Нехта ўпэўнены, што кніжны рынак ужо даўно памёр, а нехта актыўна дапамагае яму памерці рознага кшталту забаронамі ды бар’ерамі для незалежных выдавецтваў у Беларусі. Але ж нават сёньня, у часы, цяжкія для кнігавыданьня ва ўсім сьвеце, прабеларускія выдавецтвы ня толькі існуюць, але і актыўна разьвіваюцца. Пра тых, хто дапамагае пабачыць ды прачытаць друкаванае (альбо электроннае) беларускае слова, піша Вадзім Мажэйка.
Логвінаў
Самым вядомым у беларускім кнігавыдавецтве — асабліва пасьля нядаўняга велічэзнага ціску — з’яўляецца літаратурны дом «Логвінаў». За апошнія 15 год «Логвінаў» прайшоў шлях ад невялічкага альтэрнатыўнага выдавецтва да буйной літаратурнай пляцоўкі з аднайменнай кнігарняй у складзе незалежнай альтэрнатыўнай прасторы «Галерэя Ў».
Your browser doesn’t support HTML5
Кнігарня стала для менчукоў кропкай дотыку да альтэрнатыўнай культуры, беларускамоўнай літаратуры ды незалежных мастакоў. І нават як «кнігарня-Угарня» стала адным з герояў рамана Артура Клінава «Шклатара».
«Логвінаў» заняў нішу сучаснага беларускага выдавецтва і ў вачах замежнікаў. Менавіта ён прадстаўляе беларускую літаратуру на замежных кірмашах (Ляйпцыг, Франкфурт, Прага, Варшава ды інш.), часам — як частка ініцыятывы «Books from Belarus». Таксама «Логвінаў» актыўна супрацоўнічае з замежнымі культурнымі цэнтрамі, выдаючы замежную літаратуру па-беларуску. У 2014 годзе Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў уручыла кіраўніку выдавецтва Ігару Логвінаву сваю штогадовую прэмію за «за ўзорную мужнасьць у адстойваньні свабоды выказваньня і свабоды друку».
На жаль, ня дзіўна, што такая незалежніцкая беларусаарыентаваная актыўнасьць дагэтуль часам успрымаецца дзяржавай як костка ў горле. І гэтыя адчуваньні маюць наступствы: спачатку «Логвінаву» шмат разоў адмаўлялі ў выдачы ліцэнзіі на гандаль кнігамі, а потым аштрафавалі амаль на мільярд рублёў за гандаль бяз гэтай ліцэнзіі.
Your browser doesn’t support HTML5
Аднак судовы працэс над «Логвінавым» прывёў да адваротнага: замест прыкладу запалохваньня беларускае грамадзтва атрымала прыклад вялікай грамадзкай салідарнасьці. За два месяцы каля 1000 чалавек з 27 краін удзельнічалі ў зборы сродкаў для выплаты штрафу — як праз адмысловы сайт, так і наўпрост у кнігарні. Прайшло некалькі акцый салідарнасьці, у тым ліку дабрачынны мастацкі аўкцыён ды літаратурныя імпрэзы ў кнігарні са зборам сродкаў.
Спробы перашкодзіць працы «Логвінава» толькі мабілізавалі грамадзтва ды паказалі, як моцна беларусы зацікаўленыя ў незалежнай сучаснай беларускамоўнай кнізе.
Пяршак (мультылэйбл 34mag.net )
Сёньня, каб быць кнігавыдаўцом, неабавязкова патрэбныя друкарня ды фізычная крама. Шмат папулярнай літаратуры выходзіць наўпрост у электронным выглядзе, што ня толькі сучасна, але і дапамагае абыходзіць цэнзуру ды рознага кшталту бюракратычныя бар’еры. Трапіць да аўдыторыі такім шляхам беларускай культуры дапамагае мультылэйбл 34mag.net «Пяршак».
Пасьля забароны ў Беларусі першага рамана Віктара Марціновіча «Паранойя», яго наступныя кнігі выходзяць менавіта ў электронным выглядзе на «Пяршаку»: «Сьцюдзёны вырай», «Сфагнум», «Мова».
Таксама менавіта «Пяршак» стаў пляцоўкай для модных сярод моладзі кніжак «Рома едзе» Ромы Сьвечнікава, «Валацугі» Аляксея Талстова ды «Бывшие» Антона Кашлікава.
Зрэшты, «Пяршак» выдае ня толькі модныя кніжкі маладых пісьменьнікаў. На мультылэйбле прадстаўлена і першае афіцыйнае электроннае выданьне клясыка беларускай літаратуры — Васіля Быкава. Прычым, гэта ня проста збор вядомых тэкстаў у лічбавым фармаце, а пяць твораў народнага пісьменьніка, якія ніколі не выдаваліся пры яго жыцьці. Гэта аповесьць «Атака» і апавяданьне «Жалезны камандзір» (1960-я), ня так даўно знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара; аповесьць «Аўганец» і апавяданьне «Бутэльчына», створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі і пра сучаснасьць; незавершаная аповесьць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Дапамагалі 34mag.net удава Васіля Быкава, часопіс «Дзеяслоў» ды незалежны Саюз беларускіх пісьменьнікаў — на жаль, дзяржаўных інстытуцый у гэтым сьпісе няма.
Беларускі Кнігазбор
Гэтая ініцыятыва ўзьнікла яшчэ ў 1995 годзе, калі беларуская інтэлігенцыя (і перш за ўсё пісьменьнік Кастусь Цьвірка) была апантаная марай — выдаць у 200-х тамах найлепшыя творы беларускай літаратуры. Так быў створаны міжнародны фонд «Беларускі Кнігазбор», які цяпер пасьлядоўна выдае беларускія кнігі. Справа няпростая, але ж ініцыятары настроеныя рашуча і аптымістычна: «Распачаць такое маштабнае выданьне ў наш нялёгкі час, вядома ж, будзе вельмі цяжка. Тут патрэбны немалыя сродкі. Але мы, беларусы, думаецца, дарасьлі ўжо да таго, каб годна паказаць сябе перад сьветам».
Плян-каталёг «Беларускага кнігазбору» прадугледжвае выданьне кніг у трох падсэрыях: «Мастацкая літаратура», «Гістарычна-літаратурныя помнікі» і «Пераклады замежнай клясыкі». На сёньня сьпіс выдадзеных кніг унушальны: ад Яна Чачота да Генадзя Бураўкіна, ад зборніка старажытнай беларускай літаратуры XII-XVII стагодзьдзяў — да перакладаў на беларускую мову Ёгана Вольфганга Гётэ.
Галіяфы
Незалежнае менскае выдавецтва «Галіяфы» выдае з большага сучасную беларускую літаратуру. Сярод яго аўтараў — Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Алесь Аркуш, Валянцін Акудовіч ды іншыя. Ёсьць і асобная кніжная сэрыя зборнікаў пачаткоўцаў, дэбютантаў — яны належаць да літаратурнага аб’яднаньня «Вобла», якое існуе пры выдавецтве і імкнецца падтрымаць першыя крокі маладых аўтараў, дапамагчы раскрыць іх творчы патэнцыял.
У падтрымку выдавецкай дзейнасьці ў 2014 годзе на вуліцы Валгаградзкай у Менску адчынілася і аднайменная кнігарня, культурніцкая пляцоўка. На паліцах — кнігі «Галіяфаў» ды іншых незалежных беларускіх выдавецтваў, а таксама незалежнага расейскага выдавецкага праекту «Русский Гулливер»; над паліцамі можна пабачыць ды набыць карціны беларускіх мастакоў.
«Вялікіх канцэртаў тут ня зробіш, аднак для таго, каб пляцоўка жыла, патрэбны рух. Напрыклад, раз на месяц у нас будзе гістарычная майстэрня ад Мікалая Плавінскага... Наша мэта — прасоўваць беларускамоўную культуру», казаў Зьміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва.
На жаль, усё гэта праіснавала толькі пяць месяцаў. «Мы адкрывалі літкавярню, паставілі кававы апарат, заплянавалі імпрэзу, запрасілі гасьцей. А за некалькі дзён да прэзэнтацыі мы атрымалі паведамленьне аб тым, што ўласьнік будынку, дзе мы месьцімся, ня выканаў некаторыя патрабаваньні закону, і мы ня можам весьці гандаль. То бок, фактычна нам сказалі, што цягам двух тыдняў прыйдзецца закрыцца», адзначаў намесьнік дырэктара выдавецтва «Галіяфы» Аляксей Харужка.
Месца кнігарні перайшло майстэрні па рамонту кампутараў і іншай тэхнікі. Атрымоўваеца, у гэтай галіне нам разьвіцьцё і канкурэнцыя патрэбныя болей, чым сярод незалежных кнігарняў?
Зьміцер Колас
Зьміцер Колас — знаны перакладнік сусьветнае клясыкі на беларускую мову і выдавец.
Сярод выданьняў Зьмітра Коласа — шмат перакладаў на беларускую мову. Ад «Бэўвульфа», найбуйнейшага твору стараангельскай паэзіі, да папулярнай казачнай аповесьці швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карлсан-з-даху».
Побач — сур’ёзныя філязофскія творы Рэнэ Дэкарта («Развагі аб мэтадзе, як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках») і Імануэля Канта («Пралегомены да любой будучай метафізыкі, якая можа ўзьнікнуць як навука»); пераклады Германа Гесэ і Жана-Поля Сартра.
Выдае Колас і сучасныя творы. Напрыклад, фантастычны раман правакацыйнага францускага пісьменьніка Мішэля Ўэльбэка "Магчымасць выспы", дзе аўтар разважае пра прыроду каханьня ды сутнасьці чалавека.
Асобны кірунак працы Зьмітра Коласа — слоўнікі: ангельска-беларускі, польска-беларускі, нямецка-беларускі... Як адзначаў у сваёй прадмове Райнэр Лінднэр, старшыня Нямецка-беларускага таварыства і арганізатар вядомага Менскага форуму, «беларуская мова на працягу апошніх гадоў набыла большую папулярнасьць, і гэты слоўнік мусіць дапамагчы мацаваць беларуска-нямецкае ўзаемаразуменьне і кантакты».
Паводле Коласа, пераклады сусьветнай клясыкі дапамогуць вырашыць шмат якія праблемы беларускага грамадзтва: «Адкрываючы беларускі ўнівэрсытэт, пра што цяпер нярэдка гаворыцца, трэба паралельна перакладаць літаратуру... Пераклад — інструмэнт дабудовы нацыянальнай культуры».
Літаратура і Мастацтва («Выдавецкі дом «Звязда»)
Дзеля справядлівасьці трэба аддаць належнае і дзяржаўнай выдавецкай дзейнасьці.
Згодна зь сёньняшнімі тэндэнцыямі мэдыяхольдынгаў у 2012 годзе знакаміты «ЛіМ» разам з часопісамі «Полымем», «Маладосьцю», «Нёманам» ды іншымі аб’яднаныя ў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Выдавецкі дом «Звязда». Як адзначаецца на афіцыйным сайце, тут «у год выдаецца каля 100 кніг на беларускай і рускай мовах... Выдавецтва працуе на прынцыпах поўнай самаакупнасьці сваёй прадукцыі».
У партфэлі выдавецтва — вельмі розная літаратура. З аднаго боку — выданьні Людмілы Рублеўскай пра Вырвіча (доўгі сьпіс прэміі Гедройца-2015), расейскамоўная вэрсія раману Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» альбо анталёгія «Сяргей Грахоўскі: вядомы і невядомы», дзе ёсьць «творы, якія не ўключаліся ў ніводную зь ягоных прыжыцьцёвых кніг... артыкулы-успаміны пра трагічныя лёсы творцаў у 1930-я, пра асабіста перажытае паэтам у ГУЛАГАўскім пекле».
Зь іншага боку — скандальна вядомая кніга Мікалая Чаргінца «Таямніца авальнага кабінэту», з антыамэрыканскім настроем ды парнаграфічнымі сцэнамі.
Згодна з афіцыйнай анатацыяй, у кнізе «описывается „кухня“ высших эшелонов власти, раскрывается мэханизм принятия важнейших решений и противодействия внутренним политическим силам, ... любовные интриги в Белом доме.».
А вось блогер Яўген Ліпковіч палічыў за лепшае спаліць такую літаратуру, за што і быў пакараны судом.
«Публікуючы перакладныя творы з розных моў, выдавецтва спрыяе разьвіцьцю ў краіне добрай перакладчыцкай школы», лічаць у выдавецкім доме «Звязда».
І сапраўды сярод выданьняў можна знайсьці розныя беларускамоўныя пераклады: як рамана знакамітага польскага фантаста Станіслава Лема «Непераможны», гэтак і кітайскай паэзіі аж ад ІV стагодзьдзя да нашай эры «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая» (перакладчык — паэт Мікола Мятліцкі).
Вадзім Мажэйка для Радыё Свабода
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com