Сакрэтны палігон ва Ўсходняй Нямеччыне, на якім Штазі ўдасканальвала Бэрлінскі мур

Аўтамабіль уяжджае ў бар'ер на сакрэтным палігоне ва Ўсходняй Нямеччыне, дзе выпрабоўвалі перашкоды для людзей, якія спрабавалі зьбегчы праз пункты пропуску ва Ўсходнім Бэрліне.

Гэтае фота з 1980 году захоўваецца ў нямецкім Архіве дакумэнтаў Штазі разам зь іншымі, якія паказваюць, на якія высілкі ішлі ўлады Ўсходняй Нямеччыны, каб спыніць тых, хто спрабаваў уцячы з краіны, нават калі іх трэба было для гэтага забіць.

Наступствы выпрабаваньня бар'ера на сакрэтным палігоне ва Ўсходняй Нямеччыне.

Доктар Гэргард Зэльтэр, кіраўнік дасьледаваньняў фонду «Бэрлінскі мур», расказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што гэтыя фота былі зробленыя на палігоне ва Ўсходняй Нямеччыне, месцазнаходжаньне якога дагэтуль застаецца сакрэтам. «Мы маем файлы з фэдэральных архіваў, дзе згадваюцца [гэтыя палігоны], але мы ня ведаем пра іх больш нічога», — сказаў ён.
 

Пара глядзіць цераз мур на Ўсходні Бэрлін у красавіку 1983 году.  

Зальтэр кажа, што выпрабаваньне бар'ераў супраць аўтамабіляў было толькі часткай маштабных дасьледаваньняў, скіраваных на тое, каб утрымаць людзей у паліцэйскай дзяржаве. Ён кажа, што сама канструкцыя Бэрлінскага муру выпрабоўвалася, «каб супрацьстаяць атакам аўтамабілямі, выбухоўкай, а таксама яна мусіла вытрымаць прыродныя зьявы — каб яе, напрыклад, не размыла вадой падчас моцных залеваў».

Грузавік уразаецца ў бар'ер на сакрэтным палігоне. 

Гаральд Егэр, былы падпалкоўнік Штазі, расказаў нямецкім журналістам у 2010 годзе: «Штораз, калі мяжу пераадольваў нейкі ўцякач, такое здарэньне аналізавалі. Таму Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі стварала працоўныя групы, каб тэхналягічна паляпшаць канструкцыі, якія пасьля выпрабоўвалі».

Гэта адна са шматлікіх канструкцый, якія разьмяшчалі каля Бэрлінскага муру ад сярэдзіны 1960-х гадоў, каб прабіваць абутак людзей, якія спрабавалі ўцячы з Усходняй Нямеччыны. Гэты кавалак «сталінскага газону» захоўваецца ў музэі фонду «Бэрлінскі мур». 

Уладам Усходняй Нямеччыны даводзілася ўвесь час змагацца, каб спыніць уцёкі людзей з «рэальнага сацыялізму», бо тыя прыдумлялі ўсё новыя спосабы зьбегчы на свабоду. 

Гэты грузавік у лютым 1989 году ўехаў у канструкцыю, якая была часткай Бэрлінскага муру. Трое жыхароў Усходняй Нямеччыны ў гідракасьцюмах выскачылі з грузавіка і скокнулі ў раку Шпрэе. Двое зь іх пасьпяхова даплылі да Заходняга Бэрліну, а трэцяга дагнала патрульная лодка памежнай службы НДР і ён трапіў у турму. 

Машына едзе на шыпы падчас выпрабаваньняў на сакрэтным палігоне Штазі ў 1980 годзе.









 

Фота з архіваў Штазі, як мяркуецца, паказвае няўдалую спробу прарвацца праз памежны пераход з Усходняй Нямеччыны ў 1982 годзе. 

Тысячы людзей здолелі вырвацца на свабоду з Усходняга Бэрліну, але сама меней 140 чалавек загінулі падчас такіх спробаў у пэрыяд з 1961-га да 1989 году.

Сваякі Крыса Гефроя, у тым ліку ягоная маці Карын (сьпераду справа), на ягоным пахаваньні ва Ўсходнім Бэрліне.

Гефрой быў апошнім, каго застрэлілі падчас спробы ўцячы з Усходняга Бэрліна, пасьля таго як ён забраўся на Бэрлінскі мур ў лютым 1989 году. Бэрлінскі мур быў разбураны, фактычна спыніўшы існаваньне камуністычнага рэжыму ва Ўсходняй Нямеччыне, 9 лістапада 1989 году. 

Фота зь нямецкага архіву паказваюць, як выпрабоўвалі бар’еры, якія павінны былі не дазволіць грамадзянам Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі ўцячы ў Заходні Бэрлін — нават калі для таго, каб перадухіліць уцёкі, людзей трэба было забіць.