава).

Вельмі вобразны і параўнальна далікатны выраз матылі ў галаве. У Купалы Адольф выхваляецца перад Паўлінкай уяўным багацьцем, але скардзіцца, што ягоных шматлікіх авечак кусаюць матыліцы. Паўлінка кажа пра пустагаловасьць Адольфа:

Паўлінка (ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцам на сваю галаву) матылі мае...

Спэктакль у Купалаўскім тэатры. Афіцыйнае фота

Адваротны расейскі выраз с царём в голове (пранік у беларускую літаратуру, але клясыкі яго не ўжывалі) таксама перадаецца па-беларуску без мабілізацыі цара: нехта з галавой, сьветлая галава, у цемя ня біты, мае галаву (на плячах).

Памяць пра каралёў у мове зямлі

Беларускі тапанімічны ляндшафт поўны ўтварэньняў ад каралёў.

Каралёў Стан, Каралёва Слабада, Каралеўскія, Каралеўшчына/Крулеўшчына дакладна зьвязаныя з каралеўскімі заканадаўчымі актамі або біяграфіяй пэўнага караля. Што да назваў Каралі, Каралеўцы, Каралёва/Каралева, Каралёўка, Каралевічы, Каралішчавічы, то трэба разьбірацца, паходзяць яны ад манаршага чыну ці ад імя Кароль/Караль (яно ад таго самага імпэратара Карла).

Караль Ян Гутэн-Чапскі. Рэльеф на муры заводзкага музэю „Аліварыі“. Скульптар Павал Вайніцкі

​Як і шматлікія айконімы накшталт Каралін, Караліны, Караліно, Каралінова, Каралюнцы.

У кожным разе для беларускае тапанімічнае мапы корань Карол-, Карал- звыклы. „Царскіх“ тапонімаў вобмаль. Гэта вёскі Цары (Смаргонскі р-н) і б. Цараўцы, Царова (Слуцкі р-н). У Расеі інакш, там каралеўскіх тапонімаў няма, затое да савецкіх перайменаваньняў былі Царское Село (цяп. Пушкин), Царицын (цяп. Волгоград), Царёв Курган (цяп. Курган), Царевококшайск (цяп. Йошкар-Ола), Белоцарск (цяп. Кызыл) ды інш. — гэта толькі гарады.

А ў навуцы —​ царызм

Выразы-штампы накшталт „пяхота — царыца палёў“ не вымагаюць даслоўнай перадачы па-беларуску. Але ў расейскай мове царь патрапіў усюды, нават у навуковую тэрміналёгію. Вось жа расейскае найменьне высокага таксанамічнага роўню ў біялёгіі — царство — па-беларуску перадаецца тэрмінам сьвет (жывёлаў, расьлінаў, грыбоў і г.д.). (Таксама подземное царство — падземны сьвет.)

Расейскія народныя і навуковыя назвы ў батаніцы „царскія“, а беларускія — не:

Царские кудри Lilium martagon L.— лялея гаёвая, палявая, кучаравістая, галубіныя звончыкі, кульчыкі, рэхлікі.

Lilium martagon L.— лялея гаёвая

Царские очи Saxifraga hirculus L.— каменяломнік балотны.

Мытник царский скипетр Pedicularis sceptrum carolinum L.— увярэднік вялізны

Царский скипетр Verbascum nigrum L.— дзіванна, панна-дзіванна.

А царская водка ў хіміі — зусім не гарэлка, а наймацнейшая мяшанка кіслотаў. Чаму расейцы яе назвалі водка — няведама. Па-беларуску лацінізм Aqua regia або пакідаем у арыгінале, або перакладаем даслоўна — каралеўская вада. Так яе назвалі альхімікі, бо распушчае каралеўскі мэтал — золата.

***

І нетэрміналягічныя расейскія словы з коранем цар- у беларускай адпавядаюць інакшым: царить — панаваць, царственная поступь — велічная хада.

У пачатку ХХ стагодзьдзя слова цар для ўдзельнікаў беларускага незалежніцкага руху адназначна атаесамлялася з чужой імпэрыяй (а для левых — яшчэ і з клясавым ворагам-эксплюататарам). Беларуская паэтка і дзяячка Аляіза Пашкевічанка (Цётка) пакінула нашчадкам гуманістычны запавет:

Чую яшчэ голас зь неба,
Што цара павесіць трэба!

(„Хрэст на свабоду“. 1905)

Улётка. Верш Цёткі „Хрэст на свабоду“

„Царское угощение“ зусім не абавязкова перакладаць як каралёў(-скі) пачастунак, пагатоў у нас шчадрэйшы мог быць пачастунак, скажам, радзівілаўскі. А краму на вуліцы Багдановіча, здаецца, купіла іншая сетка, назвы больш няма. І добра. Бо беларусы гістарычна лепш пачуваюцца бяз цáра ў галаве.

Кароткі царска-беларускі слоўнічак

без царя в голове — конь божы, клёку нестаé, матылі ў галаве

и царь и бог и воинский начальник — пан і валадар

при царе Горохе за дзедам швэдам

с царём в голове — мае галаву, у цемя ня біты

царить — панаваць

царская водка aqua regia, каралеўская вада

царские слёзы — малако ад шалёнай каровы

царственная поступь — велічная хада

царство животных — сьвет жывёлаў