Беларусь «затармазіла» будаўніцтва літоўскага консульства ў Горадні — не дае дазволу

©Shutterstock

Літва чакае ад Беларусі дазволу на будаўніцтва новага консульства ў Горадні, але з-за адсутнасьці дазволу перанакіравала сродкі ў Маскву, перадае Delfi.

«Пляны Літвы пабудаваць новы будынак генконсульства ў Горадні, у Рэспубліцы Беларусь, не мяняюцца, — паведаміла Міністэрства замежных справаў Літвы агенцтву BNS. — Спадзяемся, што ў бліжэйшы час завершыцца працэс узгадненьня тэхнічнага праекту новага генэральнага консульства ў Горадні, і будуць распачатыя падрадныя работы».

МЗС Літвы ўдакладняе, што будаўніцтва тармазіцца менавіта праз адсутнасьць дазволу зь беларускага боку. Цяпер урад Літвы перадаў 478 тысяч эўра, прадугледжаныя на гарадзенскае консульства, на рамонт амбасады ў Маскве.

Цяпер літоўскае консульства ў Горадні разьмяшчаецца ў жылым доме на вуліцы Горкага, 104, што на паўночнай ускраіне гораду. У Горадні таксама дзейнічае Генэральнае консульства Польшчы (вул. Будзёнага, 48а). Амбасада Літвы ў Менску месьціцца на Захарава, 68, у 1,5 км ад мэтро Плошча Перамогі.