Аўтамабіль менчука Цімафея Дранчука спынілі на плошчы Перамогі 7 ліпеня. Уладальніка аштрафавалі за таніраванае задняе шкло, сам жа ён мяркуе, што прычынай затрыманьня стаў бел-чырвона-белы сьцяжок, які ён атрымаў у межах акцыі «Арт-сядзібы» #бчбмабіль.
Раней яго ўжо затрымлівалі з наўпроставым намёкам на сымболіку — тады таксама штрафавалі за таніроўку.
«Сёньня ўсё было без такіх прэтэнзіяў. Але было зразумела, што спынілі з-за сьцяжка, — кажа ён Свабодзе. — Я заўважыў машыну ДАІ за некалькі кілямэтраў да таго, як мяне спынілі, каля будынку КДБ. Ехала за мной, паўтарала мае манэўры. Я зразумеў, што на мяне зьвярнулі ўвагу і хацелі спыніць, але мо былі няўпэўненыя ў сваіх дзеяньнях, мабыць, кансультаваліся.
Мяне паспрабавалі спыніць перад колам на плошчы Перамогі, але ня так, як павінны, а апусьціўшы шкло вакна і сказаўшы мне словамі. Я сказаў, што ня чую, што так спыняць ён не павінен. Праехалі кола па плошчы Перамогі, у выніку ён уключыў мігалкі і спыніў, як павінен.
Да мяне ўжо падышлі з гатовым „дыягназам“, што ў мяне таніраванае шкло. Спрабаваў у яго высьветліць, як ён гэта вызначыў у руху на праспэкце ў нясонечнае надвор’е. Сваім адказам ён мне даў зразумець, што ўжо ведаў, за што спыняць.
Склалі пратакол за сапраўды існае парушэньне, дзьве базавыя велічыні штрафу. На заднім шкле ў мяне плёнка, якая адпавядае пра сьвятлопрапускальнасьці завадзкім парамэтрам. Але ў нас плёнка наогул забароненая, таму штрафаваць ён меў права. Думаю, за сьцяг яны ня могуць затрымаць, таму будуць шукаць нешта іншае, за што затрымліваць.
Сьцяжок прынцыпова здымаць ня буду. Але і ня маю магчымасьці пастаянна сутыкацца з такімі штрафамі. Калі такая сытуацыя паўторыцца яшчэ некалькі раз, буду шукаць законныя спосабы застацца і з таніроўкай, і са сьцягам».
ДАІ затрымлівала і іншыя «БЧБмабілі»: у таксоўшчыка Кулакова падчас разьбіральніцтва ў аддзяленьні міліцыі невядомыя скралі сьцяжкі з машыны, у актывіста Яўгена Батуры «БЧБмабіль» сканфіскавалі і вярнулі без усялякіх тлумачэньняў.